У Расеі супрацоўнікі Wildberries страйкуюць праз новую сыстэму штрафаў і нявыплату заробкаў. Ці закранула гэта беларускія крамы?

Сымболіка кампаніі Wildberries. Архіўнае фота

На Далёкім Усходзе, у Сібіры, Екацярынбургу, Санкт-Пецярбургу і ў Маскве працаўнікі гандлёвай пляцоўкі Wildberries учынілі страйк.

Дзясяткі пунктаў выдачы ў Расеі зачыненыя. На дзьвярах вывесілі аб’явы пра тое, што пункт не працуе да таго часу, пакуль ня выплацяць заробак.

Супрацоўнікі пратэстуюць з прычыны новай сыстэмы штрафаў гандлёвай пляцоўкі, паводле якой цяпер работнікі пунктаў выдачы Wildberries нясуць калектыўную адказнасьць, калі кліент вярнуў пашкоджаны тавар. Грошы зьбіраюцца ўтрымліваць са штодзённага заробку. У некаторых работнікаў сьпісалі ў лік штрафаў па 100% заробку.

Супрацоўнікі маркетплэйсу расказваюць, што штраф нярэдка аказваецца ў дзясяткі разоў вышэйшым за заробак. Даказаць недатычнасьць да псаваньня тавару немагчыма, удакладняе «Сибирь.Реалии». Аштрафаваныя вымушаны працаваць бясплатна, пакуль не пакрыюць штраф. Загадзя апавяшчаць мэнэджэраў аб будучых зьменах кіраўнікам забаранілі, бо гэта пагражае масавымі нявыхадамі на працу.

Кіраўніцтва Wildberries таксама ўвяло сёньня новыя штрафы — 100 тысяч рублёў для ўладальнікаў пунктаў выдачы заказаў за распаўсюджваньне «недакладнай або той, што падбухторвае да супрацьпраўных дзеяньняў, інфармацыі» і інфармацыі, «якая выказвае непаважлівае і нэгатыўнае стаўленьне» да кампаніі, а таксама 100 тысяч рублёў для пунктаў-страйкоўцаў.

У Маскве ля галоўнага офісу Wildberries сабраліся ўладальнікі сталічных пунктаў выдачы заказаў кампаніі, не задаволеныя ўмовамі працы. У офіс таксама прыйшла паліцыя. Пасьля гэтага прадстаўнікі маркетплейсу пагадзіліся правесьці онлайн-сустрэчу з пратэстоўцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У дарагія крамы мы ходзім проста паглядзець». Дзе цяпер апранаюцца беларусы?

Кліенты, якія не змаглі атрымаць свае пасылкі праз страйк, скардзяцца ў паліцыю і пракуратуру. Генпракуратура Расеі даручыла праверыць паведамленьні аб парушэньні правоў работнікаў Wildberries.

Прадстаўнікі Wildberries страйк супрацоўнікаў пакуль не пракамэнтавалі.

Кампанія Wildberries заснавана ў 2004 годзе і першапачаткова гандлявала жаночым адзеньнем па каталёгах. Цяпер гэта найбуйнейшы прадавец у рунэце. З 2012 году маркетплэйс працуе на рынку СНД. Пазьней кампанія запусьцілася ў Эўропе, ЗША і Ізраілі. Украіна ў 2021 годзе ўвяла супраць Wildberries і яе кіраўніцтва санкцыі за продаж расейскай вайсковай формы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У дарагія крамы мы ходзім проста паглядзець». Дзе цяпер апранаюцца беларусы?

Пра страйк у беларускіх крамах Wildberries не вядома

Папулярная сетка крамаў Wildberries працуе і ў Беларусі як расейская кампанія.

У крамах Wildberries прынятая такая схема працы: за тавар, замоўлены праз інтэрнэт, просяць перадаплату, а калі тавар не пасуе, вяртаюць грошы пакупніку на картку. З 2020 году кампанія працуе ў Беларусі як расейскае, а не беларускае ТАА «Вайлдберриз».

Інфармацыі пра страйк у беларускіх крамах Wildberries няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасьць выдавецтва «Кнігазбор» і ўладальнікаў інтэрнэт-крамы wildberries.by