Сьцісла:
- Пытаньне спыненьня тэрору фундамэнтальнае, можа, нават самае галоўнае для сёньняшняй Беларусі.
- Рэпрэсіі пачынаюць закранаць намэнклятуру.
- Пасьля 2020 году Лукашэнка ўвесь час адчувае пагрозу для сваёй аднаасобнай улады.
- Нармалізацыя адносін лукашэнкаўскай Беларусі з Захадам нават у пэрспэктыве выглядае маларэальнай.
- Мяняецца сама функцыя тэрору. Гэта ўжо ня толькі мэханізм зьнішчэньня апазыцыі, як тое было раней. Тэрор стаў спосабам існаваньня гэтага рэжыму.
На мінулым тыдні працягваліся масавыя палітычна матываваныя затрыманьні ў розных рэгіёнах Беларусі: Гомлі, Мазыры, Оршы, Пінску, Горадні. Арышты праводзяцца ці то ў межах абвешчанай Лукашэнкам «зачысткі», ці то гэта прэвэнтыўныя захады напярэдадні Дня Волі... Ці проста запушчаная машына тэрору працуе на аўтамаце, яе ніхто не спыняе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 сакавіка: затрыманьні ў Пінску, Горадні, Гомлі, Мазыры, Калінкавічах, ВоршыТэрор цягнецца ўжо два з паловай гады, і канца і краю не відаць. Сытуацыя становіцца ўсё больш жахлівай. У нядаўна апублікаваным дакладзе аб Беларусі Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Фолькера Цюрка гаворыцца, што некаторыя з зафіксаваных у краіне парушэньняў могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасьці.
Натуральна, грамадзтва хвалюе пытаньне, калі ўсё гэта скончыцца. Пытаньне фундамэнтальнае, можа, нават самае галоўнае для сёньняшняй Беларусі, бо ў такім стане сучаснае грамадзтва ўвесь час жыць ня можа.
Было шмат спробаў адказаць на яго. Нейкі час была папулярнай вэрсія, што гэта доўга не працягнецца, бо ператварыць краіну ў цэнтры Эўропы ў ХХІ стагодзьдзі ў Паўночную Карэю нерэальна, сядзець на штыках працяглы час немагчыма. Называлі нават тэрміны (два гады). Аднак час ідзе — і кожны раз прабіваецца ўсё новае дно.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Лукашэнкі адрэагавалі на даклад ААН пра рэпрэсіі і катаваньні ў БеларусіЧытаў гіпотэзу, што палітычныя рэпрэсіі спыняцца тады, калі яны зачэпяць намэнклятуру. Маўляў, ня будзе ж яна «кашмарыць» сама сябе. Аднак гістарычны досьвед сьведчыць пра іншае. Тэрор падчас Вялікай францускай рэвалюцыі не спыняўся да таго часу, пакуль пад нож гільятыны ня трапілі тыя, хто яго распачаў. У часы сталінскага тэрору была зьнішчана большасьць кіроўнай намэнклятуры, уключаючы супрацоўнікаў НКУС, якія яго арганізавалі.
Ды і сучасны беларускі досьвед паказвае, што рэпрэсіі ўжо закранаюць і чыноўнікаў. Ва ўсіх ведамствах прайшлі чысткі, пасьля двухгадовай паўзы пачалі арыштоўваць людзей з вышэйшай элітнай лігі, якіх ніхто ня можа чапаць без найвышэйшага дазволу. Гэта міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, дырэктар «Агату» генэрал Генадзь Казакоў, старшыня праўленьня «Прыёрбанку» Сяргей Касьцючэнка, у мінулым алігарх № 1 Юры Чыж (двух апошніх ужо вызвалілі, бо заплацілі выкуп). Рэгулярна садзяць у турму дырэктараў прадпрыемстваў.
Іншым разам гавораць, што тэрор спыніцца тады, калі Лукашэнка супакоіцца, бо ня будзе адчуваць пагрозы сваёй уладзе. Як тое адбылося пасьля 2010 году. Тады таксама на першым часе здавалася, што пагрому апазыцыі ня будзе канца. Аднак мінуў год-другі, апазыцыя была паралізаваная... Адначасова радыкальна памяняўся вонкавы кантэкст, прыляцеў «чорны лебедзь» у выглядзе Крыму і Данбасу. І здарылася касмэтычная лібэралізацыя, вызвалілі ўсіх палітвязьняў, пачалася нармалізацыя адносін з Захадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Датэрмінова выйшаў на свабоду экс-кіраўнік «Прыёрбанку», якога асудзілі на 3,5 года калёнііАднак цяпер сытуацыя іншая. Цяжка параўноўваць ступень пагрозы рэжыму ў 2010 і 2020 гадах. Зусім іншы маштаб пратэсту і, значыць, іншая глыбіня душэўнай раны, псыхалягічнай траўмы, атрыманай Лукашэнкам. Пасьля 2020 году ён увесь час будзе адчуваць пагрозу для сваёй аднаасобнай улады.
Калі гаварыць пра вонкавыя абставіны, то зноў, як і 2014 годзе, прыляцеў «чорны лебедзь» у выглядзе расейскай агрэсіі супраць Украіны, аднак рэакцыя беларускага рэжыму на яго аказалася супрацьлеглай. Таму тут аналёгіі не спрацавалі.
Нарэшце, існуе яшчэ адна думка. Тэрор спыніцца, калі зьявіцца вострая патрэба афіцыйнага Менску ў нармалізацыі адносін з Захадам. Але сёньня такое разьвіцьцё падзей выглядае маларэальным. Наадварот, цяпер мы назіраем супрацьлеглы трэнд. Адносіны лукашэнкаўскага рэжыму з Захадам толькі абвастраюцца. Заходнія краіны радыкалізуюцца ў сваім стаўленьні да РФ і Беларусі. У сваю чаргу, варожасьць беларускіх уладаў да ЭЗ і ЗША набірае моц.
Да таго ж мяняецца сама функцыя тэрору. Гэта ўжо ня толькі мэханізм падаўленьня апазыцыі, як тое было раней. Тэрор стаў спосабам існаваньня гэтага рэжыму.
Таму наўрад ці варта чакаць спыненьня жорсткіх палітычных рэпрэсій пры гэтым рэжыме. Калі сказаць па-іншаму: тэрор ня спыніцца, пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.