Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч заявіў, што масавы сход у Гомлі быў незаконны. Групу моладзі затрымала міліцыя, з 200 чалавек 183 былі непаўналетнія.
«28 лютага, паддаўшыся заклікам, апублікаваным у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, каля гандлёвага цэнтру «Сакрэт» у Гомлі скаапэравалася група маладых людзей з 200 чалавек ва ўзросьце ад 13 да 21 года, аб’яднаныя агульнымі поглядамі і прыналежнасьцю да субкультур, у тым ліку «ПВК Родан» і, так званым, «каляфутбольным рухам»,— сказаў Сяргей Кабаковіч .
Паводле ягоных слоў, заведзеная крымінальная справа па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Сьледчыя шукаюць арганізатараў сходу.
Раней у Расеі адбылося некалькі масавых боек з удзелам «ПВК Родан» у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Курску, Новасібірску і Казані. Толькі ў Маскве за выходныя затрымалі больш за 350 падлеткаў, якіх лічаць датычнымі да «ПВК Родан». Затрыманьні прайшлі і ва Ўкраіне (Кіеве, Харкаве і іншых гарадах).