Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны. Праверка адбываецца пасьля даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
У Мінабароны ўдакладнілі, што «захады маюць комплексны характар і дазволяць вызначыць здольнасьці камандзіраў кіраваць падпарадкаванымі вайсковымі часткамі і падразьдзеламі пры іх прывядзеньні ў найвышэйшую ступень баявой гатоўнасьці».
Кіраўніцтва вучэньнямі будзе ажыцьцяўляць Дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Беларусі.
У час праверкі заплянавана перамяшчэньне вайсковай тэхнікі і часовае абмежаваньне руху цывільнага транспарту па дарогах агульнага карыстаньня.
Дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што праверка боегатоўнасьці мае плянавы характар, але будзе трываць доўга і на розных палігонах і ў мясцовасьцях.
Апошняя праверка баявой здольнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праводзілася летась. Яна была абвешчана раптоўна і доўжылася з 13 да 19 сьнежня 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завяршылася раптоўная праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сілЗ пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, колькасьць вайсковых вучэньняў на беларускай тэрыторыі значна павялічылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Горадзеншчыне пачаўся збор тэрытарыяльных войскаўКіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі выпрабавалі рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Шквал» разам з дронамі