У Казахстане паліцыя пачала сьледзтва ў справе аб сэпаратызьме супраць прыхільнікаў «сувэрэннай Казаскай ССР»

Пратэсты ў Казахстане падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў. Астана, 11 сакавіка, 2023

Інфармацыя аб так званай «Народнай радзе» пашырылася на фоне крытыкі апошніх парлямэнцкіх выбараў у Казахстане.

Паліцыя ў Паўночна-Казахстанскай вобласьці пачала праверку пасьля зьяўленьня ў сеціве відэа, дзе група людзей заяўляе пра аб’яднаньне ў так званую Народную раду гораду Петрапаўлаўску і Паўночна-Казахстанскай вобласьці. Пра гэта паведамляе казахстанская служба Радыё Свабода.

Выступоўцы на відэа прадставіліся «працоўнымі жыхарамі гораду Петрапаўлаўску» і заявілі аб сваім недаверы «ўсім заснавальнікам і службоўцам сыстэмы кіраваньня нашымі здабыткамі і рэсурсамі». Прычынай яны ўказвалі «фіктыўнасьць» прававой асновы «карпарацыі Рэспублікі Казахстан» «з прычыны стварэньня неспрыяльных умоў для жыцьця народу»:

«Мы, народ, абвяшчаем сваю незалежнасьць, самастойнасьць і сувэрэнітэт», — заявілі яны. Акрамя гэтага, яны заявілі «аб непахіснай тэрытарыяльнай цэласнасьці Сувэрэннай Казаскай ССР».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР заклікала падняць тэму «расейскай ваеннай акупацыі» Беларусі на сэсіі Генасамблеі ААН

На сваёй старонцы ў інстаграме аб'яднаньне разьмясьціла абʼяву, дзе гаворыцца, што 19 сакавіка ў Петрапаўлаўску адбыўся сход з 19 чалавек, прысьвечаны «аднаўленьню гарадзкой народнай рады». На сустрэчы быў выбраны «старшыня», зацьверджаны «дэклярацыя», праект «статуту», «сымболіка і друк», рашэньні «задакумэнтаваны пратаколам».

Казаская служба Радыё Свабода адзначае, што інфармацыя аб «народнай радзе» распаўсюдзілася на фоне крытыкі вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Казахстане з боку кандыдатаў. Пасты аб «народнай радзе» выклікалі дыскусіі ў мясцовых тэлеграм-каналах, некаторыя карыстаючы назвалі дзеяньні групы заклікамі да сэпаратызму. Самі выступоўцы адмаўляюць заявы аб замаху на цэласнасьць Казахстану і паведамленьні аб сувязях зь якімі-небудзь забароненымі супольнасьцямі «з суседніх і іншых краін».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане пазбавілі паўнамоцтваў дэпутата, які падтрымаў уварваньне Расеі ва Ўкраіну

На тэрыторыі суседняй Расеі таксама дзейнічаюць некалькі груп, якія лічаць сябе прыхільнікамі СССР і не прызнаюць існаваньне сучаснай Расеі. Часта яны адмаўляюцца прызнаваць расейскія дакумэнты. У Расеі іх нярэдка перасьледуюць за экстрэмізм.

Дэпартамэнт паліцыі Паўночна-Казахстанскай вобласьці заявіў агенцтву КазТАГ аб пачатку праверкі:

«Гэтая інфармацыя зарэгістраваная ў нас у дэпартамэнце паліцыі Паўночна-Казахстанскай вобласьці, праводзяцца сьледча-апэратыўныя мерапрыемствы», — гаворыцца ў паведамленьні.

Камітэт нацыянальнай бясьпекі і Генэральная пракуратура інфармацыю пакуль не камэнтавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-міністра абароны Казахстана асудзілі за перавышэньне ўлады падчас разгону пратэстаў 2022 году