У Міністэрстве замежных спраў Літвы заявілі, што ўважліва сочаць за сытуацыяй вакол заявы прэзыдэнта Расеі аб плянах Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.
«Разглядаем гэта як чарговую спробу двух непрадказальных дыктатарскіх рэжымаў пагражаць сваім суседзям і ўсяму эўрапейскаму кантынэнту. Гэта адчайныя крокі Пуціна і Лукашэнкі, накіраваныя на стварэньне чарговай хвалі напружанасьці і дэстабілізацыі ў Эўропе», — гаворыцца ў заяве МЗС Літвы.
Падобныя дзеяньні яшчэ больш уцягваюць Беларусь у вайну супраць Украіны і канфрантацыю з дэмакратычным сьветам, лічаць у літоўскім замежнапалітычным ведамстве.
«Дадатковым фактарам рызыкі для Балтыйскага рэгіёну зьяўляецца Беларусь, якая ўсё больш страчвае свой сувэрэнітэт, падтрымлівае і дапамагае расейскай агрэсіі, усё больш інтэгруецца ў расейскія вайсковыя пляны. Разам са сваімі эўраатлянтычнымі партнэрамі Літва будзе вырашаць, як рэагаваць на гэтыя мілітарысцкія пляны расейскага і беларускага рэжымаў», — адзначылі ў МЗС Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні аргумэнт дыктатараў. Беларусь пад ядзерным прыцэлам. Тлумачэньні палітоляга і палітычнага аналітыка25 сакавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Паводле Пуціна, Аляксандар Лукашэнка даўно прасіў яго разьмясьціць такую зброю ў краіне.
Як заявіў прэзыдэнт Расеі, будаўніцтва ў Беларусі сховішча тактычнай ядзернай зброі павінна быць завершана да 1 ліпеня. Акрамя таго, Беларусі перададзены ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і самалёты, якія могуць несьці ядзерныя ракеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты заявілі, што ня бачаць, каб у Беларусі абсталёўвалі сховішча для ядзернай зброі