Абсалютная большасьць фальшывых купюр у Беларусі — даляры ЗША

Ілюстрацыйная выява

За 2022 год банкаўскія работнікі ў Беларусі знайшлі 891 падробленую банкноту і тры фальшывыя манэты. Гэта на 9% больш, чым у 2021-м.

Часьцей за ўсё ў Беларусі падрабляюць даляры: на іх долю прыпадае звыш 84% фальшывак. Другая пазыцыя ў расейскага рубля — 8,5%. Сярод падробленых грошай 5,6% займаюць эўра, 1,3% — беларускія рублі, яшчэ 0,4% прыпадае на іншыя валюты, расказалі ў прэс-службе Нацбанку.

Фальшывых даляраў у 2022 годзе выявілі на 69% больш, чым у 2021-м. Часьцей за ўсё падрабляюць купюры наміналам $100 і $50. А вось фальшывых расейскіх рублёў і эўра стала прыкметна менш — на 74 і 27,5% адпаведна.

Сярод расейскай валюты самай папулярнай падробкай застаецца купюра ў 5 тысяч рублёў, а сярод эўрапейскай — 50 эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАРГ: Інфляцыя ў лютым адпавядае сярэднім значэньням за апошнія 10 гадоў

Цікава, што ўсе тры фальшывыя манэты, якія знайшлі за год, мелі намінал 2 эўра.

Несапраўдных беларускіх рублёў за год канфіскавалі ўсяго 12 штук, у 2021-м іх было на тры менш. Большасьць падробак — банкноты ў 50 рублёў.

Па дадзеных Нацбанку, часьцей за ўсё фальшывыя грошы знаходзяць у Менску — 63,4%. Але агулам за год фальшыўкі знаходзілі ў 57 населеных пунктах краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за люты скараціліся на 370 млн даляраў ЗША
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У студзені экспарт тавараў і паслугаў Беларусі ўпаў на 10%