Чым адрозьніваецца ядзерная палітыка ЗША і Расеі? Тлумачэньне амэрыканскага экспэрта

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несьці тактычныя ядзерныя зарады. Ілюстратыўнае фота

Наколькі абвешчаная Пуціным праграма разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі падобная да амэрыканскай палітыкі ўзаемадзеяньня з саюзьнікамі ў атамнай сфэры? Як ЗША і NATO адкажуць на рашэньне РФ адносна тактычных ядзерных арсэналаў у Беларусі? Наколькі імаверна, што ЗША разьмесьцяць ядзерную зброю ў Літве і Польшчы?

На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае прафэсар атамнай інжынэрыі, дырэктар Інстытуту ядзернай бясьпекі Ўнівэрсытэту Тэнэсі, доктар Гаўард Гол.

Усю сваю кар’еру доктар Гол займаўся пытаньнямі глябальнай бясьпекі, найперш адносна ядзерных матэрыялаў і тэхналёгіяў. Да прыходу ва Ўнівэрсытэт Тэнэсі ён больш за дваццаць гадоў працаваў у нацыянальнай лябараторыі Лоўрэнса Лівэрмора, дзе кіраваў буйнымі навуковымі і апэратыўнымі праектамі ў галіне атамнай і нацыянальнай бясьпекі. Лівэрморская лябараторыя — другі пасьля лябараторыі ў Лос-Аламасе цэнтар распрацоўкі амэрыканскай ядзернай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адказ на ядзерную пагрозу Пуціна ня будзе спрыяльным для яго, — амэрыканскі экспэрт у ядзернай бясьпецы

— Уладзімір Пуцін заявіў, што рашэньне Расеі аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі адлюстроўвае даўнюю практыку ЗША ў справе сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі з саюзьнікамі па NATO, такімі як Нямеччына ці Турэччына. Амэрыканская зброя разьмешчаная ў гэтых краінах, але ЗША захоўваюць кантроль над ланцужком камандаваньня ў дадатак да навучаньня пілётаў гэтых краінаў дзеяньням ва ўмовах патэнцыйнага ядзернага канфлікту. Афіцыйныя асобы ЗША сьцьвярджаюць, што сумеснае выкарыстаньне ядзернай зброі зь іншымі краінамі не парушае Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі (ДНЯЗ), бо ЗША захоўваюць кантроль над зброяй. Ці дакладная расейская інтэрпрэтацыя амэрыканскай практыкі? Ці лічыце вы, што дзеяньні Расеі супярэчаць літары і духу ДНЯЗ?

Гаўард Гол

— Пазыцыя ЗША ў дачыненьні да разьмяшчэньня амэрыканскай ядзернай зброі, якая знаходзіцца пад кантролем ЗША, на базах у саюзных краінах была старанна вывучаная навукоўцамі-міжнароднікамі. І, хоць такое разьмяшчэньне не зьяўляецца пераважнай практыкай, яно разглядаецца як адпаведнае ДНЯЗ.

Варта таксама адзначыць, што гэтыя пагадненьні аб разгортваньні (nuclear sharing) гістарычна служылі для стрымліваньня савецкага (зараз расейскага) мілітарысцкага авантурызму ў краінах-саюзьніках. На жаль, Расея адмовілася ад павагі тэрытарыяльнага сувэрэнітэту суседняй Украіны, што зьяўляецца парушэньнем папярэдніх расейскіх гарантыяў бясьпекі Ўкраіне, а таксама парушэньнем Статуту ААН. Расейскія войскі ўчынілі шмат ваенных злачынстваў ва Ўкраіне, і іх колькасьць працягвае расьці.

Расея, якая сьцьвярджае, што перасоўваньне яе ядзернай зброі ў Беларусь зьяўляецца прапарцыйным адказам, грунтуецца на лжывай эквівалентнасьці выкарыстаньня зьбедненага ўрану ў звычайных боепрыпасах і бранятэхніцы і расейскай зброі масавага зьнішчэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будуць рабіць ЗША і NATO, калі Расея скарыстае ядзерную зброю? Думкі пра непамыснае

— Як, на вашу думку, павінны рэагаваць ЗША і NATO на рашэньне Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі?

— Я думаю, што ЗША і NATO будуць вельмі ўважліва сачыць за разьвіцьцём падзеяў. Адна рэч, якая да гэтага часу выклікала зьдзіўленьне ў расейскіх ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне, — гэта тое, наколькі дрэнна навучаныя, дрэнна аснашчаныя і дрэнна кіраваныя расейскія войскі і іх наёмныя сілы. Калі такі ж узровень вайсковай кампэтэнтнасьці мае месца ў расейскіх ядзерных сілах, то наступствы для глябальнай бясьпекі неспрыяльныя. Фундамэнтальным прынцыпам ядзернай бясьпекі зьяўляецца тое, што ядзерная зброя (і, адпаведна, атамны матэрыял) павінны кіравацца і ахоўвацца людзьмі, якія маюць найвышэйшы ўзровень кампэтэнтнасьці і прафэсіяналізму. Да гэтага часу і аднаго, і другога было мала заўважана ў звычайных расейскіх сілах ва Ўкраіне. Мяркуецца, што тое ж самае можа быць і ў іх ядзерных сілах. Гэта выклікае сур’ёзную заклапочанасьць у міжнароднай супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча гатовая адыгрываць большую ролю ў NATO адносна ядзернага стрымліваньня, але ня будзе разьмяшчаць у сябе ядзерную зброю

— Пасьля заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі сябра NATO, суседка Беларусі Польшча заявіла пра жаданьне больш шчыльна ўдзельнічаць у ядзернай стратэгіі Альянсу. Раней у Варшаве гаварылі нават аб магчымасьці разьмяшчэньня ў краіне амэрыканскай ядзернай зброі. Якая ваша думка пра гэта?

— Я ня ўпэўнены, што на дадзены момант гэта неабходна, хаця перакананы, што абмеркаваньні на высокім узроўні, пэўна, будуць даволі актыўнымі. Калі Расея распачне дзеяньні, якія адпавядаюць умовам узаемнай абароны паводле статуту NATO, я чакаю, што сытуацыя зьменіцца. А паколькі неабдуманыя імпэрскія амбіцыі Пуціна ўжо прывялі раней нэўтральныя краіны, такія як Фінляндыя, у NATO, далейшы кошт расейскага ваеннага авантурызму будзе толькі расьці.

У гэтай сытуацыі вельмі ўражвае, як хутка рашэньні Пуціна ператвараюць Расею ў дзяржаву — кліента Кітая. Іх адносіны робяцца ўсё больш шчыльнымі, і зразумела, што Сі Цзіньпін дамінуе ў гэтых адносінах. Я не магу сабе ўявіць, каб гэтага хацеў расейскі народ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны ацанілі мэты візыту Лукашэнкі ў Маскву і пэрспэктывы разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.