«Нашы сваякі трапілі пад так званую „зачыстку“ на мінулым тыдні. Іх затрымалі наўпрост на працоўным месцы ў адной з арганізацый Гомля. Нам не патлумачылі ані прычын затрыманьня, ані па якім артыкуле і калі будзе суд. У суботу і нядзелю, 11 і 12 сакавіка мы спрабавалі перадаць у ізалятар самае неабходнае — туалетную паперу, сродкі гігіены, ваду. Але дзяжурны ІЧУ адмовіўся прымаць перадачу», — распавялі Свабодзе жыхары Гомля.
Яны ўдакладнілі, што дзяжурны спачатку праверыў прозьвішчы затрыманых, а потым адмовіўся прымаць рэчы.
«Хутчэй за ўсё, такое „правіла“ ўвялі для „палітычных“. Затрыманым за побытавыя правапарушэньні перадачы можна», — дадалі сваякі затрыманых.
З аналягічнай сытуацыяй сутыкнулася і маці вядомага актывіста Ільлі Міронава, які цяпер адбывае 13-сутачны арышт. «Насіла Ільлі перадачу — не прынялі. На мае пытаньні дзяжурны пачаў крычаць, што «ўсе пытаньні да прэзыдэнта!» — напісала Валянціна Міронава на старонцы ў Фэйсбуку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна «жэстачайшая зачыстка». Памнажаючы нянавісьць і страх, Лукашэнка набліжае свой фіналПасьля інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах Аляксандр Лукашэнка абяцаў правесьці «жэстачайшую зачыстку». Па ўсёй краіне прайшлі масавыя затрыманьні.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што органы «актывізавалі працу ў дачыненьні асобаў, датычных да экстрэмісцкіх фармаваньняў і тэрарыстычных арганізацый». У МУС сьцьвярджаюць, толькі за 9 сакавіка былі затрыманыя 60 чалавек.