Беларускія манашкі, якія належаць да менскага Сьвята-Елісавецінскага манастыра, ужо некалькі гадоў наведваюць Селангер пад Сундсвалем. Гэтым разам абшчына прадставіла ім месца для продажу ручных вырабаў дзеля збору грошай для «адзінокіх, хворых і сірот».
Але неўзабаве да парафіянаў дайшла інфармацыя, што манашкі насамрэч зьбіралі «дабрачынныя ўнёскі» на вайну Пуціна ва Ўкраіне.
Як заявіў прэс-сакратар Народнага пасольства Беларусі ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман, манастыр і манашкі дзейнічаюць пад «фальшывым сьцягам».
«Частка грошай, магчыма, ідзе бедным дзецям, але гэта дзейнасьць, скіраваная на падрыхтоўку дзяцей да таго, каб стаць рускімі нацыяналістычнымі салдатамі», – сказаў ён Sundsvalls Tidning.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «час зрабіць крок насустрач людзям, якія памыліліся і зьехалі зь Беларусі»Парафіяльная дыяканэса Хэлена Вэстэрлінд кажа, што ў шоку ад гэтай навіны.
– Мы можам толькі папрасіць прабачэньня за тое, што адбылося. Мы катэгарычна ня хочам, каб нас асацыявалі з падтрымкай Расеі, – кажа яна.
Сьвята-Елісавецінскі манастыр знаходзіцца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату РПЦ. Журналіст і экспэрт аналітычнага цэнтру Frivärld Патрык Оксанэн у камэнтары для газэты зазначыў, што паколькі патрыярхат зьяўляецца «актыўным удзельнікам імпэрскага праекту Крамля», калі гаворка ідзе пра заваяваньне Украіны, «адарваць іх ад расейскай дзяржавы немагчыма».
- Кляштар мае шчыльныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. 7 студзеня сёлета ён дзякаваў кляштару за збор дапамогі расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне.
- Летась Свята-Елісавецінскаму манастыру не дазволілі ўдзельнічаць у калядным кірмашы ў брытанскім Уінчэстэры. Арганізатары кірмашу закрылі павільён кляштара пасьля скаргаў мясцовых актывістаў, што ён актыўна падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны. У прыватнасьці, называлася група «Дапамога братам», заснаваньне якой блаславіў протаярэй Андрэй Лемяшонак. Група прапануе вернікам падтрымаць расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне: выслаць ім цёплыя рэчы, пералічыць грошы ці напісаць ліст.