Народную артыстку Беларусі Зою Белахвосьцік звальняюць з Акадэміі мастацтваў. Яна выкладала на катэдры майстэрства актора тэатральнага факультэту. На паўстаўкі яна была мастацкім кіраўніком акторскага курсу.
«Мне наогул нічога не тлумачылі, бо мяне не выклікалі. Загадчыку катэдры майстэрства актора Вячаславу Паўлюцю патлумачылі так: „Ну вы же понимаете“. У рэктараце яму сказалі: „Мы паважаем Зою Валянцінаўну, яна мудрая жанчына, яна зразумее“», — расказала яна Tut.by.
У рэктараце ад камэнтароў адмовіліся.
Зоя Белахвосьцік працавала ў Купалаўскім тэатры з 1982 году. Сёлета яна з большай часткай трупы сышла з тэатру на знак пратэсту супраць звальненьня дырэктара Паўла Латушкі.