«Мне вельмі цяжка зразумець, чаму так шмат людзей сапраўды ненавідзіць мяне без прычыны, проста без прычыны», — гэтак нядаўна заявіла беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, камэнтуючы «нянавісьць у распранальні», зь якой яна сутыкнулася на апошніх турнірах з боку ўкраінскіх спартовак.
Днямі Сабаленка дайшла да фіналу на турніры ў амэрыканскім Індыян-Уэлсе, а ў адным з папярэдніх раўндаў украінка Леся Цурэнка адмовілася выходзіць зь ёю разам на корт. Сабаленка сказала, што нічога дрэннага нікому не зрабіла, але пры гэтым «былі ня тое каб бойкі, але нейкія дзіўныя размовы не зь дзяўчатамі, а з чальцамі іх каманды».
У такіх выпадках міжволі хочацца працытаваць мэмную фразу: «А што здарылася?» То бок спартоўка, якая фактычна адмаўляецца адназначна асудзіць агрэсію Расеі супраць Украіны, якая заяўляе, што сама «нічога кепскага ўкраінцам не зрабіла» — зьдзіўляецца: «За што?». Спартоўка, якая сустракалася і абдымалася з Лукашэнкам, а пасьля жніўня 2020 году падпісала праўладны ліст з падтрымкай рэжыму і з асуджэньнем пратэстаў, больш за тое, рэзка і абразьліва ў сацыяльных сетках адказвала тым людзям, якія заклікалі яе асудзіць рэпрэсіі, — цяпер зьдзіўляецца: «Што здарылася?»
Калісьці, у 2013 годзе, я напісаў блог «Ці абавязаны я ганарыцца Азаранкай?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці абавязаны я ганарыцца Азаранкай?Успамінаю гэта выключна дзеля таго, каб нагадаць, што тады, 10 гадоў таму, выказаныя думкі ўспрымаліся як крамола і маргінальнае меркаваньне. У тым тэксьце сьцьвярджалася, што да спартоўцаў варта ставіцца не як да робатаў, якія здабываюць перамогі, пункты і галы, а найперш як да людзей і грамадзянаў, ацэньваць іхныя чалавечыя якасьці і грамадзянскія ўчынкі. Але тады большая частка грамадзтва, як падаецца, не ўспрымала гэтую лёгіку і гатовая была ганарыцца любым дасягненьнем спартоўцаў зь беларускім грамадзянствам — маўляў, мы маладая нацыя, трэба ганарыцца тым, што ёсьць.
Пасьля 2020 году ўсё зьмянілася. Мы як грамадзтва сталі больш разборлівымі і патрабавальнымі. Цяпер большасьць тых людзей, хто хоць неяк цікавіцца палітыкай і грамадзкімі працэсамі, ня можа ставіцца да спартоўцаў без уліку іхнай чалавечай і грамадзянскай пазыцыі.
Нядаўнюю перамогу Сабаленкі на Australian Open праўладныя СМІ прадставілі як асаблівую заслугу ўладаў. Сам Лукашэнка пад тэлекамэры кульнуў з гэтай нагоды чарку гарэлкі, што неаднаразова трансьлявалася ва ўсіх дзяржаўных мэдыя. Разам з тым пра посьпехі тых беларускіх спартоўцаў, якія ў 2020-м выступілі супраць рэпрэсіяў, прапаганда не паведамляе: бо іх ужо «выключылі» зь беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска Арына Сабаленка выйграла Australian OpenДарэчы, сама Сабаленка ўсё менш зьвязвае сябе з краінай свайго грамадзянства. Пасьля ўведзеных супраць спартоўцаў Беларусі і Расеі санкцыяў яна выступае пад нэўтральным сьцягам, а пасьля перамогі на Australian Open, адказваючы на пытаньне, ці зьбіраецца адзначыць трафэй у Беларусі, Сабаленка шчыра прызналася, што ў Беларусь ехаць не плянуе, а паедзе «дадому», у Маямі (ЗША).
Беларусам, якія пакутуюць ад рэпрэсіяў, украінцам, якія кожны дзень даведваюцца пра сьмерць сваіх сяброў і блізкіх на вайне, цяжка нэўтральна ставіцца да тых спартоўцаў, якія падтрымліваюць дыктатарскую ўладу і не жадаюць выразна выказацца супраць агрэсара, які чыніць ваенныя злачынствы. І гэта менавіта тое, чаго не разумее альбо не жадае разумець Арына Сабаленка.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мроі пра «альтэрнатыўную Алімпіяду». Беларускі спорт задыхаецца ад санкцыяў