Прадпрымальніцу Кацярыну Шуст арыштавалі на 10 сутак. Што яна напісала на выпадак затрыманьня

Кацярына Шуст. Архіўнае фота.

Гарадзенскую прадпрымальніцу Кацярыну Шуст арыштавалі на 10 сутак. На волю яна павінна выйсьці 26 сакавіка, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Кацярыну Шуст затрымалі 16 сакавіка. На відэа, зьнятым пад прымусам сілавікоў, Кацярына па-беларуску «прызнаецца» у тым, што ў сваіх сацсетках распаўсюджвала «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце пляна «Перамога».

Газэта «Новы час» апублікавала ліст Кацярыны Шуст, які яна напісала напрыканцы 2021 году і пакінула сябрам на выпадак затрыманьня. Сябры пераслалі ліст у рэдакцыю.

Вось што напісала Кацярына

  • Калі гэта апублічана, значыць, я за кратамі. І наўрад ці ненадоўга. Таму што калі мяне затрымалі і правялі вобшук у кватэры ды праверку тэхнікі, то знайшлі ўсё. Я прынцыпова не адпісалася ад «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. У мяне не паднялася рука пазбавіцца ад сьцяга, «Пагоні» ды іншай сымболікі, выдаліць фота з пратэстаў. Я ні за што не стала б выракацца сваіх каштоўнасьцей і рабіць выгляд, што я выпадковы чалавек. Таму што для мяне гэта справа гонару і сумленьня.
  • Магу толькі спадзявацца, што мне хапіла сілы і сьмеласьці і не зьявілася ніякага «пакаяльнага» відэа са мной. А калі зьявілася — гэта значыць, мне было вельмі-вельмі балюча і я не такая моцная, як думала. Прабачце мне гэта, сябры.
  • Ці магла я пазьбегнуць затрыманьня, зьехаць за мяжу? Я не бачу ў гэтым сэнсу. Усё маё сьвядомае жыцьцё зьвязана з Радзімай і маім змаганьнем за лепшы лёс для яе. Усе, каго я кахала і кахаю, любіла і люблю, заявіліся ў маім жыцьці на доўгім шляху гэтага змаганьня. Самае дарагое, што ў мяне ёсьць — гэта мая мама, мае сябры і мая краіна.
  • Я знайшла свой сапраўдны дом і стала самой сабой толькі праз тое, што жыву ў Беларусі, і без яе свайго лёсу я не ўяўляю. Можна быць на волі і ў бясьпецы, знайсьці ўтульнае жытло і добрую працу, бачыць прыгожыя месцы — але для мяне не было б у гэтым ніякай радасьці, калі б гэта было коштам разьвітаньня з Радзімай.
  • Таму лепш я буду ў турме, але на роднай зямлі, чым на чужыне, чым здраджу ўсяму, у што веру і для чаго жыву.

Кацярына Шуст — колішняя актывістка партыі БНФ. У 2016-м у Слуцку яна балятавалася ў дэпутаты. Таксама яна доўгі час працавала прадавачкай беларускай сымболікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эміграцыя не для кожнага». Парады псыхоляга для тых, хто застаецца ў Беларусі, нягледзячы на ўсе рызыкі