Спадару Міхасю 64 гады, ён жыве ў Беластоку. Дэталяў зьнікненьня помніка ён ня ведае.
«Гэта для мяне непрыемны сюрпрыз. Не разумею гэтага зусім, бо нават савецкія ўлады друкавалі вершы Ларысы, выдавалі кніжкі, плацілі за гэта грошы. Калісьці Ларысу Геніюш нават клікалі ў Саюз пісьменьнікаў. Гэты помнік стаў 20 гадоў, нікому не перашкаджаў. Людзі прыносілі кветкі, таму для мяне вельмі дзіўна, што зрабілася такое», — камэнтуе ўнук паэткі.
Ён ня ведае, хто можа быць датычны да зьнікненьня помніка і зь якой прычыны яго прыбралі. Спадар Міхась чуў пра прарасейскую актывістку Вольгу Бондараву, якая патрабавала зьнесьці помнік Геніюш, але асабіста яе ня ведае і ня меў зь ёй ніякага кантакту.
«Ён (помнік. — РС) быў асьвячоны самім мітрапалітам. У царкве вісіць фатаздымак і шыльда, прысьвечаныя Ларысе Геніюш. Думаю, што гэта прыватная ініцыятыва. Гэта, напэўна, зрабілі ня ўлады царквы. Гэта зрабілі ўночы паціху, каб ніхто ня бачыў, ня ведаў, каб людзі абудзіліся зранку і заўважылі, што помніка няма. Гэта вельмі дзіўная справа і нечаканая», — кажа Міхась Геніюш.
Унук ня будзе зьвяртацца ў беларускія праваахоўныя органы, каб тыя разабраліся ў зьнікненьні помніку ягонай бабулі.
«Прабачце, але ня буду. Вы бачыце, якія цяпер адносіны на сьвеце, у Эўропе, цяпер цяжка да кагосьці зьвяртацца. Ехаць у Беларусь я не зьбіраюся, бо гэта можа быць для мяне нават небясьпечна», — адказвае ён.
Калі нехта зь Беларусі захоча змагацца за вяртаньне помніка, то Міхась Геніюш падтрымае гэтую ініцыятыву, але сам ня будзе яе пачынаць, бо ня бачыць у гэтым сэнсу. Ён думае, што больш эфэкту выйдзе, калі вяртаньнем помніка зоймецца царква, бо бюст стаяў на ейнай тэрыторыі.
«Хтосьці бяспраўна адтуль гэта забраў. Гэта было пастаўлена на прыватнай тэрыторыі. Хтосьці даваў згоду, каб гэты помнік там стаў. Гэта, хутчэй за ўсё, павінна зрабіць царква, а ня мы», — кажа Міхась.
Апошні раз ён быў у Беларусі 5-6 гадоў таму. Езьдзіў да знаёмых у Менск, на балет.
«Заўсёды заяжджаю па дарозе ў Зэльву, туды, дзе я нарадзіўся, дзе я жыў, заўсёды прыводжу кветкі і стаўлю сьвечкі на магілах маіх дзядоў», — камэнтуе суразмоўца.
У Беларусі не засталося нікога са сваякоў Ларысы Геніюш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Зэльве зьнік помнік Ларысе Геніюш, нягледзячы на ранейшыя заявы ўладаў- Ларыса Геніюш (1910 — 1983) — беларуская паэтка, дзяячка беларускага адраджэньня. Захавальніца архіваў БНР. Разам з мужам была пазбаўленая чэскага грамадзянства і выдадзеная ў СССР, грамадзянства якога, нягледзячы на катаваньні і лягеры, так і не ўзяла.
- Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве паставілі з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Манумэнт фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве.
- Помнік Геніюш патрабавала зьнесьці прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава, але ёй у афіцыйным адказе адмовілі.
- Зэльвенскі райвыканкам у афіцыйным адказе напісаў, што помнік прыбіраць ня будуць, бо дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак 30 сакавіка помнік прапаў.