У Беларусі набылі моц папраўкі ў закон аб сьмяротным пакараньні за «здраду дзяржаве»

Ілюстрацыйнае фота. Беларус Віктар Скрундзік, асуджаны на расстрэл за забойства двух пэнсіянэраў

25 сакавіка ў Беларусі набылі сілу папраўкі аб сьмяротным пакараньні для чыноўнікаў і вайскоўцаў за здраду дзяржаве.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведныя зьмены ў закон 9 сакавіка, папраўкі ў заканадаўчыя акты набылі моц 25 сакавіка. У рамках паправак у Беларусі чыноўнікам і вайскоўцам за здраду дзяржаве цяпер пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне. Акрамя таго, з 25 сакавіка ў Беларусі ўводзіцца крымінальная адказнасьць за «прапаганду тэрарызму» і «дыскрэдытацыю арміі», а таксама штрафы за злачынствы антыдзяржаўнай накіраванасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон, які зацьвярджае сьмяротную кару за «здраду дзяржаве»

Палата прадстаўнікоў прыняла гэты законапраект 7 сьнежня 2022 году. Згодна з папраўкамі ў Крымінальным кодэксе, «здрада дзяржаве» шырока вызначаецца як шпіянаж, пераход на бок праціўніка падчас вайны або ўзброенага канфлікту, а таксама выдаваньне дзяржаўных сакрэтаў Беларусі або іншых дзяржаў, або іншае садзейнічаньне замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам, накіраванае на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Крымінальны кодэкс Беларусі ўжо прадугледжвае сьмяротнае пакараньне за забойства, тэрарызм і нават замах на тэрарызм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі і вайскоўцы — кандыдаты на расстрэл. Лічыць былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная асацыяцыя юрыстаў асудзіла закон аб сьмяротным пакараньні за «здраду дзяржаве», які ў Беларусі набывае моц 25 сакавіка