Аляксей Раманаў раней адбыў тэрмін зьняволеня за «абразу Лукашэнкі». Пасьля вызваленьня ў Аляксея забралі другую групу інваліднасьці, хоць ён мае анкалягічнае захворваньне.
Аляксей ня мог афіцыйна ўладкавацца на працу, яму ўсюды адмаўлялі. Ён падпрацоўваў на будоўлі і рамонтах. У адной зь вёсак Калінкавіцкага раёну Аляксей дапамагаў знаёмай з рамонтам дому.
Напярэдадні, 15 сакавіка, Аляксея шукала міліцыя па месцы рэгістрацыі ў Гомлі.
«Ён дапамагаў знаёмай з рамонтам. Прыйшлі міліцыянты. Адзін мясцовы, калінкавіцкі, другі невядома адкуль. Сказалі, што мусяць яго забраць „мінімум на трое сутак“. На пытаньне: „За што?“ адказалі: „За падзеі 2020 году“. Але ж ён адбыў свой тэрмін за 2020 год, разьлічыўся, так бы мовіць, годам строгага рэжыму», — расказала крыніца Свабоды.
Паводле крыніцы, цяпер Аляксей у ІЧУ ў Калінкавічах:
«Яшчэ міліцыянты загадалі яму ўзяць з сабой тэлефон, бо сказалі, што будуць правяраць ягоныя «сувязі з забароненымі ў Беларусі арганізацыямі», — дадала крыніца.
Свабодзе таксама стала вядома, што Аляксей абвясьціў галадоўку на знак пратэсту за незаконнае затрыманьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставілі на мяжу выжываньня». Былога палітвязьня з анкалягічнай хваробай пазбавілі 2-й групы інваліднасьці