Мэта ціску — вызваленьне палітвязьняў, пакараньне вінаватых у гвалце і новыя дэмакратычныя выбары. Як дэмакратычныя сілы хочуць гэтага дамагацца?
Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium разважае прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў пытаньнях транзыту ўлады і кіраўнік «НАУ» Павал Латушка.
Згодна з прынятай стратэгіяй, асноўнымі напрамкамі эканамічнага націску прызнаныя:
- пазбаўленьне рэжыму Лукашэнкі крыніц валютных і крэдытных рэсурсаў;
- блякаваньне магчымасьцяў абыходу санкцый як рэжымам Лукашэнкі, так і Расеяй, каб не дапусьціць незаконнага ўзбагачэньня рэжыму за кошт грамадзян і спыніць кантрабандны канал дапамогі расейскай вайсковай прамысловасьці;
- замарожваньне дзяржаўных актываў, каб пазьбегнуць магчымасьці іх крадзяжу ў мэтах працягу тупіковай эканамічнай палітыкі і далейшай здачы эканамічнага сувэрэнітэту;
- пазбаўленьне прыбытку «кашалькоў» рэжыму і іншых асоб, якія атрымліваюць незаконнае ўзбагачэньне за кошт ціску канкурэнцыі на рынку, што прыводзіць да дадатковага зьбядненьня насельніцтва;
- удасканаленьне санкцыйных мэханізмаў з мэтай максымальнага павышэньня іх эфэктыўнасьці і скарачэньня часу ад іх прыняцьця да наступленьня эфэкту ад іх дзеяньня.
Таксама пастанова прадугледжвае стварэньне пастаяннай працоўнай групы па эканамічным ціску на рэжым Лукашэнкі (Камітэту па санкцыях). У групу ўвойдуць прадстаўнікі АПК, дыяспар, актывістаў і іншых экспэртных арганізацый па дадзенай праблематыцы.