«У сувязі з тым, што мы набліжаемся да чарговага паседжаньня выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту 28–30 сакавіка 2023 году, мы хочам паўтарыць пазыцыю Ўкраіны адносна нядаўніх заклікаў МАК вызначыць шляхі допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў як „нэўтральных“. Мы прынялі да ведама занепакоенасьць, выказаную спэцыяльнымі дакладчыкамі ААН адносна недыскрымінацыі выключна па нацыянальнасьці спартоўцаў. Мы шкадуем, што МАК выкарыстаў гэтыя асьцярогі як нагоду, каб радыкальна зьмяніць сваю ранейшую аргумэнтаваную пазыцыю аб рэкамэндацыі не дапускаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў і афіцыйных асоб да ўдзелу ў міжнародных спартовых мерапрыемствах», — гаворыцца ў сумеснай заяве.
Краіны ў сваёй заяве паказваюць, што «не нацыянальнасьць спартоўцаў вызначае іх ролю, а той факт, што іх спансуюць/падтрымліваюць іхныя ўрады або кампаніі, што падтрымліваюць крамлёўскі рэжым, які працягвае сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны, ці нават што яны непасрэдна расейскія вайскоўцы».
«Лічым неабходным нагадаць, што кожны дзень расейскія вайскоўцы працягваюць атакаваць цывільную інфраструктуру Украіны, у тым ліку спартовыя аб’екты, і забіваць украінцаў, у тым ліку ўкраінскіх спартоўцаў. Мільёны грамадзян Украіны, у тым ліку спартоўцы і іхныя сем’і, былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз расейскую акупацыю. Многія спартоўцы з Украіны па-ранейшаму ня могуць удзельнічаць у спартовых спаборніцтвах з прычыны нападу Расеі на іх краіну», — гаворыцца ў заяве.
У дакумэнце падкрэсьліваецца, што няма падстаў для адыходу ад рэжыму адхіленьня расейскіх і беларускіх атлетаў, вызначанага МАК больш за год таму.
«Мы глыбока перакананыя, што цяпер ня час разглядаць пытаньне аб вяртаньні расейскіх і беларускіх спартоўцаў на Алімпійскія гульні ў любой якасьці. Нягледзячы на тое, што МАК яшчэ не прыняў ніякіх канчатковых рашэньняў, мы настойліва заклікаем яго перагледзець свае пляны і вярнуцца да першапачатковай, праверанай пазыцыі, якую падтрымлівае міжнародная супольнасьць. Нагадаем, у распараджэньні Расеі і Беларусі ёсьць спосаб вярнуць сваіх спартоўцаў у міжнародную спартовую супольнасьць, а менавіта спыненьне захопніцкай вайны, разьвязанай Расеяй пры саўдзеле Беларусі, і аднаўленьне павагі да сувэрэнітэту і тэрытарыяльная цэласнасьці Ўкраіны ў рамках міжнародна прызнаных межаў».
23 сакавіка прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах зноў заклікаў «аддзяляць палітыку і спорт», абараняючы плян МАК па допуску расейскіх і беларускіх атлетаў на Парыскія гульні 2024 году.
У студзені МАК агучыў плян, які дазволіць расейскім і беларускім атлетам узяць удзел у летніх Гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Гульнях 2026 году ў Міляне. Плян прадугледжвае ўдзел расейцаў і беларусаў у якасьці «нэўтральных спартоўцаў», якія ня будуць прадстаўляць сваю краіну са сьцягам, гімнам, уніформай або іншымі знакамі.
ЗША, Канада і большасьць эўрапейскіх краін раскрытыкавалі гэтае рашэньне. ЗША і яшчэ больш за 30 краін падтрымалі дзейную забарону расейскім і беларускім спартоўцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
Украіна не выключае байкоту Алімпіяды ў выпадку іх допуску да спаборніцтваў, заявіў у студзені міністар спорту краіны Вадзім Гутцайт.