Адміністрацыя прэзыдэнта Літвы пацьвердзіла, што Наўседа сапраўды ўступіў у кампартыю ў 1988 годзе. У ведамстве падкрэсьлілі, што ўказаньне такіх зьвестак у анкеце не зьяўляецца абавязковым. Сам Наўседа назваў сваё сяброўства ў кампартыі «памылкаю маладосьці».
Інфармацыю пра тое, што Наўседа быў у КПСС, апублікаваў у Фэйсбуку журналіст каналу Laisves TV Давідас Панцэравас. Ён прывёў архіўныя дакумэнты, у тым ліку асабістую справу і ўліковую картку будучага прэзыдэнта. Балятуючыся на прэзыдэнцкіх выбарах у 2019 годзе, Наўседа ня стаў адказваць у анкеце на пытаньні, якія тычыліся таго, ці быў ён раней у нейкіх партыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наўседа: Спробы шэрагу краін ЭЗ, якія ініцыююць зьмякчэньне санкцый супраць Беларусі, непрымальныяПанцэравас сьцьвярджае, што Наўседа раней казаў аб сваёй падтрымцы літоўскага руху за перабудову «Саюдзіс», які выступаў у канцы 1980-х за незалежнасьць Літвы і адмову ад гегемоніі КПСС. У той жа час, паказвае журналіст, прынамсі фармальна Наўседа быў тады «на іншым баку барыкад».
У прэс-службе прэзыдэнта Літвы пацьвердзілі, што зьвесткі аб сяброўстве Наўседы ў КПСС адпавядаюць рэчаіснасьці, аднак адзначылі, што кандыдат не абавязаны паведамляць іх у перадвыбарнай анкеце. Ведамства таксама заявіла, што Наўседа ня браў актыўнага ўдзелу ў дзейнасьці камуністычнай партыі, а яго сяброўства ў ёй насіла фармальны характар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ландсбергіс: Тады ўжылі ваенную сілу — пайшлі забіваць... Але людзі адстаялі права мець сваю РадзімуЛітоўскае інфармацыйнае агенцтва BNS прыводзіць камэнтар самога прэзыдэнта. Ён назваў уступленьне ў КПСС памылкай маладосьці. Па словах Наўседы, у 1988 годзе ён рабіў першыя крокі ў прафэсіі эканаміста і думаў, што статус чальца партыі дапаможа яму ў навуковай кар’еры. Аднак пасьля пачатку ў Літве руху нацыянальнага адраджэньня і заснаваньня арганізацыі «Саюдзіс» ён «усёй душой» падтрымаў іх, а ў дзейнасьці КПСС ня ўдзельнічаў.
«Саюдзіс» быў заснаваны ў 1988 годзе — тым жа годзе, калі Наўседа ўступіў у КПСС.
Літва аднавіла незалежнасьць, выйшаўшы са складу СССР, у 1990 годзе. Пераемніцай КПСС у ёй стала Камуністычная партыя Літвы. Дзейнасьць Кампартыі Літвы забароненая на тэрыторыі краіны з 1992 году. З 2008 году ў краіне дзейнічае забарона на публічную дэманстрацыю савецкай і нацысцкай сымболікі на масавых мерапрыемствах.