Паводле экспэрта, рэпрэсіі сталі спосабам існаваньня сыстэмы. «Лукашэнка цьвяроза прыйшоў да высновы, што ранейшай электаральнай падтрымкі ў яго ня будзе, а паколькі ўладу ён ня хоча пакідаць ці перадаваць, то застаецца душыць».
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
«Учора гахнула ў Мачулішчах, а заўтра, можа, гахне і ў Драздах»
— У Беларусі адбываюцца масавыя затрыманьні, рэальныя маштабы якіх складана ацаніць, паколькі вялікая частка затрыманых не апублічвае гэтага. З таго, што вядома — пад рэпрэсіі трапілі псыхіятры і псыхолягі, журналісты, усе, каго ўлады палічаць хоць неяк зьвязанымі з дывэрсіяй супраць самалёта ў Мачулішчах. Што можа стаяць за цяперашнімі масавымі затрыманьнямі? Ці толькі загад Лукашэнкі на «жорсткую зачыстку» пасьля пашкоджаньня расейскага самалёта?
— Інцыдэнт у Мачулішчах стаў вялікім стрэсам для сыстэмы. Потым Лукашэнка прызнаваўся, што ён і нецэнзурна лаяўся на людзей у пагонах. Гэта разбурэньне міту пра тое, што сярод ашалелага сьвету Беларусь — гэта такая выспа міру, стабільнасьці, дзе выбухаў няма, па бамбасховішчах ня трэба хавацца. А цяпер пасьля атакі абывацель будзе думаць, што не такая ўжо і выспа стабільнасьці; а што будзе заўтра, калі раптам Лукашэнка і свае войскі на гэтую вайну пашле? Карацей, гэта і ў піяраўскім пляне, і перад Крамлём няёмка.
Думаю, што Лукашэнка і пра сваю ўласную бясьпеку думае. Сёньня ці ўчора гахнула ў Мачулішчах, а заўтра, можа, гахне і ў Драздах. Гэтая сукупнасьць чыньнікаў падштурхнула сыстэму да таго, каб пачаць новы тур рэпрэсій, новую, як Лукашэнка зь нейкім гонарам сказаў, «зачыстку». Але разам з тым я думаю, што ў сёньняшніх умовах рэпрэсіі — гэта спосаб існаваньня рэжыму. Пасьля 2020 году, пасьля шоку, які перажыў Лукашэнка, ён цьвяроза прыйшоў да такой высновы, што ранейшай электаральнай падтрымкі ў яго ня будзе, а паколькі ўладу ён ня хоча пакідаць ці перадаваць, то застаецца душыць. Душыць, і ўсё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 сакавіка: ператрусы ў рэдакцыях недзяржаўных газэт у Слуцку і Вілейцы«Ва ўладаў вялікі досьвед паказваць трыюмфам тое, што насамрэч зьяўляецца іх правалам»
— Я хачу працытаваць пісьменьніцу Сьвятлану Курс, якая напісала ў Фэйсбуку: «„Не сьмяяцца, ня плакаць, не пагарджаць, а разумець“. Вось я і разумею ў меру сваіх здольнасьцяў, што акупацыйная адміністрацыя Беларусі перапужаная нечым з галавы да ног». Калі Сьвятлана мае рацыю, чым перапужаная адміністрацыя?
— Праз атаку дронамі на дарагі расейскі самалёт Лукашэнка накруціў падначаленым хвасты. Яны былі ў вялікай трывозе, што паляцяць галовы, што пазрывае ён зь іх пагоны. Урэшце прад’явілі пад камэры БТ чалавека. Таго ці не таго? Многія сумняваюцца, ці сапраўды гэта аўтар і выканаўца гэтай дывэрсіі, але ва ўладаў, у сілавікоў вялікі досьвед паказваць трыюмфам тое, што насамрэч зьяўляецца іх правалам.
Момант перапуду быў, напэўна, але разам з тым мне цяжка меркаваць, якія тут прапорцыі паміж гэтым перапудам і халодным разьлікам. Сыстэма за больш як два з паловай гады ўцягнулася ў гэтыя рэпрэсіі, і гэта для іх новая нармальнасьць. Яны стараюцца прывучыць грамадзтва да таго, што вось цяпер будзе такая новая беларуская нармальнасьць.
Лукашэнка выдатна разумее, што ня будзе вяртаньня ў сытуацыю да 2020 году, калі можна было трошкі адкручваць гайкі, гуляць з Захадам у лібэралізацыю, за кошт гэтага разгойдваць геапалітычныя арэлі. Цяпер абставіны настолькі яго прыціснулі, што ўжо не да гэтых манэўраў, не да гульняў. Ён і раней, калі згадваць выбарчую кампанію 2010 году, то ён постфактум прызнаваўся, што яго аж ванітавала ад дэмакратыі. А цяпер у яго такая, я думаю, засечка ў сьвядомасьці да канца ягонага кіраваньня, што ніякія гайкі ўжо адкручваць ня трэба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьні псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў у Менску і абласных цэнтрах. Што адбываецца«Назіраем у пэўнай ступені сутаргавыя рухі, але ў прынцыпе, як казаў Гамлет, у гэтым варʼяцтве ёсьць свая сыстэма»
— У Беларусі немагчымыя і не адбываюцца публічныя акцыі пратэсту, але пэўна існуе падпольны, партызанскі рух, маштабы якога мы таксама ня можам ацаніць. Ці не зьвязаныя цяперашнія масавыя затрыманьні з рэальнай падпольнай актыўнасьцю людзей у Беларусі?
— Замежныя цэнтры кшталту ByPol, натуральна, зацікаўленыя рэклямаваць свой плян «Перамога», паказваць, што яны вялікую працу вядуць у Беларусі. Але маштабы мы ня можам ацаніць, і я не перабольшваў бы гэтыя маштабы, таму што мы ж бачым рэальна, якая атмасфэра тэрору, які ўзровень страху. Ці схаваныя па ўсёй Беларусі нейкія дрэмлючыя ячэйкі? Напэўна не. Але ж у самога Лукашэнкі, у кадэбістаў, у саміх сілавікоў кансьпіралягічнае мысьленьне, і яны схільныя гіпэртрафаваць, перабольшваць гэтыя маштабы. Сапраўды, у страху вочы вялікія.
Мы памятаем заявы кіраўніка КДБ, што сотня баявікоў захопіць Маларыту і пераможным маршам пойдзе на Менск. Я думаю, што сотня нават для беларускай арміі — гэта не такая цяжкая задача, каб разабрацца, але там разьдзімаюць. Магчыма, у піяраўскіх мэтах, каб напалохаць абывацеля прывідам грамадзянскай вайны.
Ва ўсякім разе трывога з гэтай нагоды ёсьць. Лукашэнка ўсім людзям у пагонах хоча раздаць пісталеты — і пажарным, і лесьнікам... Незразумелая задума з народным апалчэньнем, калі і хочацца, і колецца, каб болей было на яго баку ўзброеных людзей, але і страшна даваць зброю, а раптам нейкая «пятая калёна» гэтым скарыстаецца. Таму мы назіраем у пэўнай ступені сутаргавыя рухі, але ў прынцыпе, як казаў Гамлет, у гэтым варʼяцтве ёсьць свая сыстэма.
— Калі пачалася вайна, многія папярэднія дзеяньні Лукашэнкі і яго сілавога апарату сталі больш зразумелыя, бо ўсе гэты было падрыхтоўкай да вайны (і зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ ў Беларусі, і нават закрыцьцё арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», бо назіральнікі за птушкамі маглі назіраць і перамяшчэньне самалётаў і іншых абʼектаў). Калі разглядаць цяперашнія рэпрэсіі як падрыхтоўку да нечага вельмі сурʼёзнага, то што гэта можа быць?
— Акрамя таго, што гэта цяпер генэральная лінія, стратэгічная ўстаноўка — душыць і падтрымліваць гэты ўзровень страху, Лукашэнка яшчэ некалькі опцый трымае ў галаве. Адна з опцый — а раптам Пуцін усё ж выкруціць рукі і прымусіць сваім войскам уступіць у вайну. Натуральна, што ў гэтых умовах трэба трымаць насельніцтва яшчэ ў большым страху, бо пойдуць цынкавыя труны ці чорныя поліэтыленавыя пакеты з фронту. І насельніцтва, нават апалітычны слой ці прыхільнікі, калі такія трагічныя падзеі разгорнуцца, могуць быць незадаволеныя, і тады падвысіцца імавернасьць пратэстаў. І таму лепей прэвэнтыўна ўздымаць узровень татальнага страху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што засталося ў Беларусі ад грамадзянскіх правоў? Аналіз Карбалевіча