У Віцебску масава звальняюць людзей, якія падпісваліся за вылучэньне Віктара Бабарыкі
Як паведамляе «Віцебская Вясна», паведамленьні пра звольненых на гэтай падставе паступаюць ад работнікаў розных гарадзкіх прадпрыемстваў. Абсалютна розныя і пасады, якія займалі ўжо звольненыя — ад прыбіральшчыцы да начальніка цэху. Ад людзей не хаваюць, што «паступіў загад разабрацца».
Апраўданьняў пра тое, што ўлетку 2020 году Віктар Бабарыка абвясьціў збор подпісаў за сваё вылучэньне на цалкам законных падставах, ніхто ня слухае.
Былога палітвязьня Валадара Цурпанава выклікалі ў міліцыю
Магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў у сябе на старонцы ў Facebook пакінуў запіс, што 24 сакавіка каля 7:40 раніцы да яго дадому заявіліся трое супрацоўнікаў міліцыі, адзін зь якіх здымаў усё на камэру. Цурпанаву сказалі зьявіцца да 15:00, верагодна, у Кастрычніцкі РАУС Магілёва «на прафіляктычную гутарку».
Пры гэтым, зыходзячы з запісу, Цурпанаў патрабаваў, каб зь ім размаўлялі на беларускай мове, аднак сілавікі адмовіліся гэта рабіць, піша MAYDAY. Цурпанаву прыгразілі, што калі ён ня зьявіцца на прафіляктычную гутарку, то яму пагражае адказнасьць.
«Аблава» ў Берасьці — затрымана сама меней 6 чалавек
Паводле інфармацыі @viasna_brest, 17 сакавіка ў Берасьці адбываліся затрыманьні. Да людзей, якія раней былі недзе заўважаныя, сілавікі прыходзілі дамоў, правяралі тэлефоны і перапіскі. Пасьля гэтага людзей арыштоўвалі.
У панядзелак 20 сакавіка адбываліся суды па ч.2 арт.19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вядомыя прозьвішчы 6 чалавек, каго судзілі па гэтым артыкуле.
У Гомлі затрымалі праваслаўных актывістаў
Учора ў Гомлі былі брутальна затрыманыя некалькі чалавек. На відэа тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія» апазнала вядомага праваслаўным гамяльчанам Аляксандра Тарасенку, былога іераманаха Гомельскага Сьвята-Мікольскага кляштару. На відэа Тарасенка «прызнаецца», што нібыта разьмясьціў у сваім Фэйсбуку «абразьлівую заяву на адрас прэзыдэнта».
24 сакавіка Аляксандру Тарасенку прысудзілі 14 сутак адміністрацыйнага арышту, па якім артыкуле — невядома, паведамляе «Хрысьціянская візія».
Зараз у Гомлі крымінальны перасьлед зазнае яшчэ адзін вядомы праваслаўны дзеяч — Андрэй Пуканаў, па абвінавачаньні ў разьмяшчэньні на сваім Фэйсбуку паста з «абразамі прэзыдэнта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Сяргею Раманаву дадалі яшчэ 11 месяцаў калёніі, агулам — 20 гадоў і 11 месяцаў за кратаміМенчука асудзілі на 2 гады калёніі па «народным» артыкуле за падзеі 2020 году
У судзе Ленінскага раёну Менску 23 сакавіка вынесьлі прысуд палітзьняволенаму Глебу Юр’еву паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Юлія Інчына.
Мужчыну затрымалі за адміністраваньне чату «Типичная Серебрянка».
Судзьдзя прызначыла Глебу 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Кобрын: палітвязьню прысудзілі 1 год калёніі. Суд праходзіў наўпрост у будынку РАУС
24 сакавіка кобрынская судзьдзя Ала Богнат разглядала крымінальную справу супраць Міхаіла Кухарчука. Да суду мужчына быў пад хатнім арыштам. Яго вінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі па ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу.
Па інфармацыі берасьцейскай «Вясны», рашэньнем судзьдзі стала прызнаць Кухарчука вінаватым ды прызначыць 1 год калёніі. Палітвязьня ўзялі пад варту пасьля абвяшчэньня прысуду.
Раней сілавікі апублікавалі відэа, у якім абвінавацілі мужчыну ў напісаньні 860 пратэстных інтэрнэт-камэнтароў. На тым жа відэа былі прыклады такіх паведамленьняў. Так, напрыклад, 27.02.2022 пад навіной пра тое, што Лукашэнка прызнаў запускі ракет з тэрыторыі Беларусі, быў тэлеграм-камэнтар пра «двух маразматыкаў, [..] што адзін быў вымушаны, што другі». Меркавана, менавіта за гэты камэнтар Кухарчуку і прысудзілі 1 год пазбаўленьня волі, пішуць праваабронцы.
2 гады «хатняй хіміі» за твіт
Суд Пухавіцкага раёну вынес прысуд 24-гадоваму жыхару Мар’най Горкі Максіму Аўчарэнку ў справе аб нібыта прапагандзе нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі (арт. 341-1 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Васілеўскі, паведамляе «Вясна».
Як сьцьвярджае абвінавачаньне, Аўчарэнка ў красавіку і кастрычніку 2022 году прыцягваўся да адказнасьці паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 19.10 КаАП нібыта за публічнае дэманстраваньне ў інтэрнэце нацыстоўскай сымболікі.
Максіма затрымалі 12 кастрычніка праз тое, што ён «радаваўся сьмерцям расейскіх вайскоўцаў» і «абразіў Лукашэнку». Пазьней яму прызначылі арышт, пасьля якога ён напісаў твіт: «Адседзеў 40 сутак у ЦІП на Акрэсьціна і ні пра што не шкадую. Пазнаёміўся з найлепшымі людзьмі Беларусі».
Пасьля ён разьмясьціў у Twitter малюнак, аднесены да пэрыяду нацысцкай Нямеччыны (1933–1945 гады), які паказваў паралелі з расейскімі вайскоўцамі.
Сілавікі Лукашэнкі апублікавалі відэа, у якім прадэманстравалі паведамленьні Максіма ў Twitter, дзе ў яго профілі была беларуская і ўкраінская сымболіка, — пісала «Наша ніва».
Суд прызнаў Максіма вінаватым і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады («хатняя хімія»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 сакавіка: затрыманьні ў Пінску, Горадні, Гомлі, Мазыры, Калінкавічах, Воршы