На блогера Вольгу Павук распачалі крымінальную справу за ўдзел у перадачы тэлеканала «Белсат». Аб гэтым пішуць праўладныя тэлеграм-каналы.
Паведамляецца, што Вольга Павук прыняла ўдзел у праграме «План Б» тэлеканала «Белсат», таму ў дачыненьні да яе завялі крымінальную справу па арт. 361-4 КК Беларусі (Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Акрамя таго крымінальныя справы па гэтым жа артыкуле завялі і на «астатніх удзельнікаў перадачы».
У лістападзе 2021 года інтэрнэт-рэсурсы «Белсат» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваньнем». Гаворка ідзе пра сайт «Белсат», тэлеграм-канал, сацсеткі («Укантакце», Facebook, Instagram, Twitter, «Аднакласнікі»), а таксама канал у YouTube.
Гэта ня першая справа за інтэрвію незалежным СМІ ў Беларусі
19 студзеня Дар’ю Лосік пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу) за інтэрвію пра яе мужа, зьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату разгляду апэляцыйнай скаргі палітзьняволенай Дар’і Лосік ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да бацькоў Маргарыты Ляўчук прыходзілі сілавікі і распытвалі пра дачку