Пуцін абвясьціў аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Па ягоных словах, да першага ліпеня ў Беларусі маюць дабудаваць сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Дзе будзе тое сховішча, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказыТаксама Пуцін паведаміў, што ў Беларусі, каб несьці такую зброю, ёсьць дзесяць самалётаў і ракетныя комплексы «Іскандэр». Паглядзелі, дзе можа разьмясьціцца сховішча для тактычнай ядзернай зброі, калі яго сапраўды пабудуюць.
Тактычную ядзерную зброю могуць несьці як самалёты, на якіх ёсьць адпаведныя ракеты, так і расейскія наземныя ракетныя комплексы «Іскандэр», таму асноўныя пункты, дзе могуць зрабіць сховішча, — вайсковыя аэрадромы і месца дысьлякацыі ракетных войскаў, якія могуць карыстацца «Іскандэрамі».
Аэрадромы і базы
Ліда
Пералічваць месцы дысьлякацыі будзем ад найбольш імавернага варыянту да найменш імавернага. Паводле дадзеных супольнасьці «Беларускі Гаюн», якая маніторыць вайсковую актыўнасьць у Беларусі, пад магчымасьць несьці ядзерную зброю мадэрнізавалі зьнішчальнікі Су-25, якія базуюцца на аэрадроме ў Лідзе. Ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны гэты аэрадром выкарыстоўваецца рэгулярна.
Гэта адзін з найстарэйшых вайсковых аэрадромаў у Беларусі.
Мачулішчы
У невялікім пасёлку пад Менскам — адзін з самых вялікіх вайсковых беларускіх аэрапортаў. Тут базуюцца расейскія зьнішчальнікі МІГ-31К, здольныя несьці гіпэргукавыя ракеты «Кінжал». Тут жа базаваўся самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня ДРЛО А-50У. Па зьвестках ByPol, гэты самалёт атакавалі дронамі беларускія партызаны. Яго пашкодзілі, і цяпер самалёт на рамонце ў Расеі. Аэрадром здольны прымаць як вайсковыя, так і цывільныя самалёты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інцыдэнт з самалётам у Мачулішчах: Дзяржаўная тэлевізія назвала новыя прозьвішчыБаранавічы
Яшчэ адзін вайсковы аэрадром Беларусі, які расейскія войскі актыўна выкарыстоўваюць у вайне супраць Украіны. Паводле пляну ўладаў Расеі і Беларусі, на гэтым аэрадроме маюць рыхтаваць спэцыялістаў па абслугоўваньні зьнішчальнікаў Су-30СМ. Пра іх мадэрнізацыю для магчымасьці несьці ядзерную зброю згадвалі беларускія спэцыялісты.
За 10 кілямэтраў ад вайсковага аэрадрому Баранавічаў — колішняе сховішча ядзерных зарадаў. У 90-я гады яго канчаткова закрылі, цяпер там закінутая тэрыторыя. Ці можна за кароткі час адрамантаваць такое сховішча, невядома.
Балбасава
Гэта дзейны вайсковы аэрадром, ён у Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці.
Бабровічы
Авіябаза за 100 кілямэтраў ад мяжы з Украінай. Да пачатку вайны Расеі супраць Украіны амаль не выкарыстоўвалася і лічылася нядзейнай, цяпер выкарыстоўваецца расейскімі войскамі.
Побач з аэрадромам «Бабровічы» — зона, дзе за савецкім часам разьмяшчаліся ядзерныя боепрыпасы. Як мяркуецца, магутнасьць авіябомбаў, якія там захоўваліся, складала 150–300 кілятон.
Апошнія здымкі з гэтай базы датаваныя 2016 годам, тады ў былых ангарах вырошчвалі грыбы-вешанкі.
Бабруйск
Гэты вайсковы аэрадром таксама мае статус запаснога. Яшчэ ў 2020 годзе аэрадром прастойваў. Расея зьбіралася стварыць на аснове гэтага аэрадрому базу вайскова-касьмічных сілаў і дысьлякаваць на ім да 12 баявых самалётаў. Тады гэтыя пляны так і не ўвасобіліся ў жыцьцё.
Вёска Цэль
Гэты населены пункт знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці. Менавіта тут базуецца 465-я ракетная брыгада, яна знаходзіцца ў вайсковай частцы 61732. Якраз ім, найпраўдападобней, перадалі расейскія комплексы «Іскандэр», якія могуць несьці тактычны ядзерны зарад.
Такая інфармацыя зьявілася ад каманды праекту «Беларускі Гаюн».
Старыя ядзерныя сховішчы савецкага часу
У 2021 годзе, калі Лукашэнка загаварыў пра вяртаньне ядзернай зброі ў Беларусь, то хваліўся, што «захаваў ядзерныя стадолы», маючы на ўвазе старыя савецкія сховішчы для ядзернай зброі. Большасьць зь іх цяпер разбураныя ці закінутыя, але некаторыя не да канца.
Вось некаторыя зь іх:
База пад Калінкавічамі
Гэтая былая база — якраз каля авіябазы Бабровічы. Мяркуецца, тут захоўваліся авіябомбы магутнасьцю 150–300 кілятонаў, што значна больш за магутнасьць тактычнай ядзернай зброі. Калі меркаваць па старых здымках 2016 году, ад базы захаваліся збудаваньні і ангары, на момант фатаздымак там вырошчвалі грыбы-вешанкі.
База пад Баранавічамі
Паблізу вайсковага аэрадрому ў Баранавічах — рэшткі савецкай сакрэтнай рамонтна-тэхнічнай базы. Раней тут захоўвалі ядзерныя бомбы і часткі ядзерных ракет. Сярод іх ядзерныя баявыя часткі ракет для самалётаў. Цяпер, мяркучы па фатаздымках за 2017 год, аб’ект выглядае напалову разбураным.
База пад Смаргонямі
Недалёка ад Смаргоняў разьмяшчаўся 428-ы ракетны полк. 3-і дывізіён быў узброены шахтавымі пускавымі ракетнымі ўстаноўкамі. У гэтых шахтах стаялі ракеты Р14, яны мелі дальнасьць стральбы да 4500 кілямэтраў і несьлі снарад да 1 мэгатоны.
База пад Ружанамі
Непадалёк ад гарадзкога пасёлку Ружаны за савецкім часам разьмяшчаўся 2-і дывізіён 403-га ракетнага палку. Тут была ядзерная зброя і ракеты, здольныя яе несьці. Мяркуючы па фатаздымках 2016 году, некаторыя збудаваньні базы не ацалелі, захаваліся часткі бункераў.
База пад Пружанамі
Недалёка ад Пружанаў, каля вёскі Броды, за савецкім часам базавалася частка ракетнай дывізіі. Што цяпер з базай і ці засталося што ад яе, невядома.
База пад Жыткавічамі
На тэрыторыі ракетнай часткі ў вайсковым гарадку «Жыткавічы-1» знаходзіліся вайсковыя ангары. На ўзбраеньні гэтай часткі стаялі ракеты, здольныя несьці ядзерныя зарады. Сярод іх «Піянэры» і «Тополь».
База пад Полацкам
Пад Полацкам, недалёка ад гарадзкога пасёлку Ветрына, захоўвалася тэхніка комплексаў «Піянэр» і «Горн», а таксама балістычныя ракеты Р-12, якія здольныя несьці ядзерны зарад. Мяркуючы па фатаздымках 2017 году, некаторыя будынкі базы цалкам разбурыліся, некаторыя захаваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO ўзмацніла паветраную выведку каля межаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны пасьля заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброіПляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.