Год таму, 24 сакавіка, ксёндз Анджэй Бульчак, які тады служыў у Паставах, сядзеў у міліцыі і даваў паказаньні наконт відэароліка ў падтрымку беларусаў падчас вайны ва Ўкраіне. Ён загадзя сабраў валізку, спаліў старое адзеньне, а праз два дні пасьля допыту сьпешна перайшоў мяжу зь Літвой. Разьвітацца з парафіянамі сьвятар ня здолеў.
Чакаў дазволу паехаць у Беларусь 8 гадоў
Ксяндзу Анджэю 49 гадоў. Бульчак падкрэсьлівае, што ён ня толькі паляк, але яшчэ і кашуб. Кашубы — гэта этнічная група, якая жыве на поўначы Польшчы зь неафіцыйным цэнтрам у Гданьску. Яны маюць свой сьцяг, мову, герб і гімн.
«Кашубы — гэта людзі, якія прайшлі шмат складаных момантаў у гісторыі. Кашубы доўга прыглядаюцца да чалавека, разважаюць, але калі ўжо пачнуць яму давяраць і прымуць яго за свайго, то гатовыя аддаць яму ўсё», — тлумачыць ксёндз.
«Сваіх» ён разгледзеў і ў беларусах і захацеў для іх працаваць. Адкрытасьць, простасьць, гасьціннасьць, добразычлівасьць, нягледзячы на ня вельмі заможнае жыцьцё, — так Бульчак апісвае добрыя рысы суседняга народу.
Калі Анджэй вучыўся ў сэмінарыі, то на рэлігійнай міжнароднай моладзевай сустрэчы Taizé ў Вроцлаве пазнаёміўся з групай беларусаў. Неўзабаве паехаў да іх у госьці машынай, поўнай прысмакаў. З другога курсу духоўнай вучэльні ён рэгулярна езьдзіў у Навагрудак і іншыя беларускія мясьціны, «рыхтаваўся да Беларусі». Калі стаў сьвятаром, то яшчэ 8 гадоў працаваў у Польшчы і чакаў дазволу гданьскага біскупа, каб паехаць служыць да беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ аднаго беларускага ксяндза аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»Пабудаваў два касьцёлы, сабраў дзьве тысячы вернікаў
У 2008 годзе ксяндза Анджэя накіравалі служыць у невялікую парафію ў 8-тысячным мястэчку Чашнікі Віцебскай вобласьці. Там ён пабудаваў касьцёл, які дзейнічае дагэтуль. У 2014 годзе сьвятара перавялі ў Паставы. Там ягонай задачай было стварыць парафію з нуля: сабраць людзей, арганізаваць богаслужэньні і таксама пабудаваць касьцёл, расказвае сьвятар. Ён зьехаў у Польшчу, калі будучая сьвятыня ўжо мела дах, вокны і электрычнасьць.
Пробашчу з Польшчы ўдалося сабраць дзьве тысячы вернікаў, наладзіць для іх звычайнае каталіцкае жыцьцё. Парафіі перадалі старую хату ў вёсцы. Вернікі са сьвятаром яе адрамантавалі і выкарыстоўвалі найперш на патрэбы дзяцей і моладзі: праводзілі там сустрэчы на выходных, ладзілі «вакацыі з Богам» — нешта накшталт летнікаў, расказвае Бульчак.
«Дом быў адкрыты для ўсіх, хто туды прыяжджаў», — кажа ксёндз.
Разам з моладзьдзю ксёндз стварыў тры рэлігійныя фільмы і выклаў іх на Youtube, чацьвёрты дарабіць ужо не пасьпелі. Айцец Анджэй арганізоўваў пілігрымкі на роварах у Будслаў, Браслаў, Вільню, аўтобусныя — у Фаціму, Рым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятарам дазволілі ўвайсьці ў Чырвоны касьцёл. Тое, што яны пабачылі, супярэчыць заявам уладаў«Я ня мог дазволіць сабе маўчаць, бо маўчаньне — гэта згода»
Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне, ксёндз Анджэй быў перакананы, што ўсе ягоныя парафіяне супраць вайны. Аднак заўважыў, што на некаторых моцна ўплывае тэлевізія. Тады ён вырашыў штодня гаварыць у касьцёле, што вайна — гэта зло, забіваць людзей — гэта кепска, што Бог гэтага не ўхваляе і што хрысьціяне ня могуць падтрымліваць вайну.
«Я ня мог дазволіць сабе маўчаць, бо маўчаньне — гэта згода з чымсьці. Пан Езус не маўчаў, калі бачыў зло. Гэта было ня супраць уладаў, а супраць зла, якое адбывалася», — камэнтуе сьвятар.
Калі ў Польшчы пачалі цкаваць беларусаў, называць іх акупантамі за вайну ва Ўкраіне, калі стала вядома, што ў Польшчы беларусам праколваюць колы ў машыне, сьвятар вырашыў разам зь беларускай моладзьдзю запісаць відэа ў форме ліста да польскіх грамадзян, дзе тлумачылася, што беларусы не акупанты.
«Гэта быў крык роспачы, каб спыніць канфлікт паміж палякамі і беларусамі, каб ня страціць адзінства, дружбы, якая раней была», — тлумачыць Анджэй Бульчак.
«Я думаў, што выеду нармальна, што мне скажуць дзякуй»
У відэароліку выкарысталі фатаздымкі з пратэстаў, на адным зь іх быў лягатып «экстрэмісцкага» тэлеканалу «Белсат». Ксёндз Бульчак даведаўся, што на яго завялі адміністрацыйную справу за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паляк падумаў, што яго вышлюць зь Беларусі, і пачаў ціха рыхтавацца да ад’езду, завяршаць свае справы.
«Я ведаў, што выеду, але думаў, што гэта адбудзецца нармальна, што мне скажуць дзякуй, да пабачэньня», — прыгадвае сьвятар.
Ён паклаў у малую валізку брэвіярый (штодзённы малітоўнік сьвятара), сродкі гігіены і нешматлікія неабходныя рэчы, а сваё старое адзеньне спаліў.
«Гэта вельмі цікавы духоўны досьвед, калі ведаеш, што ня можаш узяць з сабой усе свае рэчы, а тады спакаваць іх і спаліць. Гэта было старое адзеньне, якое ўжо нікому нельга перадаць, як сподняе ці шкарпэткі. Усе іншыя рэчы, тэхніку я пакінуў у доме», — успамінае суразмоўца.
Урэшце яму патэлефанавалі і выклікалі на допыт 24 сакавіка 2022 году ў пастаўскі аддзел міліцыі. Ён паехаў. Допыт праводзіў мужчына ў цывільным.
«Ён пытаўся: «Навошта вы гэта рабілі?» А я адказаў: «Я думаю пра вашых дзяцей і ўнукаў, бо яны ніколі ня здолеюць трапіць ані ва Ўкраіну, ані ў Польшчу, бо праз палітыку закрываюць межы», — пераказвае допыт сьвятар.
На ксяндза Анджэя склалі пратакол. Падчас ягонага допыту адначасна дапытвалі іншага сьвятара зь Віцебшчыны. У ксяндза Бульчака запыталіся, ці здолее ён увечары замяніць калегу на богаслужэньні. Бульчак зразумеў, што калега ў той дзень ня вернецца дадому. Яму тады далі арышт, на працэсе прысутнічалі біскуп і сьвятары.
Ксяндзу Бульчаку перадалі ключы ад машыны калегі і адпусьцілі. Сьвятар мяркуе, што яго не затрымалі, бо мае польскае грамадзянства, каб не было міжнароднага скандалу. Суд над Бульчакам прызначылі на 25 сакавіка, аднак у той дзень справу не разгледзелі, матэрыялы адправілі на дапрацоўку. Працэс перанесьлі на «пасьля выходных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жаночы «ланцуг салідарнасьці» каля Чырвонага касьцёла, які ўчора заблякаваў АМАП. ФОТА«Я падумаў, што гэта знак ад Пана Бога»
«Я падумаў, што гэта знак ад Пана Бога. Падумаў, што лепей выехаць. Я разумеў, што, раз калегу арыштавалі, то падобнае можа быць і са мной», — кажа ксёндз Анджэй.
Без разьвітаньня, ня кажучы нікому, ён сеў у машыну і паехаў.
«26 сакавіка ў суботу я пераступіў мяжу зь Літвой, толькі тады я ўсьміхнуўся і адчуў голад. Перад гэтым мне не хацелася есьці», — успамінае сьвятар.
Бульчак расказвае, што зь Літвы ён пазваніў свайму беларускаму біскупу і патлумачыў, што мусіў зьехаць «са зразумелых прычынаў». Амаль адразу пасьля ягонага ад’езду беларускія ўлады паведамілі, што забіраюць у яго права служыць у Беларусі, хаця ягоны дазвол на служэньне дзейнічаў яшчэ больш за месяц.
«Гэта быў цяжкі досьвед, я б не хацеў другі раз гэта перажываць. Але паводзіў сябе, як трэба, і выканаў сваё заданьне ў Беларусі», — мяркуе ксёндз.
Ён расказаў, што адчуваў у той час падтрымку дзеда Юзафа. Той у верасьні 1939 году змагаўся зь немцамі. Калі 17 верасьня Савецкі Саюз напаў на Польшчу, Юзафа ўзялі ў палон. Ён аказаўся, імаверна, у ваколіцах Смаленску. Савецкія салдаты правяралі далоні ў мужчын. Юзаф быў чалавекам працы, а не з інтэлігенцыі, меў цьвёрдыя, спрацаваныя рукі. Дзякуючы гэтаму яго адпусьцілі.
«Ён меўся пешкі ісьці дадому праз тэрыторыю Беларусі на свае Кашубы. Дзед меў „доўг падзякі“ да тых людзей, якія яго сустракалі, дапамагалі на дарозе. Да канца я ня ведаю, бо ён забраў сваю гісторыю ў труну», — расказвае сьвятар.
У траўні 2022 году стала вядома, што суд Пастаўскага раёну асудзіў ксяндза Анджэя Бульчака за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 960 рублёў штрафу. Позву сьвятар атрымаў у Viber.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік каталіцкага касьцёла Беларусі: «Выбары павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі»«Сваё заданьне ў Беларусі я выканаў»
Цяпер ксёндз Анджэй служыць у Гданьску. У тым ліку ён апякуецца беларускім душпастырствам, там штонядзелі праходзяць богаслужэньні па-беларуску. Ксёндз заўважае розьніцу паміж беларускімі і польскімі вернікамі. На ягоную думку, на захадзе большы ўплыў мае матэрыялізм.
«У Беларусі нават няверуючыя людзі маюць духоўныя патрэбы, нават калі яны зьвяртаюцца да забабонаў. Адчуваецца гэтая таямніца звышнатуральнага сьвету. Гэта поле дзейнасьці для Касьцёла ў Беларусі, каб выкарыстаць гэтую сфэру голаду. На жаль, на захадзе гэты голад часткова прыглушылі матэрыялізмам», — разважае духоўнік.
Ён расказвае, што пасьля ад’езду зь Беларусі перажываў жалобу, як пасьля страты блізкага чалавека.
«Парафія была маім дзіцем: супольнасьць, будаўніцтва, і гэта ўсё памерла. Але праз год я бачу, што гэта мае духоўнае вымярэньне. Я зразумеў, чым зьяўляецца страта», — кажа сьвятар.
Цяпер дзякуючы свайму досьведу ён дадаткова служыць сем’ям зь невылечна хворымі дзецьмі, рыхтуе іх да сьмерці, размаўляе з бацькамі. Ксёндз Анджэй думае, што ён больш ня будзе працаваць у Беларусі.
«Я чакаю, калі здолею прыехаць у Чашнікі і Паставы, каб разьвітацца. Цяпер я буду мець свае абавязкі ў Польшчы. У духоўным разуменьні я адчуваю, што сваё заданьне ў Беларусі выканаў», — кажа ксёндз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я меў 15 хвілін, каб сабраць свае рэчы». Гутарка зь беларускім ксяндзом, які «пракаціў» на капоце вайскоўца падчас пратэстаў