Расейскі экспарт у студзені 2023 году абваліўся на траціну

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Асноўнай катэгорыяй расейскага экспарту застаюцца энэргетычныя рэсурсы.

У студзені 2023 года расейскі экспарт скараціўся ў гадавым вылічэньні амаль на траціну — на 28,2 працэнта. Гэта вынікае са зьвестак, якія апублікавала 15 сакавіка Федэральная мытная служба Расеі.

Згодна з гэтымі зьвесткамі, за першы месяц года Расея экспартавала тавараў на 32,9 млрд даляраў. Асноўнай катэгорыяй экспарту застаюцца энэргетычныя рэсурсы — на іх прыпадае 65 працэнтаў кошту вывезеных тавараў. У параўнаньні са студзенем 2022 года энэргетычны экспарт з Расеі скараціўся больш як на чвэрць.

На прадукты харчаваньня прыпала 10 працэнтаў аб’ёму экспарту, на каштоўныя і паўкаштоўныя металы, а таксама на чорную металургію — па 4 працэнты. Экспарт чорных металаў, паводле дадзеных ФМС, у студзені таксама скараціўся амаль удвая (на 49,9 працэнта).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі супрацоўнікі Wildberries страйкуюць праз новую сыстэму штрафаў і нявыплату заробкаў. Ці закранула гэта беларускія крамы?

Эўразьвяз увёў супраць Расеі 10 пакетаў санкцыяў

Санкцыі былі ўзгодненыя ва ўгодкі ўварваньня Масквы ва Ўкраіну 24 лютага. У санкцыйны сьпіс унесьлі 121 фізычную і юрыдычную асобу, а таксама значныя новыя абмежаваньні на імпарт/экспарт, забарону расейскіх прапагандысцкіх СМІ. Паведамлялася, што дасягнутыя палітычныя дамоўленасьці з партнэрамі па G7 ў пытаньні імпарту алмазаў з Расейскай Фэдэрацыі. Краіны таксама вызначыліся наконт «далейшых крокаў у дачыненьні да ядзернага сэктара» Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампаніі ЭЗ могуць сьвядома дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі — амбасадар Украіны ў Эўразьвязе

ЗША і краіны G7 далучыліся

24 лютага, у гадавіну пачатку вайны Расеі супраць Украіны, ЗША таксама пашырылі санкцыі супраць Расеі і трэціх краін, якія падтрымліваюць ваенныя дзеяньні РФ. Рашэньне прымалася ўзгоднена з партнэрамі па G7. Агулам пад санкцыі ЗША трапілі 200 фізычных і юрыдычных асобаў.

У сьпісе расейскіх чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША — міністар РФ па разьвіцьці Далёкага Ўсходу і Арктыкі Аляксей Чакункоў, ураджэнец Беларусі. Ён нарадзіўся ў Менску, ягоны бацька Алег Чакункоў быў беларускім дыпляматам, у 1998–2001 гадах займаў пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Віетнаме.

Таксама ў сьпісе апынулася прыватная вайсковая кампанія «Рэдут». Нягледзячы на тое, што яна зарэгістраваная ў Маскве, у Мінфіне ЗША лічаць, што яна мае сувязі зь Беларусьсю (побач з назвай кампаніі ў санкцыйным сьпісе ўказаная ў тым ліку Беларусь).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты знайшлі сакрэтны крамлёўскі дакумэнт аб захопе Малдовы і адкрыцьці другога фронту ў Прыднястроўі

Імпарт у Расею скараціўся нязначна

У той жа час увоз тавараў у Расею скараціўся нязначна. У студзені ў краіну было завезена тавараў на 22,2 млрд даляраў — на 4,8% менш, чым у студзені 2022-га. Самыя буйныя артыкулы імпарту — абсталяваньне для ядзернай энэргетыкі (19 працэнтаў), харчаваньне (14) і вытворчае абсталяваньне (12 працэнтаў).

ФМС не публікуе дадзеных аб імпарце таварных груп «зброя» і «лятальныя апараты». Аднак па розьніцы агульнага кошту імпарту і вядомых катэгорый можна зрабіць выснову, што ў студзені Расея ўвезла зброю і часткі лятальных апаратаў амаль на 120 млн долараў. У 2022 годзе, нягледзячы на вайну супраць Украіны, імпарт гэтых катэгорый перавысіў 3,3 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб рэпрэсаваных беларусах