На ютуб-канале Лявона Вольскага кампазыцыя ахарактарызаваная як «лірычная песьня пра тое, як нялёгка і як пачэсна быць Беларусам у гэты складаны, шчымлівы і балючы час».
Песьня напісаная на словы Аляксандра Лукашука.
Калыханка
...І голасу ўсіх не пазбавяць,
Толькі цябе.
І не пазбавяць усіх Радзімы,
Толькі цябе.
І ў турму ўсіх ня кінуць,
Толькі цябе.
І на вайне ўсіх не заб’юць,
Толькі цябе.
Але любіць будуць
Толькі цябе.
І памінаць у малітве будуць
Толькі цябе,
Бо голас Беларусі
Толькі ты.
Прэзэнтацыя трэцяга тома трылёгіі «Галасы Беларусі» адбудзецца 23 сакавіка ў Вільні ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці ў 18:00 па адрасе Vilniaus 20. Уваход вольны. Трылёгію выпусьціла «Бібліятэка Свабоды».
«Тры гады новага беларускага адраджэньня можна апісаць трыма словамі: паўстаньне, турма, вайна. Гэтая трылёгія гістарычнага руху, кажучы словамі Гегеля, зьяўляецца шляхам усьведамленьня свабоды. У формулы ёсьць другая частка — свабоду трэба ўсьвядоміць як неабходнасьць», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашук.
На прэзэнтацыі ў Вільні адбудзецца і першы жывы выступ Лявона Вольскага з песьняй «Калыханка».
- Чытаць «Галасы Беларусі − 2020» (PDF і EPUB)
- Чытаць «Галасы Беларусі − 2021» (PDF)
- Чытаць «Галасы Беларусі − 2022» (PDF)