Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ISW ацаніў замену Суравікіна ў вайсковым кіраўніцтве Расеі: хочуць рашучых ваенных дзеяньняў у 2023 годзе


Вынікі расейскага абстрэлу Кіева, 17 кастрычніка 2022
Вынікі расейскага абстрэлу Кіева, 17 кастрычніка 2022

У справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) таксама ацанілі вынікі нарады, якую правёў у Львове Ўладзімір Зяленскі аб сытуацыі на паўночна-заходніх межах Украіны.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што прызначэньне начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі Віталя Герасімава кіраўніком «спэцыяльнай вайсковай апэрацыяй» ва Ўкраіне замест Сяргея Суравікіна сьведчыць аб намерах Крамля весьці доўгатэрміновую вайну ва Ўкраіне і аднаўленьні наступальных дзеяньняў.

«Прызначэньне Герасімава, пэўна, сьведчыць аб намаганьнях Крамля палепшыць расейскае камандаваньне і кантроль для рашучых ваенных дзеяньняў у 2023 годзе і зьяўляецца палітычным крокам ва ўмацаваньні Міністэрства абароны Расеі, вядзеньне вайны якога крытыкуюць расейскія вайсковыя блогеры і іншыя сілавікі, накшталт фінансіста групы „Вагнэр“ Яўгенія Прыгожына», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту.

Сяргея Суравікіна, які да гэтага кіраваў баявымі дзеяньнямі ва Ўкраіне, лічаць крэатурай Яўгенія Прыгожына.

Экспэрты ISW мяркуюць, што кадравыя ратацыі ў вайсковым кіраўніцтве Расеі таксама сьведчаць аб намеры аднавіць наступальныя апэрацыі ва Ўкраіне, а таксама для паслабленьня ўплыву групы сілавікоў, якіх прадстаўляе Яўгеній Прыгожын.

«Герасімаў наўрад ці зможа хутка ажывіць і рэфармаваць рэжым вядзеньня вайны ва Ўкраіне для дасягненьня максымалісцкіх мэтаў Пуціна», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.

Экспэрты ISW таксама лічаць малаімаверным магчымасьць аднаўленьня расейскімі войскамі маштабных наступальных апэрацыяй праз дэфіцыт боепрыпасаў, які ня можа ліквідаваць ваенна-прамысловы комплекс Расеі. Паводле зьвестак інстытуту, штодзённая інтэнсіўнасьць артылерыйскіх абстрэлаў Расеі ў некаторых раёнах скарацілася на 75%, і гэта зьяўляецца гістарычным мінімумам з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня.

У справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны таксама ацанілі вынікі каардынацыйнай нарады, якую правёў у Львове прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі аб сытуацыі на паўночна-заходніх межах Украіны. ISW працягвае меркаваць, што паўторнае ўварваньне з тэрыторыі Беларусі для наступу на Кіеў малаімавернае.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG