На здымку, апублікаваным газэтай «Народная воля», відаць, што бюст з пастамэнту здымаюць людзі быццам у камунгасаўскай уніформе.
«А камунальная гаспадарка ў Зэльве (як і паўсюль) падпарадкоўваецца выканкаму, — піша выданьне. — Значыць, мясцовая выканаўчая ўлада ўсё ж мела дачыненьне да ганебнай акцыі», піша газэта.
Пра тое, што помнік Геніюш зьнесьлі, стала вядома 30 сакавіка. У Зэльвенскім райвыканкаме пераконвалі, што ня ведаюць, куды падзеўся помнік, але раілі не шукаць яго і не выкупляць.
«Помнік знаходзіцца ва ўласьніка, і ён не плянуе рабіць захады па яго продажы. Я думаю, калі ён ва ўласьніка, то ён патрэбны ўласьніку», – даводзіла журналістам чыноўніца.
29 сакавіка ў СМІ трапіў афіцыйны адказ Зэльвенскага райвыканкама аб адмове дэмантаваць помнік славутай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш, аб чым прасіла прарасейская актывістка Вольга Бондарава. Аднак 30 сакавіка мясцовыя жыхары паведамілі аб тым, што помніка на месцы ўжо няма.
Як пісала раней «Народная воля», помнік можа знаходзіцца ў зэльвенскай царкве, каля якой стаяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі цяжка, але небезнадзейна». Чаму зьнік помнік Ларысе ГеніюшХто такая Ларыса Геніюш
- Ларыса Геніюш (1910–1983) — беларуская паэтка, дзяячка беларускага адраджэньня. Захавальніца архіваў БНР. Разам з мужам была пазбаўленая чэскага грамадзянства і выдадзеная ў СССР, грамадзянства якога, нягледзячы на катаваньні і лягеры камуністычнага рэжыму, так і ня ўзяла.
- Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве паставілі з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Манумэнт фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве.
- Помнік Геніюш патрабавала зьнесьці прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава, але ёй у афіцыйным адказе адмовілі.
- Зэльвенскі райвыканкам у афіцыйным адказе напісаў, што помнік прыбіраць ня будуць, бо дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак 30 сакавіка помнік прапаў.