27 сакавіка ў Варшаве ў Музэі Вольнай Беларусі адзначылі Міжнародны дзень тэатру. На пачатку імпрэзы на сцэну выйшлі «Вольныя купалаўцы», якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь і стварылі трупу ў Польшчы.
Яны ўзгадалі свой родны Купалаўскі, непаўторныя тэатральныя «капусьнікі», якія заўсёды ладзілі ў гэты дзень. Падчас імпрэзы паказалі шмат дакумэнтальнай кінахронікі, рэдкіх фатаграфій, гучалі вершы і песьні ў выкананьні галоўнай гераіні вечарыны — народнай артысткі Беларусі, прымы Купалаўскага Зоі Белахвосьцік.
Унучка Глеба Глебава, дачка Валянціна Белахвосьціка, жонка Аляксандра Гарцуева, маці Валянціны Гарцуевай у сваім монаспэктаклі расказала пра пяць пакаленьняў сваёй тэатральнай сям’і. І пра «дзіўныя выкрунтасы лёсу».
Пра рэпрэсіі ў 1937-м і 1948-м: як загінулі Баліцкі і Міхоэлс
Пачала Зоя Белахвосьцік з аповеду пра наркама асьветы Антона Баліцкага, сваяка яе прадзеда Паўла Сарокіна. Антона Баліцкага ў 1931 годзе асудзілі на 10 гадоў папраўчых лягераў, этапавалі на Салаўкі. На хадайніцтва жонкі Максіма Горкага Кацярыны Пешкавай яго памілавалі, а пазьней арыштавалі зноў.
31 кастрычніка 1937 году Антона Баліцкага расстралялі ў Курапатах. Пра яго Ганна Севярынец пісала ў сваёй кнізе «Гасьцініца «Бэльгія». А Зоя Белахвосьцік прачытала на імпрэзе яе верш.
Зоін дзед Глеб Глебаў у Маскве пазнаёміўся са знакамітым рэжысэрам, акторам, грамадзкім дзеячом Саламонам Міхоэлсам, яны пасябравалі. Глебаў казаў пра яго: «Саламон — сьветлае дзіця». На пачатку 1948 году Міхоэлс прыехаў Менск. За пару дзён да гібелі ён прыходзіў да Глебава ў госьці. А 13 студзеня Міхоэлса на загад Сталіна забілі ў Менску на рагу Ўльянаўскай і Беларускай.
У дарозе з эвакуацыі загінула 8-гадовая Глена, дачка Глебава
Расказала спадарыня Зоя і шмат іншых кранальных сямейных гісторый — пра трагічны лёс дачкі яе дзеда Глеба Глебава, якую назвалі Гленай (па імені бацькі Глеба і маці Алены) і якая загінула ў 8 гадоў.
Вайну Купалаўскі тэатар сустрэў на гастролях у Адэсе, адтуль трупа эвакуавалася праз Маскву ў Томск. Зоіна бабуля з малымі дзецьмі паехала шукаць мужа, і выпадкова на вакзале ў Бранску сям’я ўзьядналася. Дзеда, Глеба Глебава, прызначылі ў Томску мастацкім кіраўніком тэатру. Тэатар там працягваў працаваць, вось толькі спэктаклі ў эвакуацыі давялося граць па-расейску. З 1943 году Глебаў граў у франтавым тэатры. На грошы, заробленыя артыстамі, набылі баявы самалёт. Дарэчы, менавіта ў Томску ў 1944 годзе ўпершыню «Купалаўцы» паставілі «Паўлінку».
Калі пасьля эвакуацыі тэатар вяртаўся ў Беларусь, здарылася чыгуначная катастрофа, загінулі 7 чалавек, у тым ліку і 8-гадовая Глена. Зоіна бабуля Надзея Сарокіна пасьля гэтай трагедыі на сцэну больш ня выйшла. Праз 40 гадоў падчас гастроляў Зоя Белахвосьцік пабывала ў Томску ў доме, дзе ў эвакуацыі жылі яе дзед і бабуля.
«Беларускі хлеб ясі? А беларускую мову вывучаць ня будзеш?!»
Дзядуля, Глеб Глебаў, быў Зоіным найлепшым сябрам, вельмі любіў унучку, гуляўся зь ёю ў лялечны тэатар, многаму навучыў. У тэатры яго ласкава называлі «Глебушка», кажа Зоя Белахвосьцік.
«Калі мне было гадоў 5, бабуля ўпершыню ўзяла мяне ў тэатар на «Паўлінку» Але падчас другой дзеі мяне давялося вывесьці, бо я крычала: «Ня біце майго дзеда!» — узгадвае Зоя свой першы паход у Купалаўскі.
Белахвосьцік таксама ўзгадала, як стала сьвядомай беларускай. Дзяўчынка неяк даведалася, што хлопчыку зь ейнай клясы па заяве бацькоў дазволілі не вывучаць беларускую мову і літаратуру.
«Дзед выхоўваў мяне пяшчотай, мама — любоўю, а вось тата выхоўваў поглядам. Я прыйшла дадому, бацька ў той час абедаў — еў боршч. Я радасна пачала гаварыць: „Тата, калі ты напішаш заяву, каб я не вывучала „белку“, у мяне зьявіцца столькі вольнага часу і...“
Завяршыць фразу мне не ўдалося. Папа спачатку глянуў на мяне та-а-а-акім позіркам, а потым як закрычыць: „Беларускі хлеб ясі? А беларускую мову вывучаць ня будзеш?!“ І стукнуў кулаком па стале... Боршч крывавымі плямамі разьляцеўся па ўсёй кухні», — кажа народная артыстка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вольныя купалаўцы» выступілі ў Варшаве з прэм’ерай «Рамантыка» паводле Міцкевіча. ФОТА
«Артысткай ты станеш толькі праз мой труп»
Што да выбару прафэсіі, Зоін бацька, актор Валянцін Белахвосьцік, адразу ж вызначыўся: «Артысткай ты станеш толькі праз мой труп», узгадвае яна. Зоя вучылася ў мастацкай школе, малявала, ляпіла, вышывала, і сям’я спадзявалася, што яна стане кніжным графікам. Калі Зоі трэба было паступаць, бацька зьехаў на гастролі. Яна падала дакумэнты ў тэатральны інстытут. І не паступіла. Для яе гэта была трагедыя.
«Я плакала некалькі дзён запар — твар стаў як гнілая бульба. Даведалася, што адкрыўся новы Інстытут культуры. Аднесла дакумэнты туды. Там вывучаліся амаль такія ж прадметы, як у тэатральна-мастацкім інстытуце. На 3 курсе быў капусьнік, і пэдагог, аўтарытэт, сябра бацькі пераканаў яго, што мне трэба вучыцца ў тэатральна-мастацкім. Мяне перавялі туды. У выніку мне давялося вучыцца цэлых 6 гадоў!» — узгадвае юнацтва народная артыстка Беларусі.
Зою Белахвосьцік запрасілі ў Купалаўскі на ролю Паўлінкі. Яна ўспамінае, як цяжка было ўваходзіць у ролю, як увесь час адчувала сябе скаванай, заціснутай, незадаволенай. Разьняволіцца ўдалося толькі на гастролях у Кіеве, дзе купалаўцы выступалі на сцэне знакамітага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Івана Франка. Пасьля тых кіеўскіх гастроляў Валянцін Белахвосьцік прызнаў, што яго дачка — таленавітая артыстка.
«А мая мама — анёл усёй нашай сям’і. Толькі яна магла даваць самыя цьвярозыя парады, толькі яна магла мне сказаць: «Зоінька, можа, табе ўжо хопіць граць Паўлінку?» — кажа Белахвосьцік.
«Мы ў сям’і жартуем: на дзецях прырода і талент не адпачылі»
Зь цеплынёй і ўдзячнасьцю Зоя ўзгадала сваіх рэжысэраў — Андрэя Андросіка, Валера Раеўскага, Мікалая Пінігіна, усіх калег — актораў. І з гонарам адзначыла:
«У мяне ёсьць і асабісты рэжысэр — Аляксандар Гарцуеў. Гэта адзінае маё каханьне на ўсё жыцьцё. У нас ёсьць цудоўная дачка, таленавітая актрыса Валянціна Гарцуева. Мы ў сям’і жартуем: на дзецях прырода і талент не адпачылі. Мая сястра — таленавітая журналістка Надзея Белахвосьцік, якая напісала безьліч артыкулаў пра Купалаўскі тэатар. У мяне вельмі таленавіты пляменьнік Глеб Куфтэрын, названы ў гонар прадзеда, ён як мастак удзельнічаў у двух спэктаклях Купалаўскага», — расказала пра сваю вялікую сям’ю Зоя Белахвосьцік.
Нацыянальны тэатар павінен быць захаваны
Узгадала народная артыстка Беларусі, як летам 2020 году яны рыхтаваліся да 100-годзьдзя Купалаўскага тэатру. Але 12 жніўня давялося выступіць зь відэазваротам супраць гвалту і жорсткіх дзеяньняў сілавікоў. 17 жніўня Міністэрства культуры разарвала кантракт з дырэктарам тэатру Паўлам Латушкам, 19 жніўня актораў у будынак ужо не пусьцілі. Перамовы зь Мінкультам ні да чога не прывялі. І 26 жніўня 58 супрацоўнікаў тэатру (зь іх 36 — акторы) звольніліся.
14 верасьня, у 100-ю гадавіну, сцэна тэатру аказалася пустой. А ўжо 12 кастрычніка 2020 году паўсталі «Вольныя купалаўцы». Яны вырашылі, што Нацыянальны тэатар павінен быць захаваны.
Пачалі з пастаноўкі «Тутэйшых». Затым былі «Я», «Страх», «Паўлінка», «Войцэк», «Гардэнія», «Я гавару». Летась зьявіліся спэктаклі «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі», «Дзяды», «Гусі-людзі-лебедзі», «Сфагнум», «Рамантыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым цяпер займаюцца купалаўцы, якія год назад звольніліся на знак пратэстуЗ малатка прадалі два дзясяткі лялек, зробленых рукамі прымы
Напрыканцы вечары адбыўся аўкцыён аўтарскіх лялек Зоі Белахвосьцік.
Лялькі — героі спэктакляў: тут і Паўлінка, Злы пан і Жарабец з «Паўлінкі»; Кераміна Аркадзеўна і Любка-тлумачонак са спэктакля «Гусі-людзі-лебедзі», Сьляпая зь «Дзядоў», і Атэла з Дэздэмонай, Заяц, «Душа купалаўца», а таксама анёлы.
Аўкцыён з жартамі і прышпільнымі аповедамі пра кожную ляльку правёў артыст Купалаўскага Алег Гарбуз.
Цэны стартавалі з 50 злотых і даходзілі да 300. Такім чынам з малатка прадалі два дзясяткі фігурак, зробленых умелымі рукамі Зоі Белахвосьцік. На ўсіх ахвотных не хапіла.
Сярод гасьцей імпрэзы заўважаныя былі прафэсарка Эльжбэта Смулэк, першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, экс-дырэктар Купалаўскага Павал Латушка з дачкой Янай, філёзаф Павал Баркоўскі, палітык Аляксандар Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей, галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна і шмат іншых прыхільнікаў творчасьці Зоі Белахвосьцік і «Купалаўцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2-3 спэктаклі на месяц». Алег Гарбуз пра тое, што адбываецца з «Купалаўцамі»