Сябры Эўрапарлямэнту зьвярнуліся зь лістом да прэзыдэнта УЭФА Аляксандра Чыфэрына. Ліст трапіў у рэдакцыю Свабоды.
Дэпутаты заклікалі прэзыдэнта УЭФА адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыйных гульнях на чэмпіянат Эўропы 2024 году і выключыць беларускую каманду з I групы і матчаў, якія пачнуцца ў найбліжэйшыя тыдні.
Свой заклік яны матывавалі рэпрэсіямі ў Беларусі і саўдзелам уладаў у расейскай вайне супраць Украіны.
«Мы лічым важным, каб УЭФА перагледзеў сваю цяперашнюю пазыцыю ў дачыненьні да Беларускай фэдэрацыі футболу. Зь міжнароднага пункту гледжаньня відавочна, што цяперашнія захады неадэкватныя і не адлюстроўваюць таго, што робяць беларускія ўлады ў дачыненьні да правоў чалавека і іншых каштоўнасьцяў УЭФА».
Аўтары ліста згадваюць, што больш за 40 тысяч жыхароў Беларусі былі затрыманыя або зьняволеныя з 2020 году, сярод іх шмат было футбалістаў, амаль паўтары тысячы чалавек у Беларусі прызнаныя палітвязьнямі. У прыватнасці, 48-гадовы футбольны трэнэр Алег Фамін па сфабрыкаваным абвінавачаньні правёў у беларускай турме 2,5 года.
«Гэтыя нявінна затрыманыя цярпяць катаваньні і зьнявагі, што відавочна парушае іх правы і свабоды. Значная частка беларускага грамадзтва цяпер жыве ў страху, запалоханае тым, што нават нязначныя прыкметы непадтрымкі рэжыму Лукашэнкі могуць прывесьці да страты іх кар’еры або волі. У тым ліку і беларускія спартоўцы. Таму для нас відавочна, што тыя футбалісты, якія яшчэ застаюцца ў беларускай футбольнай зборнай, падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрус у офісе футбольнага клюбу «Шахцёр» у СалігорскуАўтары ліста пішуць, што нядаўна завочна асудзілі лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую на 15 гадоў пазбаўленьня волі, Паўла Латушку таксама завочна пакаралі 18 гадамі пазбаўленьня волі. Раней ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня, і цяпер ён адбывае пакараньне.
Апрача таго, яны згадалі, што ўлады Беларусі таксама актыўна ўдзельнічаюць у расейскай захопніцкай вайне супраць Украіны і вядома аб ракетных ударах і абстрэлах Украіны з тэрыторыі Беларусі.
«Як усе гэтыя факты можна суаднесьці з каштоўнасьцямі УЭФА і матчамі УЭФА, якія павінны быць сымбалем міру і супрацоўніцтва, якія ўвасоблены ў футбольнай сямʼі? Сам факт удзелу зборнай Беларусі ў чэмпіянаце УЭФА пазьней будзе выкарыстаны Лукашэнкам і яго прапагандысцкай камандай, каб даказаць, што яго добра прымаюць у міжнароднай супольнасьці»,— пішуць больш за 100 дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту ў звароце да прэзыдэнта УЭФА Аляксандра Чыфэрына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падчас матчаў звыклае турэмнае жыцьцё нібы спыняецца». Расказваем пра беларускі футбол за кратамі