Калі ехаць праз турфірму
Турыстычныя фірмы Беларусі прапануюць некалькі варыянтаў для летняга сэзону. Самыя распаўсюджаныя — гэта Турэччына і Грузія.
Дзесяць начэй на ўзьбярэжжы Міжземнага мора ў турэцкім горадзе Кемэры, які недалёка ад Антальлі, абыдзецца ў 5760 рублёў.
Адпачынак на 7 начэй у курортным гарадку Сідэ выйдзе таньнейшым — 1918 рублёў з чалавека.
Другі папулярны варыянт — адпачынак у Грузіі, у Батумі. Віза, як і ў Турэччыну, сюды ня трэба. За 7 начэй зь пералётам зь Менску просяць 2080 рублёў.
Іншыя прапановы адпачынку ў Грузіі па цане падобныя.
Для ўладальнікаў візаў прапануюць і варыянты адпачынку ў Эўропе. 14 дзён у Грэцыі на Эгейскім моры будуць каштаваць 2016 рублёў. Вылет зь Вільні.
За 7-дзённы адпачынак у Італіі, у Сардыніі, на беразе мора просяць 2791 рублёў, вылет з Варшавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пытаньняў і адказаў пра тое, як беларусу-ўцекачу легалізавацца ў ЭўразьвязеКалі ехаць самастойна бязь візы
Авіязносіны Беларусі і шэрагу іншых эўрапейскіх краін цяпер абмежаваныя, таму і варыянтаў у кірунках ня так шмат. Вылецець зь Беларусі можна, напрыклад, у Эгіпет — квіток у два бакі ў Каір у чэрвені абыдзецца ў 2650 рублёў. З Каіру яшчэ давядзецца дабірацца да мора і самастойна шукаць жыльлё.
Вылецець таксама можна ў Батумі ў Грузію. Квіток у два бакі ў чэрвені будзе каштаваць 2119 рублёў.
Ёсьць больш дарагія, але і больш экзатычныя варыянты. Зь перасадкай у Дубаі можна паляцець зь Менску ў Танзанію і адпачыць на Занзыбары. Квіткі ў два бакі абыдуцца ў 2401 рубель. Віза Танзаніі ставіцца па прылёце ў аэрапорт, для беларусаў каштуе каля 50 даляраў.
Таксама зь Беларусі самалётам можна даляцець у Стамбул. Беларусам ня трэба віза для ўезду ў Турэччыну. Квіток улетку ў два бакі каштуе 1136 рублёў. Па-першае, у Турэччыне можна адпачыць на Чорным ці Міжземным моры, а па-другое, са Стамбула дасяжныя многія кірункі для падарожжаў. Напрыклад, адтуль можна паляцець у Альбанію ці Чарнагорыю, дзе беларусам не патрэбна віза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць замежных турыстаў, якія сёлета наведалі Беларусь, вырасла на 22%. Найбольшы гадавы рост зь Літвы і ЛатвііКалі ехаць самастойна зь візай
Значна спрашчае адпачынак наяўнасьць шэнгенскай візы, бо вылецець з аэрапортаў Вільні ці Варшавы ў цёплую краіну атрымаецца значна таньней. Напрыклад, квіток на Мальту зь Вільні ў чэрвені ў два бакі будзе каштаваць крыху больш за 200 эўра, ці 629 рублёў.
У Барсэлёну зь Вільні і назад у чэрвені можна зьлятаць за 198 эўра, ці за 613 рублёў, у Італію — за 188 эўра, ці 582 рублі.
Квіток на самалёт з Варшавы на Кіпр і назад у чэрвені абыдзецца ў 154 эўра, ці 477 рублі. Квіток на самалёт з Варшавы ў Харватыю будзе каштаваць у чэрвені 114 эўра, ці 353 рублі, у два бакі.
З Варшавы ў Баўгарыю можна даляцець і вярнуцца ў чэрвені за 112 эўра, ці за 347 рублёў. Гэта ў 6 разоў таньней, чым квіток у два бакі зь Менску ў Батумі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры грашах і патрабуе адпаведнага ўзроўню сэрвісу». Партрэт сярэднестатыстычнага расейскага турыста у Беларусі ў 2022 годзеКалі адпачываць у Беларусі
У Беларусі ёсьць варыянты адпачынку як у санаторыі, так і шматлікіх аграсядзібах. Напрыклад, 10-дзённы адпачынак у санаторыі «Белая вежа» у Берасьцейскай вобласьці абыдзецца ў 1150 рублёў (стандартны нумар на аднаго чалавека).
Адпачынак у санаторыі «Пліса» на беразе аднайменнага возера ў Горадзенскай вобласьці будзе каштаваць 3300 рублёў. Амаль удвая даражэй, чым адпачынак у Турэччыне з вылетам зь Менску.
Адпачынак у беларускіх аграсядзібах сёлета будзе каштаваць ад 50 да 800 рублёў за дзень у залежнасьці ад знаходжаньня месца, сэрвісу і патрэб адпачывальнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыну зь Беларусі ў 1,5 раза даражэй, чым з Польшчы. Дзе за мяжой і за колькі сёлета змогуць адпачыць беларусы