На гэтыя пытаньні адказвае кітаіст, навуковы супрацоўнік Фонду Карнэгі Цемур Умараў.
— 22 сакавіка, наведваючы Хатынь, Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў вынікі візыту старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Расею: «Нічога лепшага для нас, для Расеі, для Кітаю яны не зрабілі, як аб’яднаўшы нас разам. Вы, Захад, нас проста абʼядноўваеце. А супраць гэтага фронту яны ня выстаяць. Таму яны шалеюць». У якой ступені Лукашэнка мае рацыю?
— Сапраўды, адбываецца пэўнае збліжэньне, згуртаваньне Расеі і Кітаю. Калі б мы ўявілі сабе сьвет, у якім няма канфлікту паміж РФ і калектыўным Захадам, то гэтае збліжэньне не адбылося б так хутка. Ёсьць і іншыя фактары: узаемадапаўняльнасьць эканомік, падобныя палітычныя рэжымы. Але без агульнай канфрантацыі з Захадам гэтага збліжэньня не было б, або яно адбывалася б больш марудна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом пра сустрэчу Сі і Пуціна: Расея і Кітай спрабуюць выбудаваць такія дачыненьні, каб кінуць выклік ЗША— Якія вынікі візыту Сі Цзіньпіна ў Расею? Што атрымаў ад гэтай сустрэчы Сі, а што Пуцін? А чаго не атрымалі з таго, што хацелі?
— Пуцін атрымаў сам па сабе візыт. Гэта посьпех, з улікам таго, якой ізаляванай стала Расея і наколькі таксычным стаў Пуцін, асабліва пасьля таго, як Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на яго затрыманьне. І сам факт, што Кітай не павярнуўся сьпінай, — гэта ўжо выйгрыш.
Пуцін зразумеў, што парадак дня супрацьстаяньня з Захадам усё яшчэ актуальны. І Кітай — партнэр Расеі ў спробах зьмяніць міжнародны парадак.
Для Кітаю Расея важная ў будучыні. У Пэкіне лічаць, што канфлікт Кітаю з ЗША ў агляднай, а мо і бліжэйшай будучыні непазьбежны. І гэта не залежыць ад таго, хто будзе ва ўладзе ў Вашынгтоне. І ў гэтым будучым канфлікце мець партнэрам Расею — ядзерную дзяржаву, чальца Рады бясьпекі ААН — вельмі важна.
Бакі атрымалі адзін ад аднаго тое, што хацелі па гэтых пытаньнях.
Пры гэтым Пуцін не атрымаў поўнай падтрымкі. Але мяркую, што ў Маскве на гэта і не спадзяваліся. Кітай усё яшчэ спрабуе дыстанцыявацца ад вайны ва Ўкраіне. Сі абвясьціў пра заплянаваную сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім — упершыню з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Мірны плян па Ўкраіне, прапанаваны МЗС Кітаю, сьведчыць пра тое, што Пэкін спрабуе застацца нэўтральным гульцом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскі лідэр зноў ня стаў казаць пра падтрымку Расеі ў вайне з Украінай— Ці будзе Кітай прадаваць Расеі зброю, ці стане расейскім арсэналам? (Можа ў цені, а можа і публічна, адкрыта).
— У цені такія справы рабіць немагчыма, улічваючы тэхналягічную празрыстасьць гэтага гандлю. Цяпер заходнія выведкі сочаць пільна за гэтым. Пакуль Кітай не ідзе на публічную вайсковую падтрымку, зыходзячы з таго, што ў Расеі хапае ўласных сілаў, каб захоўваць статус-кво. І гэты статус-кво бачыцца Кітаю насамрэч аптымальным варыянтам.
Калі ваш галоўны вораг — ЗША — заняты іншымі справамі, калі ваш сусед ад вас усё больш залежыць, Кітаю гэта падабаецца, і ён хоча быць у гэтай сытуацыі максымальна доўга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі прайшла нефармальная сустрэча Пуціна і Сі— Многія экспэрты заўважалі ў розных дэталях візыту прыкметы таго, што Масква стала васалам Паднябеснай. Вы іх бачыце? Пуцін пакланіўся «імпэратару Сі»?
— Я такога ня ўбачыў. Сустракалі Сі вельмі ўрачыста, незвычайна ўрачыста. Але гэта было ў межах дыпляматычнага пратаколу і не выглядала як нейкае пакланеньне «імпэратару Паднябеснай».
Я б больш глядзеў не на рытуалы, а на мову дакумэнтаў, прынятых на сустрэчы. А ў іх мы бачым пэўнае прыстасаваньне расейцаў да кітайскай тэрміналёгіі. Цікава параўнаць мову выніковых дакумэнтаў ад 4 лютага 2022 году, перад вайной, і цяперашніх. Раней Масква дыстанцыявалася ад кітайскіх тэрмінаў і ідэяў наконт «Адзінага лёсу чалавецтва», кітайскіх ініцыятываў у сфэры глябальнай бясьпекі. Цяпер яны перакачавалі ў сумесны дакумэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кантракты на 3,5 млрд даляраў: у прэс-службе Лукашэнкі падвялі вынікі ягонага візыту ў Кітай— Незадоўга да візыту Сі ў Маскву беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка быў зь візытам у Кітаі. Некалькі гадоў таму вы ўдзельнічалі ў праекце вывучэньня ўплыву Кітаю на Беларусь і Кіргізстан. Навошта Кітаю далёкая, ня вельмі вялікая і вельмі залежная ад Расеі краіна?
— Разьлікі, што Кітай надта зацікаўлены ў шырокай прысутнасьці ва Ўсходняй Эўропе і ў Беларусі ў прыватнасьці, крыху перабольшаныя. Калі мы параўнаем прысутнасьць Кітаю ва ўсім сьвеце, то амаль у кожнай краіне мы ўбачым, што Кітай у топ-10 гандлёвых партнэраў, а інвэстыцыі КНР у гэтую краіну растуць. Калі гэтая краіна ў Эўразіі, то яна будзе ўваходзіць у ініцыятыву «Адзін шлях — адзін пояс». Тое, што адбываецца ў адносінах Беларусі і Кітаю, — гэта не выключэньне, а правіла.
Як бы Лукашэнка ні спрабаваў прадставіць павелічэньне прысутнасьці Кітаю ў Беларусі як уласнае дасягненьне, гэта не зусім так. Беларусі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне важна прадэманстраваць, што, нягледзячы на ўсе санкцыі, яна не ізаляваная. І актыўнасьць Лукашэнкі на кітайскім трэку — спроба дывэрсыфікаваць сваю залежнасьць ад Расеі. Кітай патэнцыйна адзіны, хто можа збалянсаваць гэтую залежнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зброя для Расеі, мікрасхемы для ВПК, антызаходні фронт, падтрымка сэпаратызму. Экспэртка — пра таемныя мэты Лукашэнкі ў Пэкіне— А ці можа, нават калі захоча? На Кітай прыпадае 7–10% усяго зьнешнегандлёвага абароту Беларусі, на Расею — 70%. Расейскія войскі дысьлякаваныя ў Беларусі і робяць адносна Беларусі што хочуць. Бліжэйшы ад Беларусі кітайскі салдат у Кітаі ж і знаходзіцца.
— Вы маеце рацыю. Кітай ня мае вялікага інтарэсу пашыраць сваю прысутнасьць у Беларусі і дывэрсыфікаваць залежнасьць Беларусі ад Расеі. Да таго ж у яго няма і інструмэнтаў для гэтага. Беларусь не ўваходзіць у арэал нацыянальных інтарэсаў Кітаю, у адрозьненьне ад краінаў Цэнтральнай Азіі.
З гэтых прычынаў Кітай нават ня зможа наблізіцца да Расеі паводле ўзроўню ўплыву на Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: з пачатку вайны ва Ўкраіне Кітай экспартаваў у Расею бесьпілётнікаў на суму больш за $12 млн— Заходнія палітыкі кажуць: мы ня можам дапусьціць і не дапусьцім паразы Ўкраіны ў вайне з Расеяй. Некаторыя гавораць пра паразу Расеі, але «не дапусьцім паразы Ўкраіны» гавораць усе. А ці сымэтрычная пазыцыя Кітаю? Ён са свайго боку гатовы не дапусьціць паразы Расеі? (Яна пакуль яе і не цярпіць. Але калі да гэтага дойдзе?)
— Гэта добрае пытаньне. Думаю, што ў Пэкіне яго сабе задаюць. Мяркую, што пакуль там варыянт паразы Расеі разглядаюць як ня вельмі імаверны, таму ня надта да яго і рыхтуюцца. Але маюць яго на ўвазе. У Кітаі разумеюць, што Расея — ядзерная дзяржава.
У Кітаі ня лічаць імаверным ваенны разгром Расеі з наступнай зьменай палітычнага рэжыму. Але калі гэта ўсё ж адбудзецца, то гэта для Кітаю будзе геапалітычнай катастрофай. Рэжым у Маскве, які прыйдзе ў выніку паразы ў вайне і сыходу Пуціна, будзе амаль непазьбежна празаходнім.
Так што калі надыдзе момант, у якім Расеі пільна будзе патрэбная падтрымка, Кітай яе дасьць. Але больш імаверным сцэнарам там лічаць замарозку канфлікту. І да гэтага Кітай гатовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай прадставіў свой мірны плян па вайне ва Ўкраіне— Былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр адзначаў, што нават любімыя гульні ў эўрапейцаў, амэрыканцаў, расейцаў і кітайцаў розныя: першыя гуляюць у шахматы — на мат, кітайцы — у го, дзе мэта — павелічэньне ўплыву і кантролю. Гэта, паводле Кісінджэра, паказчык розных палітычных філязофіяў. Палітыку Кітаю сапраўды можна ахарактарызаваць як гульню ў го, у якую не гуляюць ні Эўропа, ні ЗША, ні Расея?
— Гэта вельмі добрая мэтафара. Сапраўды, можна параўнаць кітайскую зьнешнюю палітыку з гульнёй у го, дзе няма канчатковай мэты паставіць мат некаму. Гэта доўгатэрміновая палітыка на павелічэньне сваёй прысутнасьці і на зьмену сусьветнага парадку знутры.
Калі мы параўноўваем зьнешнюю палітыку Расеі і Кітаю, здаецца, што мэта адна — зьмяніць становішча ЗША, зьмяніць сусьветны парадак на такі, дзе ЗША ня будуць сусьветным гегемонам.
Расея спрабуе дасягнуць гэтай мэты хуткімі, рэзкімі і хаатычнымі дзеяньнямі, якія зьвяртаюць на сябе ўвагу. Гэтыя дзеяньні адбіваюцца на яе палітычным і эканамічным становішчы. А Кітай нарошчвае свой уплыў на сусьветнай «дошцы» і робіцца неадʼемнай часткай сусьветнага парадку. Маючы магчымасьць мяняць яго знутры.