Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) разглядаюць візыт міністра замежных спраў Ірана Хасейна Аміра Абдалахіяна ў Маскву 29 сакавіка як спробу актывізаваць супрацу ў сфэры бясьпекі і ўзбраеньня.
«Абдалахіян і Лаўроў, пэўна, абмеркавалі працяг расейскіх намаганьняў па набыцьці іранскіх сыстэм узбраеньня для выкарыстаньня ва Ўкраіне і канчатковае пагадненьне аб прадстаўленьні Расеяй Ірану штурмавікоў Су-35», — мяркуюць экспэрты.
У Інстытуце вывучэньня вайны таксама зьвярнулі ўвагу на аднаўленьне з 13 сакавіка рэгулярных авіярэйсаў з Ірану ў Расею.
«Іран, падобна, спрабуе ўмацаваць двухбаковыя дачыненьні з Расеяй у галіне бясьпекі і, хутчэй за ўсё, павялічыць пастаўкі зброі ў Расею для дасягненьня гэтай мэты», — адзначаецца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея будзе губляць вайсковы ўплыў на постсавецкія дзяржавыРаней Інстытут вывучэньня вайны паведамляў, што Расея разьлічвае на Іран у вайсковай і тэхналягічнай падтрымцы, а таксама аб тым, што іранскія інструктары знаходзіліся на тэрыторыі Ўкраіны, непасрэдна падтрымліваючы расейскія атакі іранскімі дронамі на ўкраінскую інфраструктуру.
У Расеі ўсё часьцей абмяркоўваюць імавернасьць новай хвалі мабілізацыі ў войска, аднак, як заяўлялі замежныя выведкі, Расея мае дэфіцыт вайсковай тэхнікі і зброі для ўзбраеньня мабілізаваных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны ацаніў вынікі візыту Лукашэнкі ў Іран