Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Нямеччыны выказала салідарнасьць з Генадзем Мажэйкам, якога судзяць за журналісцкую працу


Акцыя салідарнасьці журналістаў. Менск, Беларусь. 3 верасьня 2020 году
Акцыя салідарнасьці журналістаў. Менск, Беларусь. 3 верасьня 2020 году

Рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, парушаюць міжнародныя абавязацельствы, узятыя на сябе Беларусьсю, напрыклад, у якасьці краіны – удзельніцы АБСЭ, адзначыла пасольства Нямеччыны ў Менску на фоне працэсу над журналістам газэты «Камсамольская праўда ў Беларусі» Генадзем Мажэйкам.

«Сёньня зноў адбыўся суд над журналістам Генадзем Мажэйкам, які ўжо амаль паўтара года незаконна знаходзіцца ў зьняволеньні, — гаворыцца ў паведамленьні пасольства ФРГ ад 15 сакавіка. — Супраць яго выставілі супрацьзаконныя абвінавачаньні толькі таму, што ён выконваў працу журналіста».

Адзін з дыпляматаў пасольства Нямеччыны ў Менску, а таксама прадстаўнікі іншых акрэдытаваных у Менску дыпляматычных місій прыйшлі сёньня да будынку суду, каб выказаць сваю салідарнасьць з неправамерна зьняволеным і абвінавачаным журналістам Генадзем Мажэйкам, — адзначае нямецкае дыппрадстаўніцтва.

Пасольства падкрэсьліла, што «фэдэральны ўрад Нямеччыны патрабуе вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі».

Пра затрыманьне журналіста Генадзя Мажэйкі стала вядома 2 кастрычніка 2021 года.

Працэс над палітвязьнем, якога абвінавачваюць паводле арт. 130 (распальваньне варожасьці) і арт. 368 (абраза прэзыдэнта) Крымінальнага кодэкса, пачаўся 1 сьнежня 2022 года. Судзьдзя Тацьцяна Фалькоўская прыпыняла працэс на час правядзеньня экспэртыз.

Згодна з матэрыяламі справы, пасьля падзей 2020 года Мажэйка нібыта апублікаваў у інтэрнэце «нэгатыўныя, непрыстойныя, недапушчальныя» камэнтары на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Мажэйка — аўтар інтэрвію з аднакласьніцай менскага IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара, які 28 верасьня 2021-га застрэліў супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, што ўварваўся ў яго кватэру ў складзе групы захопу, і сам загінуў у выніку агню ў адказ.

Праўладныя СМІ раскрытыкавалі гэтую публікацыю. Заметка была апэратыўна адрэдагаваная, а затым выдаленая з сайта.

Нягледзячы на гэта, на наступную раніцу сайт kp.by заблякавалі рашэньнем Минінфарма. Газэту, пазбаўленую магчымасьці рэалізоўвацца празь дзяржаўную сыстэму распаўсюду, адразу перасталі прадаваць гандлёвыя кропкі, зь якімі былі заключаны дамовы. Празь некалькі дзён было заяўлена пра спыненьне выпуску выданьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG