«Бяляцкі — адзіны на сёньня нобэлеўскі ляўрэат за кратамі»
Сьвятлана Алексіевіч згадала, як некалькі год таму Лукашэнка заявіў сваім чыноўнікам, што бываюць часы, калі не да законаў.
«Вось мы бачым сапраўды, што законы не існуюць. Бяляцкі — гэта, мабыць, адзіны на сёньняшні дзень у сьвеце нобэлеўскі ляўрэат, які знаходзіцца за кратамі і атрымаў такі вырак і такі штраф, — заявіла Сьвятлана Алексіевіч. — Я мяркую, што ўсе павінны разумець, што такія рэчы расчышчаюць шлях да грамадзянскай вайны. Такое беззаконьне, такая адсутнасьць усякага закону, усякіх правіл жыцьця і грамадзтва. Гэта шлях да грамадзянскай вайны, і вось гэта самае жахлівае»
Сьвятлана Алексіевіч мяркуе, што ўзровень інтэлектуальнай культуры ў Беларусі моцна упаў, ён робіцца ўсё ніжэйшы і ніжэйшы.
«Я б не хацела, каб у маёй Беларусі была грамадзянская вайна»
Сьвятлана Алексіевіч згадала выказваньне Алеся Бяляцкага, які ў апошнім слове на судзе сказаў, што беларуская нацыя ў небясьпецы, і ўпершыню загаварыў пра нацыянальнае прымірэньне.
«Я думаю, гэта вельмі разумныя словы, можа, яны сказаны заўчасна і сказаны за кратамі і ня маюць такой моцы. Але я думаю, што гэта словы, да якіх мы яшчэ вернемся.
Думаю, што многія задумаліся над гэтымі словамі Бяляцкага, але іх складана сёньня вымавіць. Іх сёньня мала хто чуе, але ўсё ж знаходзяцца людзі, якія іх чуюць. Проста няма іншага выйсьця, інакш, зноў паўтару — грамадзянская вайна.
Гэта самае страшнае. Я б не хацела, каб у маёй Беларусі была грамадзянская вайна, і думаю, што ніхто з нас гэтага б не хацеў. Нават улада, таму што тады пад пытаньнем будзе сама ўлада. Але ў азарце барацьбы мала ў каго ёсьць такі спакой духу, які праявіў Бяляцкі, кажучы гэтыя словы ў клетцы».
Паводле Алексіевіч, улада ў Беларусі баіцца народу, баіцца ўваходзіць у вайну, якую разьвязала Расея супраць Украіны, Лукашэнка праяўляе асьцярожнасьць, у першую чаргу праз уласныя інтарэсы, а не праз інтарэсы народу.
«Побач ідзе вайна. Мы ўдзельнічаем у гэтай вайне»
Алексіевіч паўтарыла тэзіс беларускай апазыцыі, што Беларусь цяпер фактычна акупаваная Расеяй, яе ўцягнулі ў гэтую вайну.
«Мы ўдзельнічаем у гэтай вайне. Канечне, градус гвалту вельмі завышаны. Градус гвалту, агрэсія супраць адзін аднаго. Народ падзелены, і навідавоку агрэсія адной часткі грамадзтва да другой — хто за Лукашэнку, хто супраць Лукашэнкі. Гэта вельмі кепскі час зараз, і я б хацела сказаць, што такі неймаверны прысуд — гэта дрэнны знак. Гэта дрэнны знак таго, што мы ўсё бліжэй падыходзім да грамадзянскай вайны.
«Мы ўцягваемся ў гэтую яму»
Паводле Алексіевіч, сьвет доўга будзе вельмі ўражаны пасьля таго, што адбылося ва Ўкраіне, і згадала пры гэтым адказнасьць Лукашэнкі, які ўтрымлівае ўладу ў Беларусі:
«Я паўтару тое, што я ўвесь час казала: ён воляй лёсу аказаўся кіраўніком народу ў гэты час. Легітымны, нелегітымны — ужо адкінем гэтыя пытаньні — не пра гэта зараз гаворка. Гаворка пра тое, што менавіта ён будзе сёньня несьці самую вялікую адказнасьць за тое, калі ў краіне пачнецца грамадзянская вайна. Я думаю, што ён дастаткова рацыянальны палітык і павінен гэтага баяцца, як баімся ўсе мы. Але мы ўцягваемся ў гэтую яму».
3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны». Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:
- Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
- Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
- Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
- Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.
Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.