Паводле артыкула 368, частка 1 Крымінальнага кодэкса («абраза прэзыдэнта») — Генадзю Мажэйку далі 1,5 гады пазбаўленьня волі, паводле артыкула 130-га («распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці») — 2,5 гады. Па сукупнасьці — 3 гады калёніі агульнага рэжыму.
Журналіста Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў Маскве супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі РФ у аэрапорце і даставілі ў Беларусь.
Судзіць былога карэспандэнта «КП в Беларуси» пачалі 1 сьнежня, але на працэсе абвешчаліся даволі працяглыя перапынкі для правядзеньня дадатковых экспэртыз.
Спачатку Мажэйку абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці. За публікацыю на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай айцішніка Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. Дзяўчына станоўча ахарактарызавала Зельцара. Публікацыя прабыла на сайце некалькі хвілін. На наступны дзень сайт kp.by заблякавалі, неўзабаве перастала выходзіць і папяровая вэрсія газэты.
Потым Мажэйку дадалі яшчэ адзін крымінальны артыкул — 368-ы, частка 1 («Абраза прэзыдэнта»). Падчас ператрусу ў кватэры знайшлі дыктафон, а там былў стары працоўны запіс 2020 года сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім, дзе чыйсьці голас выкрыкнуў рэпліку на адрас Лукашэнкі.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, гэты голас належаў Генадзю. Адвакат і калегі знайшлі відэазапіс сустрэчы і настаялі на паўторнай судовай фанаскапічнай экспэртызе. Ужо ў сакавіку два экспэрты на судзе паведамілі, што «пэўных пацьверджаньняў ідэнтычнасьці голасу няма». Аднак гэта не пераканала судзьдзю Фалькоўскую. Як і відэазапіс сустрэчы, на якім было бачна, што рэпліку прамаўляў сівы чалавек сталага веку, а не журналіст, які моўчкі працаваў з ноўтбукам.
16 сакавіка адбыліся спрэчкі бакоў, Генадзь Мажэйка выступіў з апошнім словам, пасьля якога якога былыя калегі журналіста плакалі.
Генадзь Мажэйка адседзеў ужо 2 гады 3 месяцы (з улікам таго, што ў СІЗА 1 дзень лічыцца за 1,5). Яму застаецца адбыць у зьняводленьні яшчэ 9 месяцаў.
На абвяшчэньне прысуду зьявіліся журналісты БТ і ОНТ. Здымаць у залі ім забаранілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць журналіста Мажэйку, які напісаў пра сьмерць Зельцара. Ён віны не прызнаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Нямеччыны выказала салідарнасьць з Генадзем Мажэйкам, якога судзяць за журналісцкую працу