«Рабіць зь іх галоўны дэструктыўны элемэнт — абсурд»
Мы пагаварылі пра «ПВК «Родан» з хлопцам, які доўгі час быў датычны да супольнасьці культуры відэагульняў, актыўна займаўся інтэрнэт-стрымамі гульняў. На папулярнай пляцоўцы Twitch ён называе сябе faded_dasein.
Суразмоўца сьцьвярджае, што ніякага руху, ідэалёгіі ці фармаваньня за назвай «ПВК Родан» няма. Падлеткаў, на ягоную думку, штучна спрабуюць аб’яднаць у такую супольнасьць. Агульныя прыкметы ў іх — пэўнае адзеньне (цёмнае, з павукамі-мнаганожкамі, нагавіцы ў клетку) і фрызура (карэ, пафарбаваныя валасы), схільнасьць слухаць музыку ў змрочнай аранжыроўцы, захапленьне анімэ і відэагульнямі.
«Гэта вельмі замкнёныя ў сабе людзі, якія большасьць свайго часу праводзяць у інтэрнэце: глядзяць анімэ, гуляюць у «Доту» (відэагульня. — РС), гутараць у чатах тэматычных стрымэраў. Рабіць зь іх галоўны дэструктыўны элемэнт — абсурд. Раней бы іх назвалі готамі ці эма. Калі б цяпер модна было б насіць майкі з надпісам «Король і Шут», мы б мелі «ПВК Король і Шут», — перакананы faded_dasein.
Ён мяркуе, што хтосьці проста выдумаў і распаўсюдзіў палітызаваную гісторыю.
«Прыдумаць і распаўсюдзіць у мэдыя гісторыю пра ПВК анімэ-хлопчыкаў, якія фарбуюць пазногці і сьпяваюць песенькі пра сьмерць, што менавіта яны нейкі дэструктыўны элемэнт — гучыць абсурдна, але так і ёсьць», — сьцьвярджае аматар кам’юініці інтэрнэт-стрымаў.
На ягоную думку, у гандлёвых цэнтрах сілавікі затрымлівалі абсалютна выпадковых падлеткаў, якія і раней масава там зьбіраліся і проста бавілі час, бо гэта зручнае месца для сустрэч.
«У шмат якіх гарадах людзі натоўпамі пачалі вышукваць нейкіх «ПВК Родан». Узровень іхнай ідэалёгіі — «а, ну вось гэтыя фарбуюць валасы, значыць, іх трэба пабіць». Я чытаю гэтыя навіны, і мне сьмешна, як і іншым людзям, хто разумее, пра што гаворка. Людзі, якія ня ведаюць нічога пра «Доту» ці анімэ «Такійскі гуль», уяўляюць сабе нейкіх панкаў або кагосьці, хто падпадае ў іхным разуменьні пад катэгорыю «дэструктыўны», — разважае faded_dasein.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, каб хлопцы састрыглі карэ, бо будуць праблемы». Што адбываецца ў беларускіх школах пасьля скандалу з «ПВК Родан»Чым субкультура дапамагае падлеткам
Псыхіятар Андрэй Пекар паходзіць зь Беларусі, цяпер жыве ў Чэхіі. У адказ на пытаньне, што такое «ПВК Родан» патлумачыў, што яго можна аднесьці да субкультуры ў мадэрністычным сьвеце, у якім можна сабрацца вельмі раптоўна.
«У нас цяпер усё зьмяняецца, і субкультуры, якія былі перад гэтымі, і якія зьяўляюцца зараз. Падлеткі яшчэ, можа, месяц таму ня ведалі пра гэтую субкультуру. Мой 13-гадовы сын захапляецца анімэ. Я ведаю, што сёньня сабрацца разам у адным месцы — гэта справа некалькіх гадзін. Мэдыя могуць зрабіць нас прыхільнікам нечага, а ўжо празь месяц ніхто ня будзе ўспамінаць пра гэта», — мяркуе псыхіятар.
Спэцыяліст тлумачыць, што, калі падлетак далучаецца да нейкай субкультуры — гэта нармальны працэс. Ён выходзіць са сваёй сям’і, каб знайсьці іншыя аўтарытэты.
«Спачатку яны ня могуць знайсьці сябе, бо ўвесь час былі ў сям’і, і гэтыя функцыі самаідэнтыфікацыі выконвала сям’я. Калі яны адыдуць ад сям’і, яны яшчэ ня могуць быць адразу дарослымі і ведаць сябе, мець свой пункт гледжаньня, таму яны шукаюць аўтарытэты. Важна, каб у гэты час дзіця знайшло аўтарытэт у добрым месцы, у добрага чалавека», — кажа псыхіятар.
На ягоную думку, варта аддаваць падлеткаў у розныя гурткі па інтарэсах, у залежнасьці ад схільнасьці дзіцяці, каб той мог выбраць, што яму бліжэй, дзе ён можа сябе рэалізаваць.
«Чалавека, які мае схільнасьці да агрэсіі, не пашлеш граць на гусьлях, і наадварот», — падсумоўвае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: у Гомлі затрымалі 200 чалавек, зь іх 183 — непаўналетнія, іх паставяць на ўлікСубкультура, паводле псыхіятра, — гэта ў пэўным сэнсе супраціў падлеткаў даросламу аўтарытарызму. Прыкладам, калі бацькі кажуць дзецям, што тым рабіць.
«З другога боку, гэта сьмешны супраціў, бо там трэба пэўным чынам пастрыгчы валасы. Ну які тут супраціў? Але падлеткі на гэтым вучацца, сталеюць, гэта для нас можа быць сьмешна, а для іх гэта жыцьцё», — кажа Пекар.
На думку псыхіятра, субкультура можа прывабліваць тым, што яна дае валоданьне «тайнай інфармацыяй». Такі сэнс для падлеткаў можа мець той жа павук на адзеньні.
«Калі падлетак убачыць некага падобнага на вуліцы, гэта дазволіць яму выявіць „свайго“ дзякуючы „тайным ведам“. Калі я скажу проста інфармацыю, дык гэтай інфармацыі тоны. Калі я скажу нешта падлетку на вушка, ён становіцца важным для сябе і для іншых», — тлумачыць ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскага тыктокера, які здымаў відэа пра збор «Родану», асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»Ці «ПВК Родан» небясьпечны?
Па словах Андрэя Пекара, захапленьне «ПВК Родан» можа быць як небясьпечным для беларускіх падлетказ, так і зусім бяскрыўдным.
«Залежыць, куды гэтая субкультура павядзе далей. Зараз мы бачым, што іх жорстка пачалі хапаць, зрабілі з гэтага нешта, што зусім не існуе. Падлеткі могуць зьбірацца ў розных субкультурах: або спакойна, або каб пабіцца. Да прыкладу, адныя футбольныя заўзятары ходзяць і заўзеюць на матчах, а некаторыя фанаты зьбіраюцца, каб пабіцца з прыхільнікамі іншага клюбу», — прыводзіць прыклады Пекар.
Паводле экспэрта, «ПВК Родан» можа быць небясьпечны тым, што некаторыя анімэ падымаюць занадта дарослыя пытаньні, на якія дзіця яшчэ ня можа даць адказу.
«Гэта пытаньне самагубства, пытаньне, чаму мы жывём. Калі дарослы чалавек разважае, навошта мы жывем, ён можа нешта сабе адказаць, бо ў яго ёсьць прафэсія, досьвед. Калі пра гэта думае дзіця, у яго яшчэ няма такога жыцьцёвага досьведу, у яго там пуста, ён ня можа адказаць на такія цяжкія пытаньні. Калі ў яго сям’і і ў жыцьці ня ўсё добра, гэта можа прывесьці да думкі пра самагубства», — мяркуе псыхіятар.
Другая прычына, чаму субкультура можа быць небясьпечнай, — гэты рух можа падхапіць нехта больш аўтарытэтны, дадае экспэрт. І кажа, што такім чынам можна пераўтварыць падлеткавую субкультуру ў дэструктыўны рух.
«Сытуацыя ў Беларусі і Расеі такая, што я ня бачу пазытыўных рухаў. Гэта хутчэй будуць крымінальныя рухі, псэўдапатрыятычныя, псэўдарэлігійныя. Такая няшкодная субкультура можа ператварыцца ў нешта вельмі шкоднае, напрыклад у сэкту. Калі б падлеткі мяне паслухалі, то пасьмяяліся б з гэтага. Але ніхто ня ведае, што будзе з гэтай субкультурай праз год», — кажа Пекар.
Спэцыяліст таксама разважае, што адна і тая ж субкультура можа быць як карыснай, так і шкоднай.
«Мы займаесься лячэньнем анарэксічак. Дзяўчат, якія маюць разлад харчаваньня і вельмі мала ядуць. Яны аб’ядноўваюцца ў групы ўзаемадапамогі. Але ў адным выпадку яны могуць дапамагаць адна адной выйсьці з разладу, а ў іншым — як падмануць лекараў. Як паказаць большую вагу, чым яны маюць папраўдзе, каб іх хутчэй выпісалі са шпіталя», — тлумачыць ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паcьля сходу прыхільнікаў групы «Родан» у Гомлі завялі крымінальную справуЯк перашкодзіць падлетку ўвайсьці ў небясьпечную субкультуру
«Каб субкультура не была шкоднай для дзіцяці, трэба быць добрым бацькам. Пра тое, як быць добрым бацькам, напісана шмат кніг. Адна з самых важных рысаў у добрым бацьку — гэта магчымасьці яму давяраць. Калі зь дзіцем нешта здарыцца небясьпечнае, ён павінен прыйсьці да бацькоў і сказаць пра гэта адкрыта», — разважае Пекар.
Экспэрт тлумачыць, што забараняць падлеткам насіць пэўнае адзеньне або фрызуру — ня выйсьце.
«Калі мы забаронім падлеткам насіць павукоў на адзеньні, яны пачнуць насіць павукоў у такіх месцах, дзе гэтага не відаць, патаемна. Паставяць павука на застаўку ў тэлефоне, на аватарку. Падлеткі вельмі творчыя, крэатыўныя. Калі падлетак хоча быць у нейкай субкультуры, ён знойдзе спосаб, каб іншыя ўдзельнікі гэтай субкультуры яго здалёк бачылі», — кажа спэцыяліст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці затрымалі 52 чалавекі. Міліцыя кажа пра сход суполкі «Родан», паведамляюць пра затрыманьні ў Менску і Воршы