Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблем міру: Эўропа ўзбройваецца, РФ губляе пазыцыі на рынку зброі


Нямецкі танк Leopard
Нямецкі танк Leopard

За апошнія пяць гадоў эўрапейскія краіны павялічылі імпарт зброі на 47%, гаворыцца ў штогадовым дакладзе Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).

Пра справаздачу інстытуту расказвае DW.

«Нягледзячы на тое, што пастаўкі зброі ў глябальным маштабе скараціліся, пастаўкі ў Эўропу рэзка ўзрасьлі з прычыны напружанасьці ў адносінах паміж Расеяй і большасьцю іншых эўрапейскіх дзяржаў», — апісвае трэнд старшы навуковы супрацоўнік SIPRI Пітэр Вэзэман.

Паводле SIPRI, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну краіны Эўропы плянуюць нарасьціць імпарт зброі яшчэ мацней. Расея ж на фоне вайны паступова пачынае губляць свае пазыцыі на сусьветным рынку ўзбраеньняў.

РФ губляе пазыцыі на сусьветным рынку ўзбраеньняў

Доўгі час Вашынгтон і Масква дамінавалі на рынку пастаўшчыкоў узбраеньняў, але за апошнія пяць гадоў адрыў ЗША вырас, а Францыя, якая займае трэцяе месца, прыкметна скараціла адставаньне ад Расеі. Экспарт з ЗША вырас на 14%, з Расеі — скараціўся на 31%. РФ цяпер займае 16% рынку супраць 22% пяць гадоў таму.

Францыя за гэты ж пэрыяд нарасьціла продаж зброі, давёўшы сваю долю на рынку з 7,1% да 11%.

Расея скараціла экспарт у 8 з 10 сваіх асноўных краін-пакупнікоў. За апошнія пяць гадоў РФ прадала Індыі — найбуйнейшаму пакупніку расейскай зброі — на 37% менш узбраеньняў, а экспарт у сем іншых краін скараціўся ў сярэднім на 59%. Пры гэтым Расея за апошнія пяць гадоў нарасьціла пастаўкі ў Кітай — на 39%, і ў Эгіпет — на 44%.

З прычыны ўварваньня ва Ўкраіну Расея, імаверна, працягне скарачаць экспарт зброі і зробіць прыярытэтам забесьпячэньне ўласнай арміі, канстатуе аналітыкі. Яшчэ адным фактарам скарачэньня долі Расеі на сусьветным рынку зброі стануць санкцыі і ціск ЗША з саюзьнікамі на трэція краіны, піша SIPRI.

Паводле справаздачы SIPRI, у 2021–2022 гадах Беларусь імпартавала зброю толькі з Расеі: у 2021 годзе — на 69 мільёнаў даляраў, у 2022 годзе — на 225 мільёнаў даляраў.

Аб’ём імпарту зброі ва Ўкраіну — трэці ў сьвеце

У 2022 годзе Ўкраіна выйшла на трэцяе месца ў сьвеце па абʼёме імпарту ўзбраеньняў пасьля Катара і Індыі. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі Кіева сталі ЗША (34%), Польшча (17%) і Нямеччына (11%).

Пры гэтым амэрыканскі экспарт ва Ўкраіну, які рэзка вырас пасьля ўварваньня, усё роўна саступае па абʼёме пастаўкам з ЗША ў Кувэйт, Саудаўскую Арабію, Катар і Японію. Прычына, піша SIPRI, у тым, што гэтым краінам ЗША перадаюць больш перадавое і дарагое ўзбраеньне, у тым ліку баявыя самалёты і сыстэмы СПА. Ва Ўкраіну ж пераважна паступала больш старое ўзбраеньне, у тым ліку са складоў Пэнтагону.

Эўропа ўзбройваецца

Чакаецца, што імпарт зброі ў Эўропе ў найбліжэйшыя гады працягне расьці, як за кошт замоваў, зробленых яшчэ да пачатку вайны, гэтак і ў выніку паскораных працэсаў закупак, уведзеных у сувязі з вайной ва Ўкраіне, прадказвае SIRPI.

Напрыклад, Польшча ў пэрыяд з 2018 па 2021 гады замовіла ў ЗША 32 баявыя самалёты і чатыры сыстэмы СПА, а ўжо ў 2022 годзе, пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, Варшава абвясьціла, што замаўляе ў ЗША 394 танкі, 96 баявых верталётаў і 12 сыстэм СПА, а ў Паўднёвай Карэі — 48 баявых самалётаў, 1000 танкаў, 672 САУ і 288 рэактыўных сыстэм залпавага агню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG