Офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН прадставіў 17 сакавіка другі даклад аб сытуацыі ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і пасьля іх. 22 сакавіка ў Жэнэве падчас 52-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН рэглямэнтам прадугледжана вусная заява, паведамляе «Вясна».
Даклад агучыла намесьніца Вярхоўнага камісара Нада аль-Нашыф. У сваёй прамове яна падкрэсьліла:
«Шматлікія парушэньні можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасьці, бо яны былі наўмысныя, шырока распаўсюджаныя, парушэньні зьдзяйсьняліся ў адносінах да цывільнага насельніцтва па прымеце рэальнай ці меркаванай прыналежнасьці да апазыцыі».
«Наш Офіс глыбока шкадуе, што Беларусь па-ранейшаму не супрацоўнічае. Офіс прызнае зь вялікай удзячнасьцю, што ахвяры і сьведкі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі падзяліліся сваёй інфармацыяй», — заявіла Нада аль-Нашыф.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы здохнеце тут». Праваабаронцы апублікавалі вынікі расьсьледаваньня катаваньняў на Акрэсьціна ў жніўні 2020 годуПазьней слова далі дэлегацыі ад уладаў Беларусі.
Яе прадстаўніца, у сваю чаргу, заклікала прадстаўнікоў арганізацыі і іншых заходніх палітыкаў прыехаць у Беларусь і пераканацца ў «мірным жыцьці грамадзян».
«Я хачу пачаць свой выступ з запрашэньня, якое неаднойчы гучала ў гэтай залі. Прыяжджайце ў Беларусь. Сёньня дзьве траціны жыхароў краін сьвету могуць прыехаць да нас бязь візаў. Вы ўбачыце спакойныя дагледжаныя гарады і вёскі, мірнае стваральнае жыцьцё нашых грамадзян, — сказала прадстаўніца Беларусі. — Паразмаўляйце проста зь людзьмі на вуліцах — гэта будзе праўдзівая інфармацыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніцтва Беларусі пры ААН называе «хлусьнёй» даклад аб забойствах і катаваньнях, але не абвяргае аніводнага факту«Беларусь жыве і разьвіваецца наперакор ціску і гістэрыі, якая нагнятаецца шэрагам заходніх краін і так званай экспэртызай Офісу правоў чалавека Вярхоўнага камісара... Аўтары гэтых дакладаў і ініцыятары антыбеларускіх рэзалюцый у Радзе правоў чалавека зьневажаюць беларускі народ, калі спрабуюць атаясаміць усю нашую нацыю зь некалькімі маргінальнымі НДА і парай соцень нібы апазыцыянэраў, якія баязьліва ўцяклі з краіны пасьля няўдалай спробы „каляровай“ рэвалюцыі ў 2020 годзе».
У Эўразьвязе чарговы раз падкрэсьлілі, што глыбока занепакоены ўсё большымі рэпрэсіямі ў адносінах да грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, незалежных СМІ ў Беларусі.
«Як пра гэта паведамляецца Вярхоўным камісарам, існуюць падставы меркаваць, што сыстэматычныя, шырока распаўсюджаныя сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека чыніліся і чыняцца ў Беларусі, таму мы падкрэсьліваем, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца», — сказала прадстаўніца Эўразьвязу.
ЭЗ зацікавіўся выпадкамі сэксуальнага гвалту ў адносінах да затрыманых, а таксама агульным становішчам палітычных зьняволеных Беларусі.
Якія краіны падтрымалі і не падтрымалі заяву ЭЗ?
Далучыліся да заявы ЭЗ і падтрымалі працяг мандата на дасьледаваньне сытуацыі ў Беларусі: Літва, Ліхтэнштэйн, Фінляндыя, ЗША, Чэская Рэспубліка, Нямеччына, Францыя, Бэльгія, Латвія, Кіпр, Швайцарыя, Польшча, Славаччына, Нідэрлянды, Малдова, Аўстрыя, Гішпанія, Альбанія, Грэцыя, Мальта, Чарнагорыя, Румынія, Баўгарыя, Аўстралія, Ірляндыя, Украіна, Харватыя.
Не падтрымалі альбо засталіся нэўтральнымі ў адносінах да рэзалюцыі Рады правоў чалавека ААН: Кітай, Вэнэсуэла, Куба, Таджыкістан, РФ, КНДР, Лаоская НДР, Іран, Нікарагуа, Камбоджа, Лібан, Сырыя, Казахстан, Азэрбайджан і Зымбабвэ.
Грэцыя і Ірляндыя заклікалі Беларусь зноў далучыцца да Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Занепакоенасьць у шмат якіх краін выклікала выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Беларусь зноў заклікалі адмяніць яго і ўвесьці мараторый.
Акрамя таго, Ірляндыя асудзіла выпадкі дыскрымінацыі ў Беларусі ў бок прадстаўнікоў ЛГБТ, уключаючы ненавісьніцкую рыторыку з боку ўладаў, а Літва выказала асаблівую занепакоенасьць наконт адукацыі этнічных меншасьцяў у Беларусі. Чэская Рэспубліка выказала непакой зьняволеньнем журналіста Свабоды Ігара Лосіка і яго спробай суіцыду і спытала, як краіна можа дапамагчы ў яго долі. Славаччына згадала пра нядаўнія выракі журналістам Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай.
Многія дзяржавы прыгадалі і асудзілі ролю Беларусі ва ўдзеле ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліну ня выпусьцяць». Вялікая размова з Андрэем Шарэндам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея лічыць, што Захад «спрабуе аднавіць нацыяналістычны рух» у Беларусі