На Дзень Волі ў Коўне адкрыюць адноўлены мэмарыял аўтара бел-чырвона-белага сьцяга

Магіла Кляўдуша Дуж-Душэўскага да рамонту. Коўна. Архіўнае фота

На месцы пахаваньня Дуж-Душэўскага ўсталююць новую табліцу з надпісам па-беларуску з граніту, адновяць надмагільныя пліты. Грошы на рэстаўрацыю мэмарыялу сабралі беларусы праз краўдфандынг.

25 сакавіка а 15-й гадзіне ў Коўне на Петрашунскіх могілках палітыкі, навукоўцы, бізнэсоўцы, грамадзкія і культурныя дзеячы ўшануюць памяць Кляўдуша Дуж-Душэўскага. Ён аўтар эскіза нацыянальнага беларускага бел-чырвона-белага сьцяга, аднаго з сымбаляў абвешчанай 105 год таму Беларускай Народнай Рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сымбалі змаганьня. Лёс нацыянальнай сымболікі — Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга

Грошы сабралі праз сацыяльныя сеткі. Адзін чалавек ахвяраваў 800 эўра

Ініцыятаркай рэканструкцыі надмагільля стала кіраўніца суполкі «Коўна беларускае» Ніка Выгоўская, якая два гады таму пераехала ў Коўна на сталае жыхарства.

Ніка Выгоўская

«У 2021 годзе перад Дзядамі я пачала расшукваць магілы вядомых беларускіх дзеячоў у Коўне, у горадзе, які прытуліў нас, палітычных уцекачоў. І пошукі прывялі нас зь сябрамі на могілкі, дзе быў пахаваны Кляўдуш Дуж-Душэўскі. Магіла выглядала дагледжанай, каля надмагільнага помніка нават ляжалі рэшткі белых і чырвоных кветак. Але нас зьдзівіла, што на надмагільлі такой выбітнай беларускай асобы няма надпісу на беларускай мове. Я зьвярнулася ў шэраг арганізацый, якія агулам ухвалілі такую ініцыятыву, але вылучыць сродкі на яе рэалізацыю не змаглі. І мы абвясьцілі пра збор сродкаў у сацыяльных сетках. Меркавалі сабраць 2,5 тысячы эўра».

Ніка Выгоўская прызнаецца: не чакала, што за даволі кароткі час будзе сабрана нават больш — 3 тысячы эўра. Самае вялікае ахвяраваньне — 800 эўра — ад адной прыватнай асобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг

«Вельмі цешыць, колькі шчырых беларусаў нас падтрымала»

Да ініцыятывы далучыліся і шмат неабыякавых беларусаў, у тым ліку і Зьміцер, які сур’ёзна зацікавіўся асобай Дуж-Душэўскага і дзейнасьцю Рады БНР.

«Я таксама быў зьбянтэжаны, калі пабачыў, што на шыльдзе няма надпісу на беларускай мове. Да таго ж высьветліў шмат цікавых фактаў зь біяграфіі Дуж-Душэўскага. Напрыклад, што ён быў арыштаваны агулам 5 разоў — польскай, савецкай (тройчы) і нямецкай уладаю — і ў суме правёў у зьняволеньні каля 10 гадоў.

Дагэтуль у Літве засталося шмат будынкаў, узьведзеных па яго праектах. Я лічу, што Дуж-Душэўскі бачыў агульную будучыню ў Літвы і Беларусі. Ён заставаўся беларусам усё жыцьцё.

Гэта падштурхнула мяне далучыцца да рэканструкцыі надмагільля. І вельмі цешыць, калі бачу, колькі шчырых беларусаў нас падтрымала», — кажа беларус Зьміцер, які цяпер жыве ў Коўне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы заўсёды будзем яму ўдзячныя». Як стваральнік бел-чырвона-белага сьцяга ўратаваў габрэйскую дзяўчынку ад Галакосту

Хто такі Кляўдуш Дуж-Душэўскі

Кляўдуш Дуж-Душэўскі нарадзіўся ў 1891 годзе ў Глыбокім. Вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. У 1917 годзе распрацоўвае праект нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга, які прымаецца як эталён.

Дуж-Душэўскі з жонкай Аленай і сынам Сьцяпанам, 1935

З восені 1919 году быў дыпляматычным прадстаўніком ураду БНР у дзяржавах Балтыі, а таксама займаў пасаду дзяржаўнага сакратара ўва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. У 1921 годзе пераяжджае ў Літву.

Яго тройчы арыштоўвалі савецкія ўлады (у 1940, 1946 і 1952 гадах).

За дапамогу габрэям падчас Другой сусьветнай вайны ўзнагароджаны прэзыдэнтам Літвы (пасьмяротна).

Працаваў архітэктарам у праектным інстытуце «Lietstatprojektas» і дацэнтам Ковенскага ўнівэрсытэту.

Памёр у 1959 годзе, пахаваны на Петрашунскіх могілках у Коўне.

Кляўдуш Дуж-Душэўскі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды пайсьці на Дзяды за мяжой. Пахаваньні вядомых беларусаў у Літве, Польшчы, Латвіі, Украіне, Грузіі