Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы заўсёды будзем яму ўдзячныя». Як стваральнік бел-чырвона-белага сьцяга ўратаваў габрэйскую дзяўчынку ад Галакосту


Сямейнае пахаваньне сям'і Дуж-Душэўскіх. Петрашунскія могілкі, Коўна (Літва).
Сямейнае пахаваньне сям'і Дуж-Душэўскіх. Петрашунскія могілкі, Коўна (Літва).

На надмагільлі стваральніка бел-чырвонага-белага сьцяга Кляўдыюша (Клаўдзія) Дуж-Душэўскага, апрача імёнаў ягонай жонкі і адзінага сына, ёсьць імя Марыны Расіцкене. Падчас вайны, рызыкуючы жыцьцём, ён выратаваў яе з ковенскага гета і выхаваў як уласную дачку.

Дуж-Душэўскі пахаваны ў Літве. Гэтую краіну ён называў сваёй другой радзімай, а сябе — «рамантыкам беларуска-літоўскага збліжэньня». Большую частку жыцьця ён пражыў у Коўне. Менавіта там адбылася гэтая гісторыя.

Як Літва стала другой радзімай стваральніка беларускага сьцяга

Да восені 1939 года Коўна ўсё яшчэ было сталіцай Літвы. Кляўдыюш Дуж-Душэўскі жыве там разам зь сям’ёй. Гэта паважаны ў Літве інжынэр, працуе ў Міністэрстве сувязі. Яму — 48, жонцы Алене на 7 гадоў менш, а сыну Сьцяпану — 8. Бел-чырвона-беламу сьцягу, які ён стварыў падчас вучобы ў Пецярбурскім горным інстытуце, ужо больш за 20 гадоў.

7 фактаў пра бчб-сьцяг

  • Эскіз белага сьцяга з чырвонай стужкай Дуж-Душэўскі намаляваў у пачатку 1917 году. За аснову ён узяў колеры «Пагоні».
  • Яшчэ ўзімку сьцяг выкарыстоўвалі толькі беларускія студэнты ў Пецярбургу.
  • У сакавіку ён стаў галоўным элемэнтам падчас «Дня беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску.
  • Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Кляўдыюша Дуж-Душэўскага, разаслалі ў мясцовыя арганізацыі.
  • У жніўні на 1-й сэсіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.
  • У сьнежні ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі пачаў працу Першы Ўсебеларускі зьезд.
  • 1918 год – афіцыйны сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі.

    Выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне, знойдзеная падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатру ў 2013 годзе. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасаваньня дэлегаты Першага Ўсебеларускага зьезду ў сьнежні 1917-га.

Пераезд Кляўдыюша Дуж-Душэўскага ў Літву быў шмат у чым выпадковы. Ня здолеўшы праз рэвалюцыю скончыць інстытут у Пецярбургу, ён спачатку на коратка трапляе ў кантраляваны бальшавікамі Менск. Там пачынае працу губэрнскім геолягам і ў красавіку 1919 году едзе па службе ў Вільню. Акурат у гэты час горад займаюць польскія войскі. У Менск Дуж-Душэўскі больш не вярнуўся. У Вільні ён становіцца дыпляматычным прадстаўніком БНР у краінах Балтыі. Некаторы час статус гораду застаецца няпэўным. Толькі ў 1922 годзе Вільню далучаюць да Польшчы. Дуж-Душэўскі пратэстуе. Ён крытыкуе падзел Беларусі і за гэта на некалькі тыдняў трапляе ў сумнавядомую Лукіскую турму.

Пасьля вызваленьня ён прымае рашэньне пакінуць гэты горад. Прычына была ня толькі ў палітыцы. Неўзабаве пасьля нараджэньня тут памірае першае дзіця Кляўдыюша і Алены. Вільня стала для яго месцам траўмы. Нават пазьней, калі яна была сталіцай савецкай Літвы, у якую ў Дуж-Душэўскага было мноства магчымасьцяў перабрацца, ён застаўся ў Коўне.

Алена і Кляўдыюш Дуж-Душэўскія разам з сынам Сьцяпанам, 1932
Алена і Кляўдыюш Дуж-Душэўскія разам з сынам Сьцяпанам, 1932

Спакойнае жыцьцё сям’і Дуж-Душэўскіх працягваецца да лета 1940 году. У чэрвені Літву далучаюць да СССР.

Той пэрыяд жыцьця Дуж-Душэўскага да дробязяў ведае гісторык з Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага ў Коўне Томаш Блашчак, які працуе над біяграфічнай кнігай пра стваральніка беларускага сьцяга.

«Ужо пасьля далучэньня Вільні да Літвы, увосень 1939 году, Дуж-Душэўскі перадае ўсе свае беларускія справы ксяндзу Адаму Станкевічу ў Вільню. Гэтыя справы — створаны ім жа ў Коўне „Цэнтар беларускай дзейнасьці ў Літве“. Па сутнасьці, гэта была фармальная пасада. Я не сустрэў ніводнага сьледу, каб ён неяк ангажаваўся ў беларускую справу апошнія гады перад акупацыяй», — расказвае Блашчак.

Дуж-Душэўскі быў упэўнены, што бальшавікі не даруюць яму дзейнасьці ў беларускіх арганізацыях і ў БНР. У жніўні яго арыштоўваюць і абвінавачваюць у «антысавецкай дзейнасьці».

Дзьве акупацыі і два зьняволеньні Дуж-Душэўскага

Гінтарасу Расіцкасу сёньня 60 гадоў, ён жыве ў Лёндане, але родам з Коўна. Кляўдыюша Дуж-Душэўскага ён ня мог памятаць, бо нарадзіўся праз год пасьля ягонай сьмерці. Але стваральніка беларускага нацыянальнага сьцяга добра ведала ягоная мама Марына Расіцкене. Дуж-Душэўскі лічыў яе сваёй дачкой. Яны пахаваныя побач на на Петрашунскіх могілках у Коўне.

«Майго роднага дзеда звалі Мойшэ Ландаў. У 1940 годзе ён, як і Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, быў арыштаваны бальшавікамі і трапіў у ковенскую турму. Маме было тады 11 гадоў. Дзед Мойшэ сядзеў у адной камэры разам з Кляўдыюшам, і яны вельмі пасябравалі. І ня толькі яны. Пакуль Кляўдыюш і мой дзядуля сядзелі ў турме, жонка Клаўдзія Алена і мая бабуля Лібэ стаялі ў чарзе, каб перадаць ежу сваім мужам. І яны таксама пасябравалі. Кляўдыюш і Мойшэ пакляліся адзін аднаму, што калі нехта зь іх ня выжыве, то другі паклапоціцца пра яго сям’ю».

Сьледзтва трывала год, але не пасьпела завяршыцца. У чэрвені 1941 году Нямеччына нападае на акупаваную бальшавікамі Літву. Клаўдзій Дуж-Душэўскі ўцякае з турмы. Міністэрства сувязі, у якім ён працаваў дагэтуль, больш не існавала. Дуж-Душэўскі ўладкоўваецца інжынэрам на фабрыцы гумовых ботаў «Inkaras», а пазьней становіцца яе дырэктарам.

Лёс габрэйскай сям’і Ландаў быў іншы. Калі пачалася нямецкая акупацыя, уся сям’я з трыма дзецьмі трапіла ў гета Віліямпаль (Коўна).

«Немцы прывялі майго дзеда Мойшэ працаваць на фабрыку „Inkaras“, дзе Кляўдыюш працаваў ужо дырэктарам. Паколькі яны былі сябрамі з часоў турмы, было вырашана, што мая маці Марына таемна выйдзе з гета, а Кляўдыюш схавае яе дома. Некаторы час Кляўдыюш дапамагаў хавацца і брату маёй маці, дзядзьку Давіду».

Марына Расіцкене
Марына Расіцкене

Хаваць габрэяў у хаце Дуж-Душэўскаму ўдаецца некалькі месяцаў. У жніўні 1943 году яго і жонку Алену арыштоўвае за гэта гестапа. Спачатку іх зьмяшчаюць у тую самую турму, дзе Дуж-Душэўскі сядзеў і чакаў суду пры бальшавіках. Пазьней Кляўдыюша і Алену высылаюць у канцлягер Правянішкі. Там Дуж-Душэўскія праседзелі больш за 4 месяцы. Іх вызвалілі з дапамогай знаёмых з тарфянога трэсту, куды потым уладкоўваецца Клаўдзій. Марыну ўвесь гэты час удаецца хаваць ад немцаў.

«Калі Чырвоная Армія падышла пад Коўна, немцы зьнішчылі многіх габрэяў з гета. Але мае дзядуля і бабуля Мойшэ, Лібэ, цётка Міра і дзядзька Давід не былі ў гэтай групе. Рэшту габрэяў вывезьлі з гета ў канцлягер Дахаў. Паездка была вельмі складаная. Прыйшлося шмат хадзіць. Мужчыны і жанчыны былі падзеленыя. Бабуля і цётка Міра пайшлі разам. Неяк так здарылася, што бабуля параніла нагу і пачаўся моцны крывацёк. Яна памерла на вачах у цёткі».

Калі амэрыканцы вызвалілі канцлягер Дахаў, Мойшэ Ландаў і сын Давід засталіся ў Нямеччыне. Брат Марыны скончыў там унівэрсытэт. Пазьней ён разам з бацькам зьехаў у ЗША. Марына ўвесь гэты час была з Дуж-Душэўскімі ў Коўне.

«Цётка Міра вярнулася ў Літву. Мяркую, што першы час яна жыла разам з Дуж-Душэўскімі. Усе жахі вайны моцна закранулі яе псыхіку. Мама клапацілася пра яе ўсё жыцьцё. Клаўдзій удачарыў маю маму. Пасьля вайны яна скончыла сярэднюю школу, атрымала кваліфікацыю інжынэра машын і абсталяваньня лёгкай прамысловасьці ў Ковенскім політэхнічным інстытуце. Мой бацька, Чэславас Расіцкас, вучыўся ў той самай групе. Яны пажаніліся, атрымалі прызначэньне ў Клайпедзе. Там у 1958 годзе нарадзіўся мой брат Эдвардас, а ў 1960 годзе я. Мая мама памерла 29 сьнежня 1977 году. Яе пахавалі на Петрашунскіх могілках разам зь сям’ёй Клаўдзія».

Дуж-Душэўскага Марына Расіцкене перажыла ўсяго на 18 гадоў. Заканчэньне вайны не прынесла спакою стваральніку беларускага сьцяга. Ён ідзе працаваць у Ковенскі ўнівэрсытэт, але ў 1946 годзе супраць Клаўдзія зноў заводзяць справу, канфіскуюць падчас вобшуку кандыдацкую працу, а самога арыштоўваюць. Праз год, з прычыны недастатковых доказаў, яго вызваляюць, справу спыняюць, але тым ня менш звальняюць з унівэрсытэту за «ідэалягічную непасьпяховасьць».

Наступныя пяць гадоў Дуж-Душэўскі працуе архітэктарам у праектным бюро. У 1952 годзе яго чарговы раз арыштоўваюць, усё за тую ж «антысавецкую дзейнасьць». Падчас вобшуку канфіскуюць кнігі Дуж-Душэўскага. Сёньня некаторыя зь іх, з пазнакай «изьято во время обыска», можна сустрэць у віленскіх бібліятэках. Кляўдыюша асуджаюць на 25 гадоў турмы. Прысуд ён адбывае ў сумнавядомай турме КДБ у Вільні. Але ў 1955 годзе, моцна хворага, яго вызваляюць па амністыі. Апошнія 4 гады жыцьця ён праводзіць дома ў Коўне.

«Тата лічыў Марыну сваёй сястрой»

Юлюс Душаўскас-Дуж
Юлюс Душаўскас-Дуж

Юлюсу Душаўскасу-Дуж 60 гадоў, ён жыве ў Вільні. Юлюс — адзіны ўнук стваральніка беларускага нацыянальнага сьцяга. Ён былы марак, адплаваў 25 гадоў у Ціхім акіяне і Атлянтыцы. З 1994 году — на «вялікай зямлі». Ягоны бацька Сьцяпан быў адзіным сынам Кляўдыюша і Алены.

Гінтараса і Эдвардаса Расіцкасаў ён называе стрыечнымі братамі, хоць паміж імі няма кроўнага сваяцтва.

«Марына вырасла разам з маім бацькам, і ён лічыў яе сваёй сястрой. Да дзеда яна трапіла празь сябра, адваката. Ён папрасіў прытуліць ягоную дачку, калі яны былі ў турме. Дзед Клаўдзій, дзякуючы нейкім махінацыям, даўшы некаму хабар, забраў гэтую дзяўчынку з гета. Паводле легенды, яе спачатку выдавалі за пакаёўку ў доме дзеда».

За ратаваньне габрэяў Кляўдыюш і Алена Дуж-Душэўскія пасьмяротна атрымалі ўзнагароду ад прэзыдэнта Літвы. Гэта адбылося на просьбу габрэйскай супольнасьці ў Літве.

Сямейны альбом Дуж-Душэўскіх
Сямейны альбом Дуж-Душэўскіх

«Патроху пра дзеда расказвала бабуля, як яна выйшла ў Санкт-Пецярбургу замуж за яго, як пераехалі ў Літву, як прыйшлі саветы — пасадзілі, прыйшлі немцы — і пасадзілі, прыйшлі зноў саветы — зноў пасадзілі. Пасьля сьмерці дзеда бабуля ўжо не выходзіла замуж, жыла ў Вільні. Падчас вайны і пасьля, каб пракарміць сям’ю, яна выкладала гішпанскую, партугальскую, нямецкую мовы. Дажыла да 1990 году і памерла, маючы 92 гады, у нашым доме ў Вільні».

Бацька Юлюса, Сьцяпан, нарадзіўся ў 1931 годзе ў Коўне, але ўсё жыцьцё пражыў у Вільні. Ён быў хімікам, доктарам навук, удзельнічаў у беларускім жыцьці гораду.

Сям'я Дуж-Душэўскіх, 1935 год
Сям'я Дуж-Душэўскіх, 1935 год

«Спачатку ён нічога не расказваў пра дзеда. Упершыню я даведаўся, што мой дзед быў беларускім дзеячом і аўтарам нацыянальнага сьцяга, калі мне было 16 гадоў. Пазьней, калі мне было 20, тата зноў мне пра гэта нагадаў. Але доўгіх размоваў пра гэта не было. У той час усе баяліся „старэйшага брата“, які ўсё ведае, усё чуе і ўсё бачыць.

Калі я бачу сёньня мора бел-чырвона-белых сьцягоў у Беларусі, то цешуся, што наша сям’я нечым паспрыяла руху на карысьць незалежнасьці. Калі чую заявы, што гэта фашысцкі сьцяг, то заўсёды кажу сам сабе: кожны выказваецца па меры сваёй адукацыі. Я падтрымліваю людзей у Беларусі. Усё гэта рана ці позна мусіла скончыцца. Я вельмі спадзяюся, што бел-чырвона-белы сьцяг будзе зноў дзяржаўным у Беларусі».

Сваім прадзедам ганарыцца і Марус Душаўскас-Дуж. Пра тое, што той быў актыўным беларускім дзеячом, ён ведаў даўно. А пра тое, што прадзед стварыў бел-чырвона-белы сьцяг, дазнаўся 6 гадоў таму. Сёлета ён разам з жонкай і сынамі ўдзельнічаў у «Балтыйскім шляху салідарнасьці зь Беларусьсю» пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Марус Душаўскас-Дуж разам з сынамі на «Балтыйскім шляху салідарнасьці зь Беларусьсю»
Марус Душаўскас-Дуж разам з сынамі на «Балтыйскім шляху салідарнасьці зь Беларусьсю»

«Мы падтрымліваем рэвалюцыю ў Беларусі і верым у беларускую свабоду. Людзі маюць права на свабоду і справядлівыя выбары. Мне вельмі балюча бачыць, як сілавыя структуры, прызначаныя абараняць людзей, зьбіваюць, катуюць і забіваюць іх. Таму заявы Лукашэнкі, што бел-чырвона-белы сьцяг — фашысцкі, асабліва закранаюць».

«Наша сям’я будзе заўсёды яму ўдзячная»

Беларускі нацыянальны сьцяг побач зь літоўскім і надпісам па-ангельску «Разам» разьмешчаны і на профілі ў сацсетках унучкі Марыны Расіцкене Крыстыны, якая жыве ў Лёндане. Пра ролю Дуж-Душэўскага ў жыцьці яе бабулі яна ведала і раней, а вось пра тое, што ён яшчэ і стваральнік сьцяга, які яна на пачатку пратэстаў у Беларусі зьмясьціла ў сваім Фэйсбуку, жанчына дазналася ад Радыё Свабода.

«Сапраўды? Я пра гэта ня ведала. Вялікі вам дзякуй. Я моцна кранутая. Я вельмі падтрымліваю беларусаў. Я ведала з расповедаў таты, што Кляўдыюш выратаваў маю бабулю, удачарыўшы яе. Наша сям’я будзе заўсёды ўдзячная яму за гэта. Ён быў вялікім чалавекам».

«Балтыйскі шлях салідарнасьці зь Беларусьсю», жнівень 2020 году
«Балтыйскі шлях салідарнасьці зь Беларусьсю», жнівень 2020 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG