Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Расея выкарыстоўвае спорт для стварэньня новага сьвету бяз правілаў.
«Для Пуціна спорт — проста чарговы інструмэнт стварэньня „цудоўнага новага сьвету“, сьвету бяз правілаў. У ім Расея павінна заўсёды перамагаць — ці дзякуючы допінгу, ці дзякуючы карупцыі, вайне, ці за кошт невымоўных пакут суседніх краін. Як любы дыктатар, Пуцін лічыць, што існуе толькі адно права: права сілы. Усё іншае — сумленнасьць, ветлівасьць і празрыстасьць — дыктатары лічаць проста шарадай», — напісаў Дзьмітро Кулеба ў матэрыяле «Чаму Расея і Беларусь ня могуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Парыжы» для францускага выданьня L’Expressу.
Дзьмітро Кулеба нагадаў, што Расея пачала агрэсію супраць Грузіі ў 2008 годзе і ў 2014 годзе супраць Украіны пасьля Алімпійскіх гульняў у Пэкіне і Сочы, а поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе — празь некалькі дзён пасьля завяршэньня Алімпійскіх гульняў у Пэкіне.
«Цяпер Расея, нібыта наркаман, патрабуе новай дозы і разьлічвае атрымаць яе ад Міжнароднага алімпійскага камітэту, які, падобна, мае нейкую загадкавую гістарычную слабасьць да дыктатараў. Імкненьне МАК дазволіць удзел расейцаў і беларусаў у Алімпійскіх гульнях пад нэўтральным сьцягам — ганебны намер калябарацыі з чарговым генацыдным рэжымам. Безадносна да наяўнасьці сьцяга МАК імкнецца закрыць вочы на злачынствы і дазволіць расейскаму дыктатару выкарыстаць спорт дзеля прапаганды, як гэта рабіў Гітлер у 1936 годзе», — мяркуе ўкраінскі міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Польшча, Латвія, Эстонія і Літва прынялі сумесную заяву, патрабуючы не дапускаць беларусаў і расейцаў да міжнародных спаборніцтваўПаводле яго, менавіта Пуцін унёс палітыку ў спорт.
«Спорт па-за палітыкай, кажуць прыхільнікі ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах. Яны імкнуцца не заўважаць той факт, што большасьць гэтых спартоўцаў — дзейныя вайскоўцы. Напрыклад, 45 з 71 мэдалёў, якія заваявала расейская каманда на Алімпійскіх гульнях у Токіё, здабылі сябры Цэнтральнага спартовага клюбу расейскай арміі. То бок дзейныя расейскія салдаты. Самі расейцы ніколі гэтага не прыхоўвалі, яны ганарацца гэтым. У Расеі спорт, дзяржаўная прапаганда і армія непадзельныя», — дадаў Дзьмітро Кулеба.
Украінскі міністар перакананы, што МАК не павінен ігнараваць і той факт, што Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна за ваенныя злачынствы і выкраданьне ўкраінскіх дзяцей.
«Удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ці любым іншым міжнародным спартовым спаборніцтве недапушчальны. [...] На жаль, Міжнародны алімпійскі камітэт сыстэматычна ня можа знайсьці ў сабе сілы стаць на абарону прынцыпаў Алімпійскай Хартыі і рызыкуе ўвайсьці ў гісторыю як арганізацыя, якая патурае агрэсарам і пракладае шлях да сьвету бяз правілаў. Мы ўжо не ў 1936 годзе. Украіна не пагаджаецца і ніколі не пагодзіцца з такой ганебнай палітыкай», — заявіў Дзьмітро Кулеба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК выступіў за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусеПрэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах 28 сакавіка заявіў пра падтрымку ініцыятывы вяртаньня беларускіх і расейскіх спартоўцаў да эўрапейскіх і сусьветных спаборніцтваў у нэўтральным статусе.
Канчаткова рашэньне будзе ўхвалена на пасяджэньні выканкаму МАК, які будзе доўжыцца да 30 сакавіка. Калі выканкам МАК ухваліць удзел беларусаў і расейцаў у міжнародных стартах, гэта ня будзе азначаць аўтаматычнага допуску атлетаў да спаборніцтваў. Канчатковае рашэньне застанецца за міжнароднымі фэдэрацыямі па асобных відах спорту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў аб «прамых сувязях» беларускіх спартоўцаў з вайскоўцамі і спэцслужбамі