Беларусь, згодна са зьвесткамі Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня міру (SIPRI), з 2019 году захоўвае 20-е месца ў пераліку краін – экспартэраў вайсковага ўзбраеньня.
Паводле апошняй справаздачы, Беларусь у 2018–2022 гадах скараціла экспарт на 37% у параўнаньні з 2013–2017 гадамі. Асноўныя пастаўкі зброі Беларусь ажыцьцяўляла ў Сэрбію, Віетнам і Ўганду.
Адначасова Беларусь за апошнія пяць гадоў стала найбольшым пакупніком расейскай зброі, хоць увогуле Расея пагоршыла свае пазыцыі на міжнародным рынку зброі — яе экспартныя пастаўкі скараціліся на 31%, а 8 з 10 яе асноўных партнэраў скарацілі закупкі расейскай тэхнікі і зброі.
Згодна са справаздачай, Расея ўтрымлівае 5,8% эўрапейскага рынку ўзбраеньняў, але большасьць гэтых паставак ажыцьцяўлялася менавіта ў Беларусь.
Беларусь увайшла ў сьпіс 40 найбуйнейшых імпартэраў вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня і займае ў ім 36-е месца. Як адзначаецца, у 2018–2022 гадах Беларусь на 55% павялічыла куплю ўзбраеньня за мяжой у параўнаньні з 2013–2017 гадамі. Пры гэтым адзначаецца, што Беларусь апошнія пяць гадоў набывала ўзбраеньне толькі ў Расеі і невялікую частку (0,1%) у Кітаі.
У апошнія два гады (2021 і 2022) Беларусь атрымлівала ўзбраеньне толькі з Расеі. Летась Расея паставіла Беларусі зброю на 225 мільёнаў даляраў, а ў 2021-м — на 69 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблем міру: Эўропа ўзбройваецца, РФ губляе пазыцыі на рынку зброі