У Менску завочна судзяць былога афіцэра ГУБАЗіКу Станіслава Лупаносава

Станіслаў Лупаносаў, архіўнае фота

Справу разглядаюць у закрытым рэжыме. Гэта восьмы завочны судовы працэс у Беларусі за апошнія пяць месяцаў.

У Менскім гарадзкім судзе 7 красавіка распачынаецца завочны суд над Станіславам Лупаносавым. Працэс вядзе судзьдзя Алена Ананіч. Паводле раскладу на сайце Вярхоўнага суду, справу будуць разглядаць у закрытым рэжыме.

КДБ унёс Станіслава ў сьпіс асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці. У Сьледчага камітэта на расьсьледаваньне гэтай справы ў парадку «спэцыяльнага вядзеньня» пайшло два тыдні.

Станіслаў Лупаносаў — падпалкоўнік ГУБАЗІКу, падчас службы супрацоўнічаў з ByPol. У канцы 2020-га ён выехаў з Беларусі. Па яго словах, апошняй кропляй для яго стала гібель Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падпадзе пад «расстрэльны» артыкул пасьля зьменаў у Крымінальным кодэксе?

Экс-апэратыўнік ГУБАЗіКу Лупаносаў у сьнежні 2020 году выехаў ва Ўкраіну. У Беларусі ён абвешчаны ў вышук. 14 траўня 2022 году Станіслава Лупаносава ўнесьлі ў сьпіс асобаў, датычных да «тэрарызму».

Лупаносаву інкрымінуюць 3 артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 352 (неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй);
  • арт.356 (здрада дзяржаве);
  • арт. 426 (перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ініцыявалі спэцыяльнае вядзеньне супраць сапраўдных здраднікаў». Кіраўнік СК назваў прозьвішчы новых «завочных» абвінавачаных

Цяпер за кратамі знаходзіцца брат Станіслава Міхаіл Лупаносаў. Супрацоўнікі МУС затрымалі Міхаіла 17 жніўня 2021 году паводле ч. 1 арт. 427 КК (прычыненьне маёмаснай страты без прыкметаў крадзяжу), арт. 380 КК (падробка, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў). Інкрымінаваныя яму падзеі адбываліся яшчэ ў 2016 годзе.

Міхаіл Лупаносаў да затрыманьня быў дырэктарам будаўнічай фірмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын за бацьку, маці за сына, брат за брата. Як беларускі рэжым помсьціць сваякам сваіх апанэнтаў