Брытанская выведка: за 80 дзён войскі РФ «дасягнулі нязначных посьпехаў коштам дзясяткаў тысяч страт»

Выведка Вялікай Брытаніі прааналізавала знаходжаньне на пасадзе камандуючага расейскімі войскамі ва Ўкраіне начальніка расейскага Генштаба Валерыя Герасімава, заявіўшы, што за гэты час войскі РФ дасягнулі «нязначных посьпехаў коштам дзясяткаў тысяч страт».

Як адзначаюць у брытанскай выведцы, знаходжаньне Герасімава на пасадзе характарызавалася спробамі пачаць усеагульны зімовы наступ з мэтай распаўсюджваньня расейскага кантролю на ўвесь Данбас.

«Праз 80 дзён становіцца ўсё больш відавочным, што гэты праект праваліўся. На некалькіх кірунках фронту на Данбасе расейскія войскі дамагліся толькі нязначных посьпехаў коштам дзясяткаў тысяч страт, у значнай ступені страціўшы сваю часовую перавагу ў асабістым складзе, атрыманую ў выніку восеньскай «частковай мабілізацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Пасьля 10 гадоў працы начальнікам Генштаба Расеі існуе рэалістычная магчымасьць таго, што Герасімаў выходзіць за межы таго, наколькі доўга палітычнае кіраўніцтва Расеі будзе цярпець няўдачы», — дадалі ў выведцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі памянялі камандуючага войскамі ва Ўкраіне: «У сувязі з пашырэньнем маштабу задач»

11 студзеня 2023 году камандуючым Аб’яднанай групоўкай расейскіх войскаў, якія вядуць вайну ва Ўкраіне, стаў начальнік Генштаба ўзброеных сіл РФ Валерый Герасімаў. На гэтай пасадзе ён зьмяніў Сяргея Суравікіна, які стаў адным з трох намесьнікаў Герасімава.

Украіна і Захад ацанілі такія кадравыя зьмены як сьведчаньне праблем унутры расейскага войска і «сыстэмныя выклікі» ў вайне для Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ISW ацаніў замену Суравікіна ў вайсковым кіраўніцтве Расеі: хочуць рашучых ваенных дзеяньняў у 2023 годзе