Якія пазыцыі бакоў у спрэчцы пра перамовы з уладай паміж Паўлам Латушкам і часткай чальцоў Каардынацыйнай Рады? Якую пазыцыю варта заняць дэмакратычным сілам Беларусі ў пытаньні закрыцьця польска-беларускай мяжы?
Наконт гэтых пытаньняў Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium спрачаюцца чальцы Каардынацыйнай рады — палітычны дарадца Паўла Латушкі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце і «Народным антыкрызісным упраўленьні» («НАУ») Арцём Брухан і палітоляг Андрэй Ягораў.
— На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка прызнаў дывэрсію на аэрадроме ў Мачулішчах супраць расейскага самалёта А-50, абвінаваціў у ёй Украіну і загадаў сілавікам правесьці «жорсткую зачыстку» беларусаў, датычных да гэтай апэрацыі.
Я прапаную разгледзець гэтыя заявы Лукашэнкі ў шырэйшым кантэксьце.
У сваім апошнім слове на судзе над праваабаронцамі «Вясны» кіраўнік гэтага цэнтру, нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі заклікаў да нацыянальнага прымірэньня. Вялікай падтрымкі ў грамадзтве гэты заклік не атрымаў. Але як выглядае пэрспэктыва паразуменьня, прымірэньня ў сьвятле новай хвалі рэпрэсіяў, ініцыяваных Лукашэнкам?
Ягораў: Жаданьне кансэнсусу і мірнага вырашэньня палітычнага крызісу было адным з чыньнікаў беларускай рэвалюцыі 2020 году. Беларускае грамадзтва не шукала сілавога вырашэньня канфлікту, яно шукала дыялёгу. Негвалтоўнасьць была сутнасьцю тых працэсаў. Тое, у чым мы ўдзельнічалі тады, мела маральна-этычны падмурак.
І тое, што кажа Алесь Бяляцкі, мае вялікую гуманістычную і маральную моц, гэта выказваньне духу беларускай нацыі, якая да сёньня змагаецца. Тут ня варта шукаць прагматыкі для сёньняшняга дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падтрымае Бяляцкага, які заклікаў да нацыянальнага прымірэньня? Дыскусія экспэртаў— Ёсьць і іншы погляд. Павал Латушка абвясьціў, што выходзіць са складу Каардынацыйнай Рады. Адной з прычынаў гэтага кроку Латушка назваў узьнікненьне ў новым складзе Рады плыні, якая выступае за паразуменьне, за перамовы з уладамі. А чым кепскае такое паразуменьне?
Брухан: Ніхто ня кажа, што не павінна быць нацыянальнага дыялёгу. За яго выступаюць усе дэмакратычныя сілы. Але ці час для яго цяпер? Калі мы чуем загады Лукашэнкі злавіць кожнага «ворага», калі Гайдукевіч кажа, што ўлада будзе размаўляць толькі з Захадам, а «зьбеглым» застаецца толькі каяцца і паўзьці на каленях — гэта не выглядае як гатоўнасьць таго боку да нацыянальнага дыялёгу.
Той бок толькі эскалюе напружанасьць, канфрантацыю.
Беларускае грамадзтва заўсёды было за дыялёг. Я былы чыноўнік. І я памятаю, што калі ў 2018 годзе адкрывалі помнік Касьцюшку ў Мерачоўшчыне, там луналі побач і чырвона-зялёныя, і бел-чырвона-белыя сьцягі. І ні ў кога гэта тады не выклікала агрэсіі. Іншымі словамі, прымірэньне ў грамадзтве тады было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідзе пасыл пачаць дыялёг з рэжымам». Павал Латушка і Іван Краўцоў аб канфлікце ўнутры Каардынацыйнай радыАле яго зьнішчылі — зьнішчыў рэжым Лукашэнкі сваімі рэпрэсіўнымі органамі.
Вэрсія, што Павал Латушка ці Абʼяднаны пераходны кабінэт выступаюць за жорсткі сілавы сцэнар, у выніку якога ўсе «ябацькі» будуць вісець на слупах, — гэта міты прапаганды.
У 2020 годзе нацыянальны дыялёг і адбыўся — тады ўвесь народ хацеў пераменаў.
— Андрэй, а адкрыйце нам палітычную «кухню» Каардынацыйнай рады. Вось спадар Латушка заявіў, што ў Радзе ёсьць меркаваньне, якога ён абсалютна не падзяляе. Ён лічыць, што яно супярэчыць агульнай стратэгіі палітыкі дэмакратычных сілаў. А хто ўвасабляе гэтае альтэрнатыўнае меркаваньне? Ці ня вы?
Ягораў: Магчыма, Павал Латушка лічыць, што я. Я заўсёды кажу, што мы ня можам адкідаць варыянт перамоваў з рэжымам. Магчыма, сытуацыя будзе вымагаць складаных рашэньняў. І гэта будзе патрабаваць дыялёгу з тымі, хто фактычна кантралюе сытуацыю ў Беларусі. Ёсьць небясьпека для незалежнасьці Беларусі, небясьпека сыходу разам з Расеяй за «жалезную заслону». І калі мы не жадаем гэтага, мы не павінны адмаўляцца ад перамоўнай опцыі. Зразумела, калі яна стане магчымай.
Вядома, гэта залежыць ня толькі ад нас, ад нашага жаданьня: павінны скласьціся пэўныя абставіны. Я думаю, што пытаньне незалежнасьці, пытаньне адмежаваньня ад Расеі ў вайне могуць паўстаць раней за пытаньні дэмакратыі і зьмены палітычнага ладу.
Ёсьць таксама пытаньне палітвязьняў, якое паўстае ў гуманітарным аспэкце. І яно наўрад ці можа быць вырашанае бязь нейкіх перамоваў з рэжымам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч пра вырак Бяляцкаму і вясноўцам: «Такія рэчы расчышчаюць шлях да грамадзянскай вайны»— Арцём, вы сказалі, што ў дэмакратычных сілах ніхто ня супраць перамоваў. Але ёсьць пазыцыя і Кабінэта, і «НАУ», што санкцыі — гэта добра, што чым іх больш, чым яны мацнейшыя — тым лепш. Але, зь іншага боку, чым больш санкцыяў, тым менш у Лукашэнкі, у чыноўнікаў — вашых былых калегаў — будзе жаданьня размаўляць з тымі, хто гэтыя санкцыі падтрымлівае. Як суадносяцца санкцыі і перамовы?
Брухан: Тут размова ня толькі пра санкцыі, але і пра палітыку непрызнаньня — наагул пра ціск звонку. Мэта гэтага ціску — прымусіць Лукашэнку першым зрабіць крок да дыялёгу. Магчыма, першы крок мог бы зрабіць ня ён асабіста. Зараз яго «вэртыкаль» зацэмэнтаваная. Але калі яна адчуе, што сытуацыя ў краіне істотна пагоршылася, то ў яе ўзьнікне спакуса «кінуць» свайго шэфа. Ціск павінен прывесьці да дыялёгу. Ідэя Лукашэнкі — каб дэмакратычныя сілы пакаяліся перад ім і прасілі яго паразмаўляць зь імі. А наш падыход — давесьці сытуацыю да таго стану, калі ці ён, ці яго сыстэма першымі зробяць крок да перамоваў на роўных.
Цяпер рэжым наагул ня лічыць дэмакратычныя сілы бокам перамоваў. Ён хоча размаўляць толькі з Захадам. Тут пытаньне — як зрабіць так, каб мы былі субʼектам гэтых перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта цывілізаваны прымус». Латушка пра тое, як эфэктыўна ціснуць на Лукашэнку— Андрэй, вам пытаньне вашага апанэнта — як зрабіць так, каб дэмакратычныя сілы былі субʼектам гэтых перамоваў? Санкцыямі?
Ягораў: Я думаю, што санкцыі ня зробяць нас субʼектам перамоваў. Наш уплыў на санкцыі вельмі абмежаваны. Самыя суворыя санкцыі ўводзіліся за замахі на міжнародную бясьпеку — гэта ўцягваньне Беларусі ў вайну, гэта міграцыйны крызіс, гэта захоп самалёта.
Нават калі палітвязьні будуць вызваленыя, санкцыі, уведзеныя за датычнасьць да вайны, ня могуць быць проста скасаваныя.
Субʼектнасьць нам можа надаць падтрымка міжнароднай супольнасьці і Ўкраіны. У вызваленьні палітвязьняў, якія трапілі за краты з прычыны антываенных пратэстаў, голас Украіны можа быць важны.
І таксама варта думаць пра пасьляваенную пэрспэктыву. Ці будзе Беларусь разглядацца ў зьвязцы з Расеяй, ці асобна? І хто будзе прадстаўляць Беларусь на перамовах аб пасьляваеннай будучыні — толькі рэжым Лукашэнкі, ці ён і мы?
І тут шмат што будзе залежаць таксама ад пазыцыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Лукашэнку зрабіць, каб Польшча не закрыла мяжу. Тлумачыць экс-прадстаўнік NATO— Яшчэ адна праблема, наконт якой дэмакратычныя сілы мусяць вызначыць свой падыход. Польшча ўжо закрыла памежны пераход Баброўнікі, гэта было зроблена ў адказ на прысуд аднаму зь лідэраў польскай грамады Беларусі Анджэю Пачобуту. Цяпер у Польшчы абмяркоўваецца, ці не закрыць мяжу наагул, цалкам. Якую пазыцыю павінны заняць беларускія дэмакратычныя сілы? Ухваліць гэтыя пляны перакрыць мяжу? Выказваць нязгоду з гэтымі плянамі, даводзіць, чаму гэтага ня варта рабіць? Сказаць: хай палякі вырашаюць, што ім лепш, гэта ня справа беларускіх дэмакратычных сілаў? Якая з трох пазыцыяў слушная?
Брухан: «НАУ» цалкам падтрымлівае ціск на рэжым Лукашэнкі і дзеяньні Польшчы, накіраваныя на перакрыцьцё межаў. Але з заўвагай, што павінна заставацца гуманітарная магчымасьць для беларусаў пакінуць Беларусь. Павінны быць перакрытыя транспартныя шляхі для рэжыму. Але для грамадзян Беларусі межы не павінны быць зачыненыя. Мы разглядаем гэта як частку стратэгіі ціску. Мы знаходзім паразуменьне ва ўрадах Польшчы і Літвы. Гэта дзьве краіны, якія занялі найбольш жорсткую пазыцыю адносна рэжыму Лукашэнкі. Яны ад гэтага рэжыму і найбольш пацярпелі — я маю на ўвазе міграцыйны крызіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік кіраўніка МУС Польшчы: Можам закрыць «акно Беларусі ў сьвет», калі Менск ня зробіць кроку насустрачЯгораў: Слушная палітычная рэакцыя на пляны перакрыць мяжу, якія абмяркоўваюцца ў Польшчы: калі ласка, не рабіце гэтага.
Адрозьненьне майго падыходу і падыходу Арцёма — у тым, што ён лічыць галоўным актарам пераменаў у Беларусі рэжым Лукашэнкі. Паводле яго, Лукашэнка мусіць зрабіць першы крок, Лукашэнка мусіць паддацца ціску, ён мусіць пайсьці на перамовы. Усё канцэнтруецца на ім і яго рэжыме.
Я ж лічу, што галоўны актар зьменаў — беларускае грамадзтва, беларуская грамадзянская супольнасьць. Таму ня трэба рабіць таго, што падрывае сілу гэтага грамадзтва і эканамічныя падмуркі яго жыцьця. Калі будзе перакрытая мяжа — яна будзе перакрытая для соцень студэнтаў, для тысячаў прафэсіяналаў, якія кантактуюць з Эўразьвязам, для шматлікіх беларускіх прыватных прадпрыемстваў, якія маюць сувязі з Захадам і якія даюць працу па-за межамі дзяржаўнага сэктару дзясяткам тысяч беларусаў.
Як паказваюць дасьледаваньні, асноўная частка беларускай міграцыі — гэта эканамічная, а не палітычная міграцыя. І захаваньне гэтай магчымасьці — гэта ўмацаваньне беларускага грамадзтва. І менавіта яно можа прывесьці да пераменаў. А не Лукашэнка.