Расея паведаміла аб падаўжэньні збожжавай ініцыятывы яшчэ на 60 дзён. Ва Ўкраіне ня згодныя

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш і міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў у Адэскім марскім порце у часе пагрузкі ўкраінскага збожжа, 2022

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, сказаў, што «падаўжэньне збожжавай угоды зьяўляецца жэстам добрай волі».

Міністэрства замежных спраў Расеі паведаміла аб падаўжэньні чарнаморскай збожжавай ініцыятывы яшчэ на 60 дзён, а далейшае яе існаваньне зьвязвае з скасаваньнем санкцый на пастаўкі расейскай аграпрадукцыі, і найперш — угнаеньняў.

Як паведаміла агенцтва РБК, Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што «працяг збожжавай угоды зьяўляецца жэстам добрай волі».

«Умовы, якія ўзгадняліся як неад’емная інтэгральная частка ўгоды, выкананыя не былі. Таму, у цэлым, як вы разумееце, пагадненьне ня можа стаяць на адной назе, таму вядома, умовы для працягу такія адносныя, але гэта нешта накшталт жэсту добрай волі», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў.

Раніцай 13 сакавіка Міністэрства замежных спраў Расеі паведаміла, што «не пярэчыць супраць чарговага падаўжэньня „чарнаморскай ініцыятывы“ пасьля 18 сакавіка, але толькі на 60 дзён».

«Наша далейшая пазыцыя будзе вызначацца залежна ад рэальнага, не на словах, а на справе, прагрэсу ў нармалізацыі нашага сельгасэкспарту, уключаючы банкаўскія плацяжы, транспартную лягістыку, страхоўкі, „размарожваньне“ фінансавай дзейнасьці і пастаўкі аміяку па трубаправодзе Тальяці — Адэса», — адзначалася ў паведамленьні расейскага МЗС.

Ва Ўкраіне пакуль не абвяшчалі аб завяршэньні перамоў і дасягненьні канкрэтнага рашэньня. Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў заявіў, што падоўжаньне ініцыятывы на 60 дзён супярэчыць ранейшым дамоўленасьцям, і Ўкраіна чакае рэакцыі ААН і Турэччыны, якія зьяўляюцца гарантамі рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

Міністэрства нацыянальнай абароны Турэччыны паведаміла, што дыялёг аб працягу збожжавай ініцыятывы яшчэ працягваецца. Як паведаміла турэцкая інфармацыйнае агенцтва Anadolu, у рамках чарнаморскай збожжавай ініцыятывы з партоў Украіны экспартавалі 24 мільёны тон аграпрадукцыі.

8 сакавіка Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш у часе свайго візыту ў Кіеў абмеркаваў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім пытаньне аб неабходнасьці працягу збожжавай ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН трэці раз прыехаў ва Ўкраіну ў часе вайны

Дзеяньне збожжавай дамовы, заключанай паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны летась 22 ліпеня, заканчваецца 18 сакавіка.

Раней яе дзеяньне працягвалі на 120 дзён. Апошнім часам Расея ўсё часьцей заяўляе, што лічыць немэтазгодным падаўжаць дамову ва ўмовах санкцый супраць Расеі і абмежаваньняў на пастаўкі мінэральных угнаеньняў. У сярэдзіне лютага з боку Расеі ў Басфоры ўтварылася чарга з больш як 140 сухагрузаў, і большая іх частка там ужо больш за месяц. Кіеў зьвязаў гэта з наўмыснымі дзеяньнямі расейскіх інспэктараў, якія правяраюць сухагрузы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў абвінаваціў Маскву ў перашкодах «зялёнаму калідору» ў Чорным моры для вывазу ўкраінскага збожжа

Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. Летась з прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякаваных чарнаморскіх партах назапасіліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што вадаплавы са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мінаў у акваторыі. ААН папярэджвала пра рызыку голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Турэччыне абвясьцілі аб падаўжэньні «збожжавай ініцыятывы» яшчэ на 3 месяцы. Украіна прапануе для яе порт у Мікалаеве

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.