Пасьля масавых пратэстаў парлямэнт Грузіі адмовіўся ад разгляду законапраекту аб замежных агентах

Акцыя пратэсту каля парлямэнту Грузіі супраць законапраекту аб «агентах замежнага ўплыву», які яго праціўнікі называюць «расейскім законам». Тбілісі, 8 сакавіка 2023

Законапраект абавязваў усіх юрыдычных і фізычных асоб, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры.

Дэпутаты парлямэнту Грузіі прагаласавалі за выключэньне з разгляду праекту закону аб агентах замежнага ўплыву, пасьля ўхваленьня якога ў першым чытаньні ў Тбілісі пачаліся масавыя акцыі пратэсту.

Як паведаміў Першы тэлеканал Грузіі, дэпутаты парлямэнту адхілілі разгляд праекту закону ў другім чытаньні. Менавіта такая працэдура прадугледжана ў рэглямэнце грузінскага парлямэнту, каб выключыць дакумэнт з разгляду. Праект адпаведнага рашэньня ініцыявала група «Сіла людзей», яго ўключылі ў парадак дня без абмеркаваньня. Разгляд праекту закону ў другім чытаньні падтрымаў толькі адзін дэпутат, 35 выступілі супраць. Усяго на галасаваньне зарэгістраваліся 112 дэпутатаў.

Кіроўная партыя «Грузінская мара», ініцыятар законапраекту, грамадзкі рух «Сіла народу» і парлямэнцкая большасьць 9 сакавіка заявілі аб часовым адкліканьні законапраекту і намеры зладзіць сустрэчы з выбарнікамі, каб тлумачыць ім важнасьць такога закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі вадамётамі разагналі мітынг супраць падобнага да расейскага закону аб «іншаземных агентах». ФОТА, ВІДЭА

Парлямэнт Грузіі 7 сакавіка прыняў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці фінансаваньня вонкавага ўплыву», які таксама называюць «законам аб агентах іншаземнага ўплыву». З 150 дэпутатаў 76 прагаласавалі за прыняцьце закону, 13 — супраць, яшчэ 61 не галасаваў.

Законапраект абавязваў усіх юрыдычных і фізычных асоб, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры. У адваротным выпадку парушальнікам пагражае буйны штраф або турэмнае зьняволеньне тэрмінам на пяць гадоў.

Апазыцыя сьцьвярджала, што закон мае на мэце прыцясьненьне іншадумства і грамадзянскай актыўнасьці, як гэта адбылося ў Расеі. Таксама яны адзначылі, што прыняцьце такога закону зьяўляецца пагрозай для дэмакратыі і будзе перашкаджаць інтэграцыі Грузіі ў Эўропу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Грузіі паведаміла пра вызваленьне ўсіх затрыманых на пратэстах 7-8 сакавіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўнае адрозьненьне ад Беларусі — грузіны жывуць з 1991 году ў свабодзе». Беларусы ў Грузіі пра масавыя пратэсты