Котаў выказвае думку, што Менск цяпер баіцца радыкальнага абвастрэньня ў адносінах з Захадам.
Сьцісла:
- Тое, што адбылося ў Горадні, на 97 працэнтаў ня мае ніякага дачыненьня да тэрарыстаў ці экстрэмістаў.
- Паверыць у афіцыйную вэрсію — значыць прызнаць наяўнасьць вялізных дзірак у тым, што завецца «нацыянальнай бясьпекай».
- Паводле ўлады, беларусы ня маюць права быць незадаволенымі.
- Сілавікі ведаюць, што іх няма каму замяніць — таму замест пакараньняў за правалы іх узнагароджваюць.
- Лукашэнка ня хоча ваяваць ва Ўкраіне, ён хоча адкупіцца ад Масквы малой крывёю.
— Якія першыя высновы можна зрабіць зь сёньняшняй нарады Лукашэнкі зь сілавікамі? Дзеля чаго яна праводзілася? Якім фонам паслужыў інцыдэнт у Горадні, дзе, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, сілавікі «ліквідавалі» загадкавага тэрарыста з падробленым расейскім пашпартам?
— Тое, што адбылося ў Горадні, на 97 працэнтаў ня мае ніякага дачыненьня да тэрарыстаў, экстрэмістаў і гэтак далей. Гэта нейкія ўнутраныя працэсы, разборкі сілавікоў, у выніку якіх быў забіты замежны грамадзянін. У пэўным сэнсе гэта тое, што калісьці ўжо адбывалася ў Беларусі, калі розныя ведамствы канфліктавалі паміж сабой за кантроль над тэрыторыяй і бізнэсамі.
У выніку гэтых разборак загінуў замежны грамадзянін, і гэта трэба было неяк патлумачыць. Самае простае — абвясьціць яго тэрарыстам, экстрэмістам, бо ён ужо нічога ў сваю абарону ня скажа. Нарада спатрэбілася, бо неабходна неяк утаймаваць гэтыя небясьпечныя тэндэнцыі ўнутры сыстэмы, разборы паміж сваімі, знайсьці нейкі балянс.
— Што б там ні адбылося, гэта ўпісваецца ў пэўную карціну, якую спрабуюць намаляваць Лукашэнка і прапаганда — што «зьбеглыя» і замежныя ворагі падсылаюць агентаў, тэрарыстаў. Гэта агульная тэма пра «крэпасьць у аблозе» ці тут больш канкрэтная сытуацыя і задача?
— Што мы бачым, паводле афіцыйнай вэрсіі? Нейкі тэрарыст спакойна з падробленым пашпартам перайшоў мяжу, трапіў у Беларусь, прывёз з сабой ці знайшоў у Беларусі цэлы арсэнал зброі. І гэта ўсё адбылося ня ў нейкай вёсцы на мяжы з Украінай, а ў важным абласным цэнтры, у Горадні. Паверыць у афіцыйную вэрсію — значыць прызнаць наяўнасьць вялізных дзірак у тым, што завецца «нацыянальнай бясьпекай».
Гэта проста сьведчыць пра тое, што вэрсія рэжыму — суцэльны фэйк, які проста адцягвае ўвагу ад рэальнасьці, а з другога боку, стварае падставу для ўзнагароджваньня тых, каго ў нармальнай дзяржаве трэба звольніць з пасадаў альбо аддаць пад суд.
— Афіцыйная прапаганда звычайна спалучае два наратывы — ёсьць нейкі замежны тэрарыст і ёсьць беларусы, якія яму дапамагаюць (як у Мачулішчах). Прызнаць, што самі беларусы гэта робяць, без замежнага агента — яны ня хочуць. А прызнаць, што замежны агент дзейнічае без дапамогі «мясцовых» — таксама ня хочацца, бо трэба ж працягваць рэпрэсіі.
— Так, яны спрабуюць ствараць нейкую «камфортную» для рэжыму прапагандысцкую схему. Прызнаць, што беларусы могуць быць самі незадаволеныя рэжымам, ім цяпер цяжэй, чым у 2020 годзе, калі гэтых людзей было вельмі шмат. А цяпер нібыта ўсіх вычысьцілі, але чамусьці беларусы не супакоіліся. Але ж, паводле ўлады, беларусы ня маюць права быць незадаволенымі. Гэта, дарэчы, амаль цытата з Натальлі Качанавай, якая на нейкай сустрэчы ў 2020 годзе сказала: «Я не разумею, як вы можаце быць незадаволенымі».
І калі высьвятляецца, што беларусы незадаволеныя — то, значыць, іх нехта збоку падбухторвае. Але падаецца, што ў гэтай схеме цяпер нешта зламалася. Бо калі б гэты «тэрарыст» у Горадні быў грамадзянінам Украіны ці Польшчы — то ўладам было б лёгка абвінаваціць гэтыя краіны.
Але пачаліся нейкія гульні з расейскім падробленым пашпартам «тэрарыста», сапраўднае грамадзянства забітага не называецца. Я маю пэўную інфармацыю, што гэта грамадзянін адной з заходнеэўрапейскіх краінаў. Не Літвы і ня Польшчы. І гэта непрыемна для рэжыму, бо там, у Заходняй Эўропе, ім страшна шукаць і «знаходзіць» ворагаў.
— На гэтай жа нарадзе намесьнік міністра ўнутраных справаў Казакевіч заяўляе, што «прыступ экстрэмізму» ахапіў Беларусь у 2020 годзе, што гэта тысячы людзей. Ці ёсьць уражаньне, што сілавікі ў Беларусі займелі надта вялікую вагу ў дзяржаўным апараце? Лукашэнка іх па-ранейшаму кантралюе — ці ён ужо ня можа стрымаць нарастаньне іхнай ролі?
— Для сілавікоў вельмі звужаецца паляна, на якой яны звыклі «пасьвіцца». Па-першае, яны заўсёды атрымлівалі плюшкі ад рэжыму, па-другое, карміліся за кошт бізнэсу. А цяпер у рэжыму відавочныя праблемы ў бюджэце. Зь іншага боку, шмат прадпрымальнікаў зьехала, шмат бізнэсаў пазачынялася.
Да 2010 году былі ўсталяваныя пэўныя межы, падзелы сфэраў — але цяпер усё гэта звужаецца. І, з аднаго боку, сілавікам трэба працягваць падкрэсьліваць сваю важнасьць для рэжыму, выяўляць экстрэмістаў, напрыклад, сярод гештальт-тэрапэўтаў. А з другога — трэба шукаць грошы для свайго ўласнага існаваньня.
Таму непазьбежныя міжведамасныя канфлікты. Такія рэчы здараліся ў канцы 1990-х, калі актыўна канфліктавалі КДБ з МУС, і праз такія разборы часам саджалі амаль выпадковых людзей. У пэўны час удалося гэтае суперніцтва прыглушыць, бо зьявілася шмат бізнэсаў, якія можна было даіць. Цяпер гэтая паляна звужаецца, і ўзьнікае ўнутраная канкурэнцыя, канфлікты «за падзел тэрыторыі».
Сілавікі ведаюць, што іх няма каму замяніць — таму замест пакараньняў за правалы іх узнагароджваюць.
— Але ў цэлым Лукашэнка іх кантралюе? Яны не набылі занадта шмат вагі і ўлады, як лічаць некаторыя?
— Лукашэнка пакуль кантралюе іхныя адносіны паміж сабой. Сёньняшняя нарада і была прысьвечаная таму, як утаймаваць амбіцыі пэўных групаў, каб яны банальна не пазабівалі адзін аднаго.
— Пры жаданьні ўлады маглі б назваць забітага «тэрарыста» грамадзянінам Польшчы ці Ўкраіны, каб надалей распальваць варожасьць у адносінах з гэтымі краінамі. Падаецца, што цяпер афіцыйны Менск гэтага ня робіць, бо на самой справе не жадае рэальнага абвастрэньня на замежным фронце.
— Так, Менску не патрэбна цяпер радыкальнае абвастрэньне. Лукашэнка ня хоча ваяваць ва Ўкраіне, ён хоча адкупіцца ад Масквы малой крывёю — базы, трэніроўкі, рамонт узбраеньняў.
Да таго ж зрабіць такую інсцэніроўку, прадставіць кагосьці грамадзянінам Украіны даволі цяжка. Тэхналёгія выкрываньня такіх фэйкаў даволі разьвітая: «візытоўка Яраша» ўжо не працуе, праз гадзіну-другую гэта будзе абвергнута. І Менск ня хоча цяпер правакаваць больш сур’ёзны канфлікт з Захадам.
Калі б гэта рэальна быў грамадзянін Польшчы, Украіны ці Літвы — усё гэта было б даўно агучана і абсмактана прапагандай. Бо гэта цяперашнія галоўныя ворагі афіцыйнага Менску. Таму ім прасьцей усё сьпісаць на абстрактных «зьбеглых», не называючы імёнаў і грамадзянства.