Выставу можна паглядзець да 27 сакавіка. Гэта першая падзея ў Варшаве, якая суправаджае сьвяткаваньне Дня беларускай Волі 25 сакавіка.
З нагоды Дня Волі віцэ-прэм’ер ураду Польшчы Пётр Глінскі перадаў Музэю вольнай Беларусі плякаты з конкурсу «Бел-чырвона-белы», які летась быў арганізаваны Нацыянальным цэнтрам культуры і МЗС Польшчы.
У 2022 годзе Нацыянальны Цэнтар культуры ў Варшаве ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Польшчы ініцыяваў міжнародны конкурс плякатаў «Бела-чырвона-белы», прымеркаваны да другой гадавіны беларускі пратэстаў. 9 жніўня 2022 года на агароджы варшаўскага парка Лазенкі (Пленэрная галерэя музэя Каралеўскіх Лазенак) адкрылася выстава пераможцаў, потым яе экспанавалі ў палацы прэзыдэнта Польшчы, а таксама ў польскіх замежных прадстаўніцтвах у многіх краінах сьвету.
Выстава расказвае пра імкненьне беларускага народу да свабоды і незалежнасьці.
«Плякаты, натхнёныя барацьбой беларусаў за годнае жыцьцё, застануцца сьведчаньнем салідарнасьці паміж палякамі і беларусамі. У Польшчы ствараюцца інстытуты вольнай Беларусі, таму што мы — згодна з прынцыпам сумеснай барацьбы вольных народаў за свабоду і сувэрэнітэт — нясем адказнасьць за падтрымку. Гэты музэй — выдатны прыклад барацьбы на ніве культуры», — заявіў Глінскі.
На адкрыцьці таксама выступіла Натальля Пінчук — жонка палітвязьня, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
Пінчук падзякавала польскай дзяржаве за падтрымку беларускага народу ў яго імкненьні да свабоды:
«Гэтая падтрымка шматгадовая і пасьлядоўная, асабліва яна праявілася ў апошнія гады — калі беларусы выявілі гераізм і зазналі пакуты. Гэта і салідарнасьць з рэпрэсаванымі, і спрыяньне тым, хто мусіў пакінуць краіну, і цьвёрдае стаўленьне да рэжыму. Выстава плякатаў зь міжнароднага конкурсу, якая сёньня адкрываецца, называецца „Бел-чырвона-белы“. Жнівень 2020 году абудзіў прагу да свабоды ў мільёнаў беларусаў, а сымбалізуе гэтае абуджэньне наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.
Пад гэтым сьцягам стваралі беларускую дэмакратычную дзяржаву айцы-заснавальнікі БНР, ішлі яе бараніць слуцкія ваяры. Сьцяг быў забаронены ў савецкі час, але наша пакаленьне найперш адкрыла яго для сябе, а тады высока ўзьняло для ўсіх беларусаў. У 1991 годзе Алесь Бяляцкі прынёс бел-чырвона-белы сьцяг у залю паседжаньняў Менскага гарадзкога савету і ўсталяваў яго на даху — упершыню над будынкам улады ў яшчэ савецкай Беларусі».
23 сакавіка Натальля Пінчук наведала рэктара Варшаўскага ўнівэрсытэту Алёйзы Новака і падзякавала яму за падтрымку беларускіх студэнтаў і навукоўцаў, а таксама за вечарыну салідарнасьці з Алесем Бяляцкім, якая прайшла пад ягоным патранатам 21 сакавіка.
Беларускі дом у Варшаве на 23 сакавіка заплянаваў сяброўскую сустрэчу з жонкай Алеся Бяляцкага Натальляй Пінчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаўскім унівэрсытэце прайшла канфэрэнцыя салідарнасьці з Алесем Бяляцкім. ФОТАЗ 20 па 31 сакавіка ў Варшаве і Вільні праходзяць тыдні салідарнасьці зь беларускім ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцам Алесем Бяляцкім, а таксама іншымі беларускімі палітвязьнямі.
У рамках праграмы міжнароднай кампаніі падтрымкі Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі, пройдуць вечарыны ва ўнівэрсытэтах Варшавы і Вільні, сустрэчы жонкі Алеся Натальлі Пінчук з уладамі Польшчы і Літвы, праваабарончымі арганізацыямі, беларускімі дыяспарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы Дуда сустрэўся з жонкай Бяляцкага, абяцаў працягваць падтрымку беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся Тыдні салідарнасьці з Алесем Бяляцкім у Польшчы і Літве